Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

19 апреля

Па баявых дарогах спецатрада

Доўгі час баявая дзейнасць савецкіх спецгруп і спецатрадаў у час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі ў друку асабліва не афішыравалася. Падлічана, што да восені 1942 года дзейнічалі 58 атрадаў НКУС—НКДБ, а ўсяго за гады вайны ў тыле гітлераўскіх войск змагаліся 212 такіх спецгруп  з агульнай колькасцю больш за 7300 чалавек. А былі ж яшчэ і агульнавайсковыя падраздзяленні спецыяльнага прызначэння.

Адным з такіх спецатрадаў НКУС-НКДБ СССР з’яўляўся і атрад “Слаўны” на чале з Анатолем ШАСТАКОВЫМ.

Краязнаўчы пасыл

Колькі дзён таму вёскі Заполле і Глыбокі Брод наведала група энтузіястаў, якая займаецца вывучэннем баявой дзейнасці спецатрада “Слаўны”. У складзе яе нераўнадушныя да ваеннай памяці і гісторыі клічаўчане – журналіст Аліна СУДНІК, навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Лідзія АЧЫНОВІЧ, настаўнік гісторыі СШ № 1 Кацярына МАРОЗ, краязнаўца Людміла МАРЧАНКА, а таксама старшыня ветэранскай арганізацыі ўпраўлення ваеннай контрразведкі КДБ Беларусі, палкоўнік у адстаўцы Вячаслаў БАРШЧЭЎСКІ. Да слова сказаць, Вячаслаў Антонавіч нарадзіўся на клічаўшчыне і з’яўляецца своеасаблівым “рухавіком”, каардынатарам дзейнасці гэтай краязнаўчай суполкі. У Заполлі да іх далучылася прадстаўнічая дэлегацыя з Магілёва ў складзе кіраўніка савета ветэранскай арганізацыі абласнога ўпраўлення КДБ Сяргея БАГДАНОВІЧА, старшыняў абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандра КАЗЕКІ і гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба “ВІККРУ”, вядомага пісьменніка, краязнаўцы Мікалая БАРЫСЕНКІ і інш.
Вячаслаў Баршчэўскі расказаў, што іхняя краязнаўчая суполка наведвае мясціны, у якіх дзейнічаў чэкісцкі атрад “Слаўны”, ушаноўвае памяць загінулых яе байцоў, збірае альбо ўдакладняе неабходную інфармацыю, праводзіць патрыятычную работу з падрастаючым пакаленнем. Адным з канкрэтных вынікаў гэтай працы павінна стаць напісанне і выданне дакументальнай кнігі пра атрад “Слаўны” і яго мужных, адданых Радзіме разведчыкаў.
Пра дзейнасць гэтага спецатрада на тэрыторыі нашага раёна вядома мала. Не знайшла яна свайго адлюстравання і на старонках раённай кнігі-хронікі “Памяць”. Думаецца, што запоўніць гэты прабел дапаможа ў тым ліку і дзённік, які вёў начальнік штаба атрада асобага прызначэння “Слаўны” Міхаіл АБАРОТАЎ.  Як сказала Аліна Суднік, дзякуючы гэтаму дакументу ўдалося аднавіць амаль кожны дзень побыту і баявой дзейнасці спецпрызначэнцаў “Слаўнага”. Праўда, з-за шматлікіх скарачэнняў, абрэвіятур, месцамі зусім нечытэльнага почырку аўтара цалкам расшыфраваць яго яшчэ не ўдалося. Тым, хто пасля прачытання гэтага артыкула зацікавіцца баявымі справамі і лёсам шастакоўцаў (так па прозвішчы камандзіра называлі байцоў “Слаўнага”), парэкамендую кнігі былога ўрача гэтага  атрада Ільі ДАВЫДАВА “Юность уходит в бой”, “Росой умытые”  і іншыя.
Клічаўскія госці перадалі кіраўніку музея Запольскай школы Таццяне НАБОКАВАЙ копіі дзённіка Міхаіла Абаротава – арыгінала і расшыфраванага. Застаецца спадзявацца, што гэты каштоўны дакумент зацікавіць не толькі настаўнікаў гісторыі, але і гурткоўцаў школьнага музея Запольскай СШ. Тым больш, што многія вучні яе праяўляюць жывую цікаўнасць да мінулага роднай вёскі, сельсавета. Гэта стала зразумела хоць бы і па той цікавай, змястоўнай экскурсіі, якую правялі для гасцей школы дзесяцікласніца Дзіяна ІГНАТОВІЧ, адзінаццацікласнікі Павел СІДАРОВІЧ і Аляксандр СТАСЕВІЧ.
Затым удзельнікі сустрэчы накіраваліся ў Глыбокі Брод, дзе ў адной брацкай магіле пахаваныя тры разведчыкі “Слаўнага”: Іван Георгіевіч МАРКАЎ, Яфім Савельевіч ПАЛАСУХІН (абодва загінулі 14 снежня 1943 года падчас разгрому варожай калоны каля вёскі Валы, што на Бярэзіншчыне), Мікіта Мацвеевіч ШЫНКАРОЎ (загінуў пры разгроме варожага гарнізона ў Бялынічах 10 верасня 1943 года), каб аддаць даніну павагі ім і ўсім, хто тут знайшоў свой апошні прыстанак, загінуўшы ў баях з фашысцкімі акупантамі.
Дарэчы, на месцы высветлілася, што на мармуровай пліце адсутнічае прозвішча Яфіма Паласухіна. Хоць ён, як заўважылі Лідзія Ачыновіч і Аліна Суднік, пахаваны менавіта ў гэтай брацкай магіле, аб чым маецца адпаведны запіс і ў дзённіку Міхаіла Абаротава.  Дарэчы, на пліце мемарыялу ў Верамейках, што на Клічаўшчыне, таксама ўказаны прозвішчы ўсіх іх траіх нібыта тут пахаваных.

