Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

25 июля

Дэсант студэнтаў-медыкаў “высадзіўся” ў цэнтральнай раённай бальніцы

Маладыя практыканты, пераважна, трэці курс, прымяняюць свае тэарэтычныя веды і вучацца ў прафесіяналаў лекарскай справы.
Калі паўстала пытанне, куды ехаць на практыку, будучыя ўрачы доўга не думалі і накіраваліся да дому, у Бялынічы.
— У ЦРБ створаны ўсе ўмовы, каб падмацоўваць тэорыю практыкай: утульныя функцыянальныя кабінеты з новым абсталяваннем, высокакваліфікаваны персанал, — гаворыць студэнтка 3 курса БДМУ Марыя ХАЛЕЦКАЯ. — У такіх гарадах, як Мінск, Віцебск, Магілёў, даволі шмат практыкантаў, дый сам штат у бальніцах вялікі, таму не кожнаму студэнту хапае працы. А тут мы ўсе пастаянна пры справе.
За дзеяннямі маладых медыкаў пільна назіраюць прафесіяналы. Яны актыўна дзеляцца вопытам, бо разумеюць, што праз некалькі гадоў менавіта гэтыя дзяўчаты і хлопцы прыйдуць зноў у ЦРБ ужо ў якасці паўнавартасных калег і будуць поруч з імі ратаваць жыцці.
— Нас падтрымліваюць, накіроўваюць, паказваюць на недахопы, хваляць за поспехі, — адзначае трэцякурсніца БДМУ Караліна БОЎДЗІЛАВА. — Лічу, што пачынаючым урачам вельмі важна такая дапамога. Дзякуючы ёй мы і набываем неабходную ўпэўненасць у сваіх сілах.
Каманда з васьмі чалавек стажыруецца ў розных аддзяленнях. Вось Івана ПАЦЮПІНА, які вучыцца на трэцім курсе ВДМУ, можна знайсці ў тэрапіі.
— Раблю ўнутрывенныя ін’екцыі, прышчэпкі, перавязкі, — кажа малады чалавек. — Усе медыцынскія напрамкі цікавыя, але ж мне бліжэй хірургія.
Таксама ў Віцебскім універсітэце ўжо чацвёрты год вывучае стаматалогію Ірына ІГНАТОВІЧ. Яна ўпэўнена, што лекары павінны быць добрымі псіхолагамі і знаходзіць падыход да кожнага пацыента.
— Амаль усе людзі баяцца стаматолагаў, нервуюцца ў крэсле, — разважае Ірына. — Часам трэба знайсці такія словы, каб чалавек расслабіўся, цалкам табе даверыўся.
І для трэцякурсніцы ГДМУ Аксаны ЯРОМІНАЙ адносіны з боку хворых маюць прынцыповае значэнне.
— Хтосьці спакойна рэагуе на тое, што рабіць яму ін’екцыю або перавязку будзе практыкант. Нават кажуць: “Вось на нас трэніруйцеся, набывайце неабходны вопыт”, — адзначае Аксана. — А хтосьці — катэгарычна адмаўляецца…
Для студэнткі 5 курса ГДМУ Ірыны ЖУКАВАЙ гэта не першая практыка, таму арыентуецца яна добра. Дзяўчыне даводзілася і вучобу з працай на “Хуткай дапамозе” сумяшчаць.
— Мне падабаецца стажыравацца ў хірургічным аддзяленні, — прызнаецца Ірына. — Аднак хачу звязаць сваё жыццё з гінекалогіяй. Разумею, што для здзяйснення маёй мары трэба прыкласці максімум намаганняў, бо гэты напрамак адзін з самых адказных.
Перад вачыма Вольгі ЦАБРОВАЙ, якая вучыцца на трэцім курсе БДМУ, выдатны прыклад медыцынскага работніка — старшая медсястра паліклінікі Любоў ПАШКОЎСКАЯ.
— На выбар прафесіі вялікі ўплыў аказала мая цётка, — расказвае будучы ўрач. — Яе цікаўнасць да лекарскай справы перадалася і мне. На практыцы ў працэдурным кабінеце часта ўспамінаю, як Любоў Фёдараўна робіць ін’екцыі.
А ў трэцякурсніцы з Віцебскага ўніверсітэта Алены ГАЛАНДАВАЙ бабуля Таццяна АЎЧЫННІКАВА была фельчарам Лебядзянкаўскага ФАПа. Па прызнанні дзяўчыны, Таццяна Давыдаўна доўга адгаворвала яе не паступаць у медыцынскую ВНУ.
— Яна казала, што гэта вельмі адказная і цяжкая справа, — успамінае Алена. — Ад тваіх дзеянняў і рашэнняў залежыць жыццё чалавека. Тут кожная памылка абыходзіцца дорага.

 

Вольга ГОЛЬЦАВА.
Фота аўтара.

КАМЕНТАРЫЙ
Віктар БУБЕНКА, загадчык паліклінікі:
— На студэнтаў медыцынскіх навучальных устаноў кладзецца велізарная адказнасць. Пачынаючы з першага дня вучобы яны атрымліваюць каласальны аб’ём інфармацыі, які неабходна поўнасцю засвоіць, каб у любыя моманты быць гатовым да ўсяго. Увогуле, чалавечы арганізм – гэта самая складаная сістэма ў прыродзе, і медыкі павінны дасканала ведаць кожную яго клетачку. Кіраўніцтва і персанал бальніцы актыўна перадае маладым свой вопыт, які напрацоўваецца гадамі, падтрымлівае, падштурхоўвае да самарэалізацыі. Нават калі маладыя людзі атрымаюць дыплом і вернуцца да нас на працу, яны будуць працягваць самаўдасканальвацца — медыкі вучацца ўсё жыццё. ­
Поделиться: