Пятница, 29 марта 2024 года
Russian Belarusian English
Главная - Новости - Новости региона - Неабыякавыя да праблем глыбінкі
26 августа

Неабыякавыя да праблем глыбінкі

Сацыяльна-інфармацыйная акцыя “Цягнік клопату”, накіраваная на канструктыўны дыялог прадстаўнікоў улады з жыхарамі аддаленых населеных пунктаў Бялыніччыны, працягваецца. Днямі яе арганізатары разам з намеснікам старшыні райвыканкама Андрэем ГАНЧУКОМ завіталі ў вёскі Студзёнкі, Краснае і Прыхабы.
 Першым прыпынкам стала вёска Студзёнкі. У размовах людзі адзначалі, што асаблівых праблем у іх няма, а калі спатрэбіцца, то можна да старасты звярнуцца ці ў сельвыканкам.
— Вёскі выміраюць — вось самая галоўная праблема, — з жалем у голасе гаворыць пенсіянерка Тамара КОНАНАВА. – Маладыя шукаюць шчасця ў вялікіх гарадах, тут не застаюцца. Толькі летам у нас кіпіць жыццё, бо на канікулы прыязджаюць дзеці, унукі, праўнукі…
Прадавец студзёнкаўскага магазіна райста Таццяна КАНАКОРАВА васямнаццаць гадоў абслугоўвае мясцовых пакупнікоў.
 — Ведаю ўсіх вяскоўцаў і магу дакладна сказаць, хто што звычайна набывае, — кажа Таццяна Міхайлаўна. – Многія дзеляцца са мной сваімі надзённымі праблемамі і клопатамі.
— Вядома, прадавец вясковага магазіна павінен цікавіцца ў кожнага пакупніка, што ён хоча бачыць на паліцах гандлёвай кропкі, — далучаецца да размовы начальнік Вішоўска-Галоўчынскага РГА Ірына КАРАСЬ. – Вось у асартыменце тавараў маецца малако толькі 3,8% тлустасці. Мы можам прывезці сюды і іншыя гатункі з 1,5%, 2,5%… Аднак навошта, калі вяскоўцам патрэбна толькі гэтае малако? Спецыялісты райспажыўтаварыства фарміруюць асартымент магазінаў, абапіраючыся на пажаданні пакупнікоў, практычна кожны дзень выязджаюць на раён і аналізуюць попыт.
На працу пошты студзёнкаўцы таксама не скардзяцца — паштальён Анатоль ВАРАБ’ЁЎ вось ужо дзесяць гадоў спраўна дастаўляе карэспандэнцыю і газеты.
— Вы і самі ведаеце, як Анатоль Міхайлавіч працуе, — звяртаецца да карэспандэнта намеснік начальніка РВПС Аксана НІЗАЎЦОВА. – Не так даўно на старонках “Зары над Друццю” пра руплівага паштальёна быў надрукаваны артыкул.
У вёсцы Краснае на сустрэчу з экіпажам “Цягніка клопату” людзей сабралася не так шмат, аднак, як высветлілася, іх хвалявала істотная праблема.
— Ніяк не можам урэгуляваць сітуацыю з кіраўніцтвам ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, — пачынае гутарку Кацярына МАСЛЯНКОВА. – Калі таварыства набірае бочку вады для сельгаспатрэб, па ўсёй вёсцы малы напор яе, а то і зусім адсутнічае…
— А бочка ж тая – дзіравая! Вада на дарогу выліваецца! – у адзін голас абураюцца аднавяскоўцы.
— Пасля таго, як мы напісалі калектыўны зварот, сітуацыя часова палепшылася, — працягвае Кацярына. – Цяжка без вады: ні гарод паліць, ні самому смагу прагнаць.
Удзельнікі акцыі дакладна азнаёміліся з дэталямі справы, каб як мага хутчэй вырашыць гэту праблему. Удакладнілі, ці своечасова ўносяць аплату за ваду жыхары і ў каго з іх ёсць прыборы індывідуальнага ўліку.
Таксама хвалююць вяскоўцаў закінутыя дамы. Старшыня Лебядзянкаўскага сельвыканкама Леанід КОРШУНАЎ патлумачыў, што гэтае пытанне знаходзіцца ў яго на асобым кантролі.
— У апошні час выдаём менш прадпісанняў, — адзначае Леанід Дзмітрыевіч. – Грамадзяне зацікаўлены ў тым, каб іх сядзіба і тэрыторыя каля яе знаходзіліся ў належным санітарным стане. Аднак ёсць нядбайныя гаспадары: з пачатку года складзены 13 пратаколаў.
Пра бестурботнасць некаторых домаўладальнікаў распавёў інспектар пажарнага нагляду і прафілактыкі РАНС Аляксандр ЯНКОЎСКІ. Ён парэкамендаваў вяскоўцам старанна падрыхтаваць печы і грубкі да ацяпляльнага сезона, нагадаў пра элементы сілкавання ў аўтаномных пажарных апавяшчальніках.
Зараз у населеным пункце зарэгістраваны 73 чалавекі – не сказаць, што вёска вымірае. Але ж з іх усяго 3 школьнікі.
— Калісьці такая вёска вялікая была, — разважае старэйшая жыхарка Краснага Ганна ВАРАБ’ЁВА. – Столькі падворкаў! Адной вялікай грамадой жылі, працавалі, святы адзначалі.
Амаль такая ж сітуацыя на чарговым прыпынку, у Прыхабах — 4 вучні на 47 вяскоўцаў. І праблема з вадой іх таксама турбуе.
— Вада ёсць, а піць яе нельга. Брудная, рудая, — скардзяцца яны.
Падчас размовы з арганізатарамі “Цягніка клопату” былі агучаны і праблемы мясцовых малаказдатчыкаў.
— Машына не даязджае да дамоў, трэба далёка несці бітоны, — гаворыць стараста Прыхабаў Марыя ІНУЧЭНКА. – Даволі рэдка бяруць малако на аналіз.
— А за здадзенае не даюць ні збожжа, ні сена, — дадае Вольга ІВАНОВА.
Жыхарам параілі ўважліва чытаць дагаворы з гаспадаркамі. “Сачыце за кожным пунктам, бо гэта ж вашы грошы!”
Акрамя прадстаўнікоў раённых сацыяльна значымых служб вяскоўцы чакалі самадзейных артыстаў Свяцілавіцкага дома культуры, якія далі для іх цудоўны канцэрт.
Вольга ГОЛЬЦАВА.
Фота Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.

Поделиться:

Афиша и объявления

25 марта
29 марта 2024 г. в 15.00 на первом этаже в зале заседания государственного учреждения «Белыничский районный центр по обеспечению деятельности бюджетных...
18 марта
27 марта 2024 г. с 11.00 до 13.00 в кабинете № 6 Белыничского райисполкома (г.Белыничи, ул.Советская, 29) личный прием граждан и юридических лиц проведет...
18 марта
21 марта 2024 года на территории Могилевской области (в том числе Белыничского района) будет проводиться проверка системы оповещения. Возможны включения...
© 2007 Белыничский районный исполнительный комитет
213051, г. Белыничи, ул. Советская, 29
+375 (2232) 78-7-22, +375 (2232) 78-7-22 (факс)
rik@belynichi.gov.by
  Дизайн и разработка -
«Реактивные технологии»
AskerWEBТехническая поддержка сайта. ООО "AskerWeb"
Телефон «горячей линии» Белыничского исполкома

+375 (02232) 78-741

Понедельник – пятница с 8.00 до 17.00

Перерыв с 13.00 до 14.00

Режим работы Белыничского исполкома

213051 г. Белыничы, ул. Советская, 29

Понедельник – пятница с 8.00 до 17.00

Перерыв с 13.00 до 14.00