Ва Усакінскіх лясах

На Магілёўшчыну з Рагачоўскага раёна спецатрад “Слаўны” перабазіраваўся ў жніўні 1943 года і размясціўся на востраве Верамейкі, што знаходзіцца ў забалочаных Усакінскіх лясах. Адсюль шастакоўцы выпраўляліся на баявыя заданні, дыверсіі, хадзілі ў разведку. Сюды ж дастаўлялі і целы загінулых атрадаўцаў. У “Слаўнага” была традыцыя не пакідаць загінулага таварыша на полі бою, а хаваць яго ў дамавіне, з адданнем воінскіх ушанаванняў. З дзённіка Міхаіла Абаротава: “Скажу о похоронах. Всегда, за редким исключением, когда не было возможности, хоронили партизан в хорошем гробу в присутствии всего отряда, на могиле произносили прощальные речи и всегда партизаны клялись отомстить немцам за погибших товарищей. Могилка отделывалась хорошо. В изголовье ставили обелиск, на котором выжигали фамилию, имя, отчество и год рождения погибшего и когда погиб. Могилки огораживали заборчиком”.  
Да слова сказаць, на востраве Верамейкі, што за 12 кіламетраў па цяжкай балоцістай дарозе ад Усакіна, знаходзяцца і магілы некалькіх байцоў атрада, якія загінулі пры выкананні спецаперацый. Магчыма, каб не настаўнік Усакінскай СШ Алег ЗАЙЦАЎ, пра пахаванні на востраве мы нічога не ведалі б і па сёння. Гэта ён больш за два дзясяткі гадоў  таму выявіў іх, здолеў прыцягнуць увагу грамадскасці, патрыётаў.
Алег Міхайлавіч зайшоў на цяжкадаступны востраў зусім выпадкова і не адразу зразумеў, што бачыць магілы. Маленькія курганочкі на той час практычна зраўняліся з зямлёй. На дубе заўважыў таблічку з бляхі, на якой былі напісаны імёны загінулых патрыётаў са “Слаўнага” – 21 чалавек. На сёння ўстаноўлены прозвішчы 16 з іх.
У 1997 годзе на востраве быў адкрыты мемарыял.
На востраве Верамейкі спецатрад базіраваўся да сакавіка 1944 года. Адсюль ён з баямі ў поўным складзе (270 чалавек) рушыў на Міншчыну, Гродзеншчыну, дзе 7 ліпеня злучыўся з рэгулярнымі часцямі Чырвонай Арміі.
Чамусьці міма ўвагі даследчыкаў гісторыі партызанскага руху праходзіць перыяд дзейнасці спецатрада, калі той знаходзіўся на Магілёўшчыне. Між тым, ён і тут вёў вельмі актыўную барацьбу з акупантамі: выконваў спецзаданні Цэнтра, праводзіў падрыўную работу, разведку, перадаваў здабытыя звесткі ў іншыя атрады, падрываў масты, граміў нямецка-паліцэйскія гарнізоны. Пацвярджэнні гэтаму знаходзім і ў дзённіку Міхаіла Абаротава. Напрыклад, толькі за жнівень-верасень 1943 года спецатрадаўцы здзейснілі 29 дыверсій, пусцілі пад адхон два эшалоны, знішчылі 6 дотаў і 5 казарм, захапілі шмат зброі.
Немцы літаральна наладжвалі паляванне за няўлоўнымі і мужнымі мсціўцамі: арганізоўвалі засады, кідалі ў бой супраць іх у шмат разоў пераўзыходзячыя сілы, абкружалі, высочвалі з самалётаў, прызначалі буйныя ўзнагароды за жывых і мёртвых шастакоўцаў. Прыкладам, за камандзіра Анатоля Шастакова яны абяцалі заплаціць 40 тысяч марак, надзяліць зямлёй, ляснымі ўгоддзямі, дамамі.

Канечне, пры такіх інтэнсіўных баявых дзеяннях нёс страты і атрад. У адным з жорсткіх баёў загінуў знакаміты чэмпіён па акадэмічнай грэблі, снайпер Аляксандр Далгушын. Ён пахаваны каля вёскі Каменка Рагачоўскага раёна. Георгій МАГЕР загінуў у баі на шашы Мінск-Магілёў каля вёскі Карытніца 6 кастрычніка 1943 года.
15 лютага 1944 года падчас правядзення разведвальнай аперацыі ў вёсцы Глыбокі Брод быў застрэлены Сяргей КАБІЦКІ. Цела засталося на месцы гібелі разведчыка. 23 лютага 1944 года, цытуем дзённік Міхаіла Абаротава: “Михаил Ипатьевич ездил опознавать труп убитого партизана. Партизан был не из нашего отряда. Привезли труп Кабицкого Сергея, которого похоронили в лагере №1 белыничского леса”. 19 лютага ў баі загінуў Павел  МУРАШКІН, а разведчыка Дзмітрыя ПАНЬКЕВІЧА і двух партызан атрада ПЕРАСЦЕНКІ 24 сакавіка фашысты застрэлілі з засады, якую зрабілі ў вёсцы Рубеж. Не дажыў да Перамогі і камандзір спецатрада “Слаўны” Анатоль Шастакоў, які пахаваны ў вёсцы Бакшты Іў’еўскага раёна.

Слаўныя справы “Слаўнага”

Атрад асобага прызначэння “Слаўны” быў сфарміраваны па ўказанні начальніка 4-га ўпраўлення НКУС СССР Паўла СУДАПЛАТАВА ў Казельску 15  лютага 1942 года. Яго камандзірам прызначаны капітан дзяржбяспекі Анатоль Пятровіч Шастакоў. У склад 50 байцоў добраахвотна ўвайшлі і 18 вядомых спартсменаў, сярод якіх 6 былі заслужанымі майстрамі спорту савецкай краіны, – Аляксандр Далгушын (сяміразовы чэмпіён Савецкага Саюза па акадэмічнай грэблі, снайпер), Маісей ІВАНЬКОВІЧ (рэкардсмен краіны па бегу), Мікалай ШАТАЎ (сусветны рэкардсмен па цяжкай атлетыцы), Конрад МАДЭЙ (чэмпіён Масквы па плаванні), Леанід МІТРАПОЛЬСКІ і Алі ІСАЕЎ (чэмпіёны краіны Саветаў па кіданні дыска і штурханні ядра) і іншыя спартыўныя знакамітасці.
Перад атрадам ставілася задача правядзення разведвальнай і дыверсійнай дзейнасці ў фашысцкім тыле, нанясення ўдараў па чыгуначных лініях, стварэння сакрэтных аэрадромаў.
Шастакоўцы ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іхніх памагатых на тэрыторыях Бранскай, Гомельскай, Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай абласцей.
За 30 месяцаў, палова з якіх звязана з баявой дзейнасцю на тэрыторыі Беларусі,  атрад прайшоў больш за паўтары тысячы кіламетраў. Чэкісты знішчылі 22 варожыя эшалоны, адзін бронецягнік, 2 танкі і 2 бронетранспарцёры, 86 аўтамабіляў, 30 матацыклаў і 300 вайсковых павозак, спалілі 10 казарм, узарвалі 14 дзотаў, знішчылі тэлефонную станцыю ў Магілёве. Яны правялі 34 засады, разграмілі 27 гарнізонаў (у тым ліку і ў Бялынічах), здзейснілі 85 дыверсій, знішчылі 1287 гітлераўскіх салдат і афіцэраў (без уліку загінулых пры крушэннях чыгуначных эшалонаў), 500 уласаўцаў і паліцаяў, узялі ў палон і перадалі Чырвонай Арміі 400 немцаў.
У баях і пры выкананні заданняў загінулі 80 байцоў і камандзіраў атрада спецыяльнага прызначэння “Слаўны”, 185 атрымалі раненні. 12 чэрвеня 1944 года ў адным з баёў загінуў і камандзір спецатрада, маёр дзяржбяспекі Анатоль Шастакоў.

Атрад злучыўся з часцямі Чырвонай Арміі 7 ліпеня 1944 года.

ЦЫТАТА
З дзённіка Міхаіла Абаротава: “27 января 1944.
Обстановка вокруг нас изменилась. Немцы крупными силами стали занимать деревни, расположенные по реке Друть (Техтин, Сермяженка и др.), тем самым рассекли партизанские отряды Могилёвского района с Кличевскими партизанами. С другой стороны заняли деревню Дулебы, подойдя вплотную к кличевскому лесу.
Ведём усиленную разведку, выясняем обстановку. С этой целью выехал майор к Перестенко в Глубокий Брод. А комиссар Пегов в обком партии. Над лесом беспрерывно кружатся немецкие самолёты.
Прибыла в лагерь первая рота и привезла мясо и хлеб”.

Міхась КАРПЕЧАНКА.
Фота аўтара.
Поделиться: