Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

7 февраля

Сакрэт стопрацэнтнага “экстра”

Кожны чалавек імкнецца адшукаць сваё месца ў жыцці. Многім для гэтага трэба перабірацца ў іншыя гарады, краіны. А вось аператару машыннага даення МТФ у вёсцы Голубаўка СВК “Калгас “Радзіма” Людміле БРЫЛЁВАЙ пашчасціла – яна знайшла справу па душы ў родным краі.

Восенню споўніцца роўна дзесяць гадоў, як Людміла Сяргееўна ўладкавалася на працу ў гаспадарку. Прадавец па адукацыі, яна ні кропелькі не шкадуе аб тым, што звязала сваё жыццё з жывёлагадоўляй.

— Калі прапанавалі працаваць у СВК “Калгас “Радзіма”, доўга не раздумвала, — прызнаецца Людміла Брылёва. – Развітая вытворчасць, камфортныя ўмовы працы, стабільны дастойны заробак. Праўленне кааператыва робіць усё магчымае, каб кожны з нас рэалізаваўся як прафесіянал. Вядома, магла б застацца ў гандлі, працягваць навучанне, аднак ці было б у мяне такое добрае месца побач з домам?
Людміла Сяргееўна родам з вёскі Лямніца. Яе сям’я ўжо сем гадоў жыве ў аграгарадку Вішоў у вялікім утульным доме. Дарэчы, уласнае жыллё Брылёвым прадаставіла кіраўніцтва СВК “Калгас “Радзіма”.

— Мой муж Мікалай Андрэевіч працуе на калгаснай пілараме, дачка Ліза вучыцца ў 7 класе, а сын Сяргей нядаўна з арміі прыйшоў, — расказвае жанчына. — У аператараў машыннага даення асаблівы графік працы, аднак мне хапае часу на хатнія справы і на невялікую дапаможную гаспадарку. Пакуль што трымаем толькі курэй, а хутка і парсючкоў завядзём.

Людміла Брылёва – адна з руплівых і дасведчаных працаўніц калгаснай жывёлагадоўлі. Яна пачынала рабіць цялятніцай на ферме ў роднай Лямніцы. І вось ужо трэці год руплівая жанчына шчыруе аператарам машыннага даення на МТФ у вёсцы Голубаўка. Варта адзначыць, што калектыў гэтай фермы паспяхова спраўляецца са сваімі абавязкамі. Толькі “сухія” лічбы кажуць пра многае: за 2016 год надой на карову склаў 7 735 кілаграмаў, 100% рэалізаванага малака адпавядала гатунку “экстра”.

— Ніякіх звышнатуральных сакрэтаў у нас няма. Проста трэба дасканала прытрымлівацца тэхналогіі, бо нават самая нязначная дробязь можа негатыўна адбіцца на якасці сырадою, — адзначае Людміла Брылёва. — Таксама сочым за пераменамі ў паводзінах буйной рагатай жывёлы, прыкладаем максімум намаганняў, каб своечасова праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы і дыягнаставаць магчымыя захворванні.

Павага і падтрымка з боку кіраўніцтва і калег надае шмат сіл руплівай жанчыне, падштурхоўвае да прафесійнага росту.

— Людміла Брылёва, як і ўсе працаўнікі нашай фермы, шчырая, адказная. Робіць сваю справу сумленна, — заўважае загадчык МТФ у Голубаўцы Аляксандра КАРАЛЁВА. — Важна, каб усе тэхналагічныя працэсы кантралявалі кампетэнтныя спецыялісты, здольныя самастойна вырашаць праблемы. Тады і будзе вынік.

Вольга ГОЛЬЦАВА
Фота Святланы МАГІЛЕЎЧЫК

Поделиться: