Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

1 марта

Дэпутаты падтрымалі прапанову

У мінулую пятніцу, 26 лютага, дэпутаты раённага Савета дэпутатаў ХХУІІ склікання на дваццатай сесіі падтрымалі прапанову аб аднясенні гарадскога пасёлка Бялынічы да катэгорыі гарадоў раённага падпарадкавання з захаваннем за ім ранейшага наймення.

У парадак дня правядзення сесіі былі ўнесены два пытанні: “Аб унясенні прапановы ў Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў” і “Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку продажу заселеных жылых памяшканняў сельскагаспадарчых арганізацый, што знаходзяцца ва ўласнасці Бялыніцкага раёна, грамадзянам, якія у іх пражываюць”.
Сесія пад кіраўніцтвам старшыні райсавета дэпутатаў Аляксандра АСІПЁНКА зацвердзіла прапанаваны парадак дня, і дэпутаты прыступілі да абмеркавання вынесеных на разгляд пытанняў.
Даклад па першым пытанні зрабіла начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Ала ГАПЕЕВА. Выступоўца назвала асноўныя сацыяльна-эканамічныя, дэмаграфічныя і іншыя характарыстыкі нашага гарадскога пасёлка. Бялынічы размешчаны на плошчы ў 1028 гектараў. Сярэдняспіскавая колькасць насельніцтва ў 2015 годзе склала 10400 чалавек. У райцэнтры намеціліся станоўчыя тэндэнцыі развіцця дэмаграфічных працэсаў, якія праяўляюцца ў павелічэнні нараджальнасці і працягласці жыцця.
Важнейшай умовай дасягнення стабільнасці эканамічнага і сацыяльнага становішча, - інфармуе дэпутатаў Ала Гапеева, - з’яўляецца забеспячэнне занятасці насельніцтва, захаванне і накапленне працоўнага патэнцыялу, скарачэнне беспрацоўя, узровень якога ў райцэнтры штогод утрымліваецца ў сацыяльна дапушчальных межах: не больш за 1 працэнт. У Бялынічах ён складае 0,7 працэнта.
У сферы занятасці для бялынічан кожны год ствараецца не менш за 160 новых рабочых месцаў, неабходнымі кадрамі забяспечваюцца прамысловыя, будаўнічыя, гандлёвыя прадпрыемствы, установы адукацыі, культуры, аховы здароўя, аказваецца садзейнічанне беспрацоўным па перасяленні і працаўладкаванні, іх прафесійным перанавучанні.
Дакладчык нагадала, што прамысловасць гарадскога пасёлка прадстаўлена 3 прадпрыемствамі: ААТ “Бялыніцкі пратэінавы завод” і “Бытпаслугі г.п. Бялынічы”, БУКП “Жылкамгас”. У райцэнтры таксама размешчаны цэх па вытворчасці сыроў ААТ “Бабуліна крынка” – упраўляючая кампанія холдынгу “Магілёўская малочная кампанія “Бабуліна крынка”.
Прамысловая палітыка і ў далейшым будзе ажыццяўляцца на аснове мадэрнізацыі, удасканалення тэхналагічнай структуры вытворчасці і павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі.
У будаўнічы комплекс райцэнтра ўваходзяць 4 прадпрыемствы: ПМК № 214, ААТ “ПМК № 82 Вадбуд”, філіял КУП па праектаванні, рамонце і будаўніцтве дарог “Магілёўаблдарбуд” – ДРБУ № 170 і ДЭУ № 74 РУП аўтамабільных дарог ДЭУ № 74.
У г.п. Бялынічы паспяхова рэалізуецца адзін з прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця – будаўніцтва жылля. Напрыклад, увод у эксплуатацыю жылых плошчаў за кошт усіх крыніц фінансавання цягам 2011 – 2015 гадоў склаў 35,3 тысячы метраў квадратных.
Гандлёвае абслугоўванне жыхароў райцэнтра ажыццяўляюць 114 адпаведных аб’ектаў райста, якое займае найбольшую ўдзельную вагу ў агульным таваразвароце гарадскога пасёлка, і індывідуальных прадпрымальнікаў. Агульная гандлёвая плошча складае 7,4 тысячы метраў квадратных. Сетка грамадскага харчавання прадстаўлена 14 установамі на 907 пасадачных месцаў.
Бытавым абслугоўваннем бялынічан забяспечваюць ААТ “Бытпаслугі г.п. Бялынічы”, райста, 4 арганізацыі і 13 індывідуальных прадпрымальнікаў. Шырокі спектр транспартных паслуг як юрыдычным, так і фізічным асобам аказвае філіял “Аўтамабільны парк № 7”. Для задавальнення культурных, фізкультурна-спартыўных запатрабаванняў насельніцтва райцэнтра ў Бялынічах існуе разгорнутая сетка адпаведных устаноў.
Па стане на 1 студзеня бягучага года недзяржаўны сектар эканомікі гарадскога пасёлка прадстаўлялі 34 прыватныя прадпрыемствы і 163 індывідуальныя прадпрымальнікі, якія аказваюць шырокі спектр паслуг, вырабляюць самыя разнастайныя тавары.
-Дасягнутыя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця гарадскога пасёлка Бялынічы, створаныя аптымальныя ўмовы для жыццядзейнасці яго насельніцтва і перспектывы далейшага развіцця паселішча, - канстатуе Ала Гапеева, - даюць падставы для аднясення гарадскога пасёлка Бялынічы да катэгорыі горада раённага падпарадкавання.
Нагадаем таксама, што для высвятлення меркавання бялынічан адносна надання новага статуса Бялынічам было праведзена шырокае абмеркаванне гэтай прапановы на сайце райвыканкама, інтэрнэт-рэсурсах раённай газеты “Зара над Друццю”, шляхам падачы пісьмовых зваротаў. У інтэрактыўным апытанні прынялі ўдзел 232 чалавекі, большасць якіх (189 чалавек, ці 80,6 працэнта) падтрымалі дадзеную ініцыятыву. Таксама на электронную пошту райвыканкама паступілі два матэрыялы, аўтары якіх выступілі за аднясенне Бялынічаў да горада раённага падпарадкавання.
У ходзе абмеркавання прапановы аб аднясенні нашага гарадскога пасёлка да катэгорыі гарадоў раённага падпарадкавання перад дэпутатамі выступілі прадстаўнікі падатковай, землеўпарадкавальнай, газазабяспечвальнай, банкаўскай і шэрагу іншых службаў, якія патлумачылі, што для жыхароў райцэнтра  змена статуса Бялынічаў не пацягне матэрыяльных выдаткаў. А фінансавыя затраты, звязаныя з вырабам штампаў, пячатак і ўнясеннем змен у статутныя дакументы арганізацый, нязначныя.
На падставе артыкула 14 Закон Рэспублікі Беларусь ад 5 мая 1998 года “Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаванні Рэспублікі Беларусь” у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 7 студзеня 2012 года і з улікам меркавання грамадзян раённы Савет дэпутатаў шляхам адкрытага галасавання, пры адным голасе “супраць” і адным “устрымаўся”, рашыў унесці ў Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў прапанову аб аднясенні нашага гарадскога пасёлка Бялынічы да катэгорыі гарадоў раённага падпарадкавання з захаваннем за ім ранейшага наймення.

Міхась КАРПЕЧАНКА.­

Поделиться: