Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

13 июля

Ураджэнец аграгарадка Вялікая Машчаніца Валерый БЕЛЬСКІ ўзначальвае Інстытут эканомікі НАН Беларусі

Валерый Бельскі нарадзіўся ў 1968 годзе ў простай вясковай сям’і. Яго маці працавала настаўніцай Вялікамашчаніцкай сярэдняй школы, бацька рабіў у мясцовай гаспадарцы — саўгасе “Каліноўскі”. Скончыўшы школу, Валерый паступіў у БДСГА і праз пяць гадоў вучобы маладым спецыялістам вярнуўся на малую радзіму.

Тагачасны дырэктар саўгаса “Каліноўскі” Анатоль ХАЛАДЦОЎ прыгадвае першыя працоўныя крокі будучага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Інстытута эканомікі.

— Маладому спецыялісту была прапанавана пасада  галоўнага эканаміста гаспадаркі. Валерыя ўсе ведалі добра, павагай і аўтарытэтам карысталіся ў аднавяскоўцаў яго бацькі. Словам, надзейная сям’я, і дзеці не падвядуць. Да слова сказаць, з нашага саўгаса некалькі гадоў таму  (1984 год) пайшоў у навуку таксама галоўны эканаміст Міхаіл АНТОНЕНКА, які абараніў кандыдацкую дысертацыю і на той час працаваў у нядаўна ўтвораным Інстытуце сістэмных даследаванняў у АПК Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Магчыма, што прыклад Міхаіла Мікалаевіча зацікавіў і Валерыя Іванавіча, які літаральна з першых дзён сваёй працы да пытанняў саўгаснай эканомікі падыходзіў з навуковых пазіцый, імкнучыся за шматлікімі паказчыкамі, лічбамі разгледзець сам працэс вытворчасці, выявіць рэзервы росту яе, павышэння эфектыўнасці. Неўзабаве Валерый Іванавіч паступіў у аспірантуру, паспяхова абараніў у 2001 годзе дысертацыю кандыдата эканамічных навук па тэме: “Удасканаленне дзяржаўнага рэгулявання рынку малака”.

Працаваў у Інстытуце сістэмных даследаванняў у АПК Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, а з 2003 і да 2011 года ўзначальваў яго калектыў.

Мне, як былому дырэктару саўгаса “Каліноўскі”, а таксама, думаецца, і тадышнім работнікам яго, вельмі прыемна, што наша гаспадарка стала адпраўной кропкай няпростага шляху ў эканамічную навуку для двух яе спецыялістаў.

Даследчыкі гісторыі развіцця аграрнай навукі ў Беларусі адзначаюць, што новы імпульс яна атрымала, калі Інстытут сістэмных даследаванняў у АПК узначальвалі буйнейшы вучоны ў галіне беларускай аграрнай эканомікі, акадэмік Уладзімір ГУСАКОЎ і яго таленавіты пераемнік Валерый Бельскі. Ва ўстанове пачалі праводзіцца міжнародныя і рэспубліканскія навукова-практычныя канферэнцыі, семінары, дыскусіі, яна ператварылася ў эфектыўны кансультацыйны цэнтр. І па сёння Інстытут ахоплівае ўсю праблематыку, што звязана з эканамічным развіццём вытворчай і сацыяльнай інфраструктуры сельскай гаспадаркі краіны, яго навукоўцы займаюцца даследаваннямі, распрацоўваюць тэорыю і метадалогію эфектыўнага функцыянавання АПК у сучасных умовах, выпрацоўваюць рэкамендацыі і прапановы па фарміраванні і рацыянальным выкарыстанні рэсурсавага патэнцыялу, узмацненні матывацыі працы, павышэнні харчовай бяспекі краіны. Інстытут сістэмных даследаванняў у АПК ператварыўся ў галаўную ўстанову ў галіне аграрнай эканомікі і сваімі даследаваннямі ахоплівае ўсе асноўныя кірункі навуковага суправаджэння, арганізацыйна-эканамічнага, інстытуцыянальнага і сацыяльнага развіцця беларускага аграпрамысловага комплексу.

Яшчэ навучаючыся ў аспірантуры, Валерый Бельскі дакладна сфармуляваў сферу сваіх навуковых інтарэсаў — дзяржаўнае рэгуляванне эканамічных адносін.

Пасля Валерый Іванавіч працаваў рэктарам ДУА “Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, а з 2016 года ўзначаліў Інстытут эканомікі НАН краіны.

Дарэчы, значную частку навуковага жыцця з Інстытутам эканомікі НАН Беларусі звязаў і яшчэ адзін наш зямляк: Віталь МЯДЗВЕДЗЕЎ (нарадзіўся ў вёсцы Вугольшчына ў 1928 годзе) – член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар эканамічных навук, прафесар. Цяпер Віталь Фядосавіч з’яўляецца членам Вучонага савета Інстытута эканомікі.

Валерый Бельскі з’яўляецца аўтарам шэрагу даследаванняў, абагуленых, напрыклад, у кнігах “Эканамічныя аспекты забеспячэння сацыяльнай справядлівасці”, “Фінансавы менеджмент: праблемы і перспектывы станаўлення АПК Рэспублікі Беларусь” і іншых, шматлікіх публікацый у друку, а таксама спецыялізаваных часопісах сацыяльнага і эканамічнага профіляў. Пад яго кіраўніцтвам больш за дзясятак маладых эканамістаў Беларусі паспяхова абаранілі кандыдацкія дысертацыі, што дазваляе гаварыць і аб навуковай школе Валерыя Бельскага.

Супрацоўнікі Інстытута эканомікі, як і яго дырэктар, прымаюць удзел у распрацоўцы заканадаўчых і іншых нарматыўных актаў, працуюць у складзе экспертных і рабочых груп пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, урадзе, парламенце. Валерый Іванавіч таксама ўваходзіць у склад савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Міхась КАРПЕЧАНКА.
Поделиться: