Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

24 октября

Скарбніца ведаў для падрастаючага пакалення

Роля школьнай бібліятэкі сёння часта застаецца незаўважанай. Асабліва ў сельскай мясцовасці. Але ж менавіта са школьнай бібліятэкі ў дзяцей фарміруецца любоў да кніг і да чытання. У гэтым упэўнена і школьны бібліятэкар аграгарадка Вішоў Людміла ЕЎТУХОВА.
Бібліятэка ў школе працуе больш за трыццаць гадоў, але Людміла Аляксандраўна шчыруе ў ёй толькі чацвёрты год. Да гэтага яна працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, а потым больш за 15 гадоў – завучам па вучэбнай рабоце.
– У мяне ў працоўнай кніжцы адзін запіс – прынята на працу ў Вішоўскую СШ, – усміхаецца жанчына.
Пасля доўгай плённай працы з вучнямі Людміла Еўтухова пайшла на заслужаны адпачынак. Шэсць гадоў прысвяціла хатнім справам, а потым нечакана вярнулася ў родную школу, але ўжо ў якасці бібліятэкара.
– Бібліятэкар, якая працавала да мяне, перайшла ў іншае месца, а дырэктар школы Кацярына ЗАЙЦАВА прапанавала мне заняць гэту пасаду, – адзначыла Людміла Аляксандраўна. – Паколькі я ўсё жыццё працавала настаўнікам-філолагам, то адразу пагадзілася. Бо кніга – гэта маё жыццё.
І вось з таго часу Людміла Еўтухова вядзе актыўную дзейнасць у школьнай бібліятэцы. Нягледзячы на тое, што кніжны храм працуе толькі тры гадзіны на дзень, вучні актыўна яго наведваюць. Бібліятэка абсталявана двума камп’ютарамі з выхадам у інтэрнэт, а таксама прынтарам. Настаўнікі і вучні могуць па неабходнасці скарыстацца іх магчымасцямі.
Кожны год у бібліятэцы праводзіцца шэраг тэматычных мерапрыемстваў. Сярод іх: “Самая вялікая кніга”, “Самая маленькая кніга”, “Самая папулярная кніга” і іншыя.
Традыцыйна раз у год праходзіць Тыдзень дзіцячай кнігі, у ходзе якога актыў бібліятэкі пад кіраўніцтвам Людмілы Аляксандраўны робіць для малодшых школьнікаў самаробныя кніжкі, закладкі для падручнікаў. А падчас Тыдня першакласніка старэйшыя вучні прымаюць першакласнікаў у чытачы.
Акрамя гэтага, навучэнцы часта звяртаюцца ў бібліятэку на перапынках. Бібліятэкар выдае ім пазлы, судоку і іншыя гульні. Кожны чацвер Людміла Аляксандраўна праводзіць заняткі ў гуртку па пляценні з паперы, які на дадзены момант наведваюць 8 чалавек. Тэму для аб’яднання па інтарэсах яна знайшла на прасторах інтэрнэту. Вырабы з паперы жанчыне вельмі спадабаліся, і яна вырашыла паспрабаваць сябе ў гэтай справе. А калі стала атрымлівацца, прапанавала такі занятак сваім гурткоўцам. Дзеці пад чулай увагай бібліятэкара робяць з паперы падстаўкі для ручак, вазонаў для кветак, шкатулкі і іншыя вырабы.
Людміла Еўтухова адзначае, што ёй падабаецца цяперашняя праца.
– Я ўвесь час знаходжуся ў асяроддзі вялікай колькасці кніг, – кажа жанчына. – Магу адну і тую ж перачытаць некалькі разоў. Калі я не звязала б сваё жыццё з педагогікай, то, напэўна, пайшла б у бібліятэкары.
А на пытанне аб важнасці школьных бібліятэк Людміла Аляксандраўна адказвае так:
– Мы не да канца ўсведамляем значнасць школьнай бібліятэкі, гэта я магу сказаць, зыходзячы ўжо са сваёй практыкі. Лічу, што яна вельмі важная для школы, нават калі мае невялікі фонд. Калі мы хочам, каб нашы дзеці былі пісьменнымі, чыталі, то ў школе абавязкова павінна быць скарбніца ведаў.

Поделиться: