Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

10 января

25 гадоў спаўняецца з дня адкрыцця Бялыніцкага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў

Заўтра спаўняецца 25 гадоў з дня адкрыцця Бялыніцкага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. За плячыма супрацоўнікаў гэтай установы – чвэрць века клопату аб людзях, якія маюць патрэбу ў дапамозе.
З 1993 года пасаду дырэктара займаў Мікалай ЛАЗОЎСКІ, а ў 2013 годзе калектыў ДІСІ ўзначаліла Святлана СТУКАЧОВА.
Зараз у доме-інтэрнаце пражывае 235 чалавек. Больш за палову з іх – 176 жыхароў – не могуць падымацца з ложкаў, персанал дапамагае ім літаральна ва ўсім. Існуе таксама спецыяльнае аддзяленне для грамадзян, якія вызваліліся з месц пазбаўлення волі і па розных прычынах не маюць уласнага прытулку.
– У нас працуюць урачы, сярод якіх стаматолаг, фізіятэрапеўт і іншыя, – распавядае Святлана Стукачова. – Нескладанае лячэнне праводзіцца ў сценах ДІСІ самастойна. Таксама нашы жыхары могуць звярнуцца да штатнага псіхолага: характары ва ўсіх розныя, таму і змену абстаноўкі, калі трапляюць сюды, людзі пераносяць па-рознаму. Тым, хто сумуе, дапамагае псіхолаг і нашы адаптацыйныя праграмы: напрыклад, дзейнічае гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пад кіраўніцтвам Надзеі КУЗНЯЦОВАЙ і Наталлі РАЧКОВАЙ.
Мы наведалі памяшканне гуртка ДПМ, каб пазнаёміцца бліжэй з яго кіраўнікамі і ўдзельнікамі. Убачылі: жыхары дома-інтэрната старанна займаюцца любімай справай. Хтосьці пляце бісерам, нехта робіць кветкавае пано або вазу з папяровых трубачак…
А ўдзельнікі шахматна-шашачнага клуба Яўгенія КРАЎЧАНКА і Іван САФОНАