Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

17 августа

Новыя прозвішчы экіпажаў камбайнаў і вадзіцеляў у спісе «тысячнікаў»

­
Кожны дзень уборкі збожжавых культур дадае ў спіс “тысячнікаў” новыя прозвішчы экіпажаў камбайнаў і вадзіцеляў, якія паспяхова пераадолелі гэты самы першы значны рубеж.

Па стане на раніцу 15 жніўня ў СВК “Калгас “Радзіма” ўжо чатыры ўборачныя экіпажы запісалі на свае рахункі больш як па тысячы тон намалочанага зерня. Да нязменнага лідара гаспадаркі і раёна, экіпажа ў складзе старшага камбайнера Мікалая ДАРЭЧКІНА і камбайнера Валянціна ЯКУШАВА, напрыканцы мінулага тыдня далучыліся экіпажы ў складзе Юрыя ЗАЙЦАВА і Віктара ВАСІЛЬЕВА, Аляксандра МІТКЕВІЧА і Уладзіміра СТАРАВОЙТАВА, Ігара ШЧОЛУХАВА і Васіля ЛЯНЬКОВА.

З гэтай добрай нагоды перад пачаткам чарговага ўборачнага дня на машынным двары сельгаскааператыва адбылося традыцыйнае ўшанаванне перадавікоў жніва. Павіншаваць чарговыя экіпажы “тысячнікаў” завіталі старшыня райвыканкама Мікалай КАДАЦЕНКА, кіраўнікі раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, якія ўваходзяць у ФПБ, Святлана ПАТАПЧЫК і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Станіслаў БУРКО.

— Уборачныя работы ў раёне знаходзяцца ў самым разгары, – звяртаючыся да вішоўскіх хлебаробаў, адзначыў Мікалай Кадаценка. – Ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах Прыдруцкага краю побач з вопытнымі хлебаробамі шчыруюць і маладыя камбайнеры, вадзіцелі, механізатары, спецыялісты, чым забяспечваецца сувязь пакаленняў, пераемнасць працоўных традыцый.

Кіраўнік раёна сардэчна павіншаваў новыя экіпажы “тысячнікаў” СВК “Калгас “Радзіма” Юрыя Зайцава і Віктара Васільева, Аляксандра Міткевіча і Уладзіміра Старавойтава, Ігара Шчолухава і Васіля Лянькова з высокімі працоўнымі дасягненнямі, уручыў ім дыпломы і заслужаныя нялёгкай працай у па-сапраўднаму гарачых буднях грашовыя прэміі райвыканкама.

Мікалай Міхайлавіч таксама падкрэсліў, што ў СВК “Калгас “Радзіма” закладзены моцныя і трывалыя працоўныя і духоўныя традыцыі, дзейнічае эфектыўная матывацыйная сістэма, накіраваная на кожнага  без выключэння работніка, паўсядзённа праяўляецца жывы клопат пра чалавека-працаўніка. Усё гэта і прыносіць выдатны плён.

Праўленне гаспадаркі таксама адзначыла грашовымі прэміямі чарговыя экіпажы “тысячнікаў”, якія ўручыў камбайнерам старшыня калгаса Аляксандр ЛАПАЦЕНТАЎ.

Цікава, што на гэты раз прэміі атрымалі і тыя ўборачныя экіпажы, якія намалацілі па паўтысячы тон, – 16 чалавек.

Аляксандр Лапацентаў сказаў, што на палетках гаспадаркі сёлета вырас проста выдатны ўраджай. На асобных палетках і ўчастках хлебных ніў збіраецца па 80 і больш цэнтнераў зерня з гектара.

   — Наша галоўная задача на перыяд жніва, – звярнуўся да ўдзельнікаў уборачнай кампаніі кіраўнік гаспадаркі, – максімальна поўна выкарыстоўваючы спрыяльнае надвор’е, якасна, у тэрмін і без страт сабраць вырашчаны ўсімі намі ўраджай хлеба, які па валавым намалоце сёлета значна пераўзыйдзе мінулагодні збор.

Аляксандр Лапацентаў заінтрыгаваў камбайнераў інфармацыяй аб тым, што праўленне гаспадаркі разглядае магчымасць заахвочвання лепшых удзельнікаў жніва па яго выніках новымі нечаканымі бонусамі і нават сюрпрызамі.
­Першы экіпаж камбайнераў-“тысячнікаў” з’явіўся і ў ААТ “Новая Друць”. Ім стаў сямейны ўборачны дуэт у складзе бацькі і сына – Сяргея ПЛЕХАВА і Андрэя АНДРЭЙЧЫКА.

Прама на хлебнай ніве, што раскінулася перад вёскай Бахані, старшыня райвыканкама Мікалай Кадаценка ўручыў перадавікам дыпломы райвыканкама і грашовыя прэміі.

У гутарцы з кіраўніком экіпажа-лідара, старшым камбайнерам Сяргеем Плехавым, журналіст раёнкі даведаўся, што асабіста для яго гэта ўжо 29 па ліку жніво. А вось для сына Андрэя, які вучыцца на эканаміста ў БДСГА, – толькі другое.

— Летась памочнікам у мяне працаваў сын Аляксандр, які завочна вучыцца ў Беларуска-Расійскім універсітэце, – расказвае Сяргей Дзмітрыевіч. – Зараз ён праходзіць тэрміновую службу ў беларускім войску. Кожны дзень тэлефануе. Цікавіцца, як праходзіць жніво, колькі за дзень намалочваем тон, турбуецца і станам камбайна. А ён у нас не новы. Летась выйшаў са строю адзін датчык, дык Саша вельмі хутка яго адрамантаваў, прыбор і цяпер нас не падводзіць, спраўна працуе.

Мікалай Кадаценка, дырэктар ААТ “Новая Друць” Анатоль ДРАЗДОЎ, Святлана Патапчык і Станіслаў Бурко выказалі шчырую падзяку сямейнаму экіпажу за высокі прафесіяналізм, хлебаробскую адказнасць. На што Сяргей Плехаў адказаў, што яны пастараюцца і надалей заставацца ў ліку лідараў жніва.
Поделиться: