Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

29 ноября

На базе прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П. Арлоўскага адбыўся форум маладых спецыялістаў

Упершыню ў Магілёўскай вобласці на базе прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П. Арлоўскага адбыўся форум маладых спецыялістаў, якія атрымалі першае працоўнае месца ў нашым рэгіёне ў гэтым годзе.

На працягу двух дзён каля ста маладых спецыялістаў мелі магчымасць пагутарыць адзін з адным, задаць пытанні губернатару Уладзіміру ДАМАНЕЎСКАМУ­, а таксама даведацца шмат цікавага і карыснага.
Сярод іх былі і прадстаўнікі нашага раёна – урач-інфекцыяніст ЦРБ Анастасія КАЧАНАВА, кіраўнік фізічнага выхавання дзіцячага садка № 2 Наталля ЦАПІК, інжынер па тэхнічным абслугоўванні сельскагаспадарчай тэхнікі СВК “Калгас “Радзіма” Валерый ГЛАДЗІКАЎ, загадчык аддзела пісьмаў рэдакцыі райгазеты “Зара над Друццю”  Марыя ШУТ.


Форум распачалі тэматычныя групы: “Ваенная экспазіцыя “Гераічная абарона Магілёва” як форма працы па патрыятычным выхаванні моладзі” і “Стварэнне ўмоў для атрымання якаснай прафесійнай адукацыі і развіцця асобы як залог сацыяльнай паспяховасці будучага спецыяліста”. У іх рамках прайшлі экскурсіі ў музеі пад адкрытым небам, які размешчаны на тэрыторыі навучальнай установы, а таксама па вучэбных корпусах каледжа.
Маладыя спецыялісты яшчэ раз пачулі пра гісторыю абароны Магілёва, а таксама пераканаліся ў тым, што ў гэтай установе адукацыі маецца добрая матэрыяльна-тэхнічная база, створаны ўсе ўмовы для атрымання якаснай адукацыі.
Па словах дырэктара каледжа Георгія МАЛІНОЎСКАГА, кіраўніцтва ўстановы імкнецца зрабіць усё, каб у навучэнцаў была магчымасць атрымаць не толькі тэарэтычныя веды па спецыяльнасці, але і практычныя навыкі.
Пасля адбылося адкрыццё форуму, на якім з прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі, які адзначыў, што сёння ў Беларусі шмат робіцца для падтрымкі моладзі.


– Малады спецыяліст у нашай краіне мае права атрымаць першае, можа, і не зусім камфортнае, працоўнае месца, – падкрэсліў Уладзімір Віктаравіч. – Наймальнікі ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі імкнуцца ўзяць людзей з грунтоўная тэарэтычнай падрыхтоўкай. У гэтай сітуацыі маладым спецыялістам дапамагае дзяржава. Яна дае месца, з якога можна ўвайсці ў самастойнае жыццё, працаўладкавацца.
Уладзімір Даманеўскі заклікаў моладзь добрасумленна працаваць і выконваць свае прафесійныя абавязкі. Таксама губернатар падкрэсліў, што за апошнія гады ў Магілёўскай вобласці намецілася нядрэнная тэндэнцыя: маладыя спецыялісты сталі больш уважліва адносіцца да свайго першага рабочага месца, даражыць ім, імкнуцца быць больш сацыяльна адказнымі, думаюць пра заўтрашні дзень.
Затым слова бралі маладыя спецыялісты, а таксама тыя, хто ўжо не адзін дзясятак гадоў адпрацаваў у прафесіі і дабіўся высокіх вынікаў.
Напрыклад, малады дырэктар КСУП “Аўсянка імя І. Мельніка” Горацкага раёна Дзяніс ДЗЕМЯНКОЎ расказаў, як за невялікі адрэзак часу дасягнуў значных поспехаў у кар’еры, нягледзячы на тое, што ў першы год адпрацоўкі пасля ВНУ даказваў сабе і родным, што ніколі ў жыцці не застанецца працаваць у сельскай гаспадарцы.
А ветэрынарны ўрач-тэхнолаг аддзела кансалтынгу ТАА “Скандынавія сэрвіс” Шклоўскага раёна Аляксандра НОВІКАВА падзялілася з маладымі спецыялістамі аб тым, як здзейснілася яе мара. Яна з самага дзяцінства хацела дапамагаць хворай жывёле і, калі прыйшоў час выбіраць прафесію, паступіла ў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Зараз дзяўчына ўпэўнена, што зрабіла правільны выбар. На працу яна ідзе з задавальненнем, таму што ёй падабаецца тое, чым займаецца.
Прадоўжыўся форум размовай маладых спецыялістаў са старшынёй аблвыканкама ў фармаце адкрытага дыялогу, падчас якога закранулі шэраг важных пытанняў: ільготы на будаўніцтва і набыццё жылля, арганізацыя вольнага часу і інш.

­

Вечарам у маладзёжным цэнтры навучальнай установы працавала зона маладзёжнай актыўнасці – дыска-клуб, спартыўная зала, атлетычны клуб, інтэрнэт-кафэ.
У другі дзень форуму ўдзельнікі працягнулі працу ў трох секцыях: “Ад думкі да дзеянняў: прыклады натхняюць”,    “Я – будучы кіраўнік” і “Крэатыўныя праекты – спосаб актывізацыі дзейнасці моладзі”.
Маладыя людзі прапаноўвалі арганізатарам ідэі па стварэнні трэнінгаў, тэматычных сустрэч для маладых спецыялістаў. І на падвядзенні вынікаў форуму было прынята рашэнне аб тым, што ўжо ў пачатку 2018 года для такой мэты збяруць маладых супрацоўнікаў медыцыны.
У той жа дзень была праведзена акцыя ўдзячнасці “Благодарю”. Кожны жадаючы мог напісаць на паштоўцы словы падзякі за дапамогу і падтрымку любому чалавеку. Паштоўкі размясцілі на выставе, а затым яны будуць адпраўленыя адрасатам.
Два дні праляцелі хутка і незаўважна. Праграма была насычанай і цікавай, таму кожны малады спецыяліст узяў для сябе штосьці карыснае.
Дарэчы, падчас форуму старшыня аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі прапанаваў стварыць у рэгіёне савет маладых спецыялістаў.
Поделиться: