Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

30 октября

Жыццё на колах

Штогод у апошнюю нядзелю кастрычніка ў нашай краіне адзначаецца Дзень аўтамабіліста і дарожніка. Таму варта павіншаваць усіх, хто моцна трымаецца за руль па жыцці.

Руслан ГАБРУСЕЎ працуе вадзіцелем у аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ўжо сем гадоў. Да прафесіі гэтай прыйшоў не адразу: рабіў сталяром спачатку ў БУКП “Жылкамгас”, потым у Круглянскай ПМК № 266. Зараз у яго абавязках – перавозіць дзяцей з Цэнтра карэкцыйнага навучання і развіцця. А калі гэта неабходна, то і падмяніць калег можа.
– Як толькі прыйшоў працаваць вадзіцелем, было цяжкавата, але з цягам часу прывык і да графіка, і да самой працы. Ужо ў сем гадзін раніцы я на маршруце. Машына, на якой зараз езджу, новая і не падводзіць. Але калі на папярэдняй здараліся паломкі, рамантаваў яе сам, – распавядае Руслан Іванавіч.
Прафесія вадзіцеля прадугледжвае не толькі пастаяннае ўзаемадзеянне з аўтамабілем, але і стасункі з людзьмі. Як прызнаецца сам аўтамабіліст, машына яму неяк бліжэй.         З усімі непрадбачанымі сітуацыямі за час сваёй працы таксама навучыўся спраўляцца. Дый дарога заўсёды звязана з патэнцыяльнай небяспекай, а дамоў трэба вярнуцца цэлым і здаровым, бо чакае сям’я: жонка і маленькае дзіця. Жонка па прафесіі стаматолаг, але зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. І, хоць хатнюю гаспадарку сям’я не трымае, спраў           у прыватным доме заўсёды хапае. Таму, адпрацаваўшы часам і больш за дзесяць гадзін, Руслан Іванавіч дапамагае ёй з хатнімі клопатамі.
А прафесію ў бліжэйшы час змяняць не збіраецца.
– Больш за ўсё ў маёй працы падабаецца магчымасць пабачыць новыя месцы, бо прафесія такая, што заўсёды рухаешся, і кожны раз бачыш штосьці новае. Наогул, жыццё на колах – гэта тое, што мне блізка і да чаго ляжыць душа, – прызнаецца вадзіцель.
Дарога яго вабіць. А калі прызванне становіцца прафесіяй, справа заўсёды спорыцца.­

Поделиться: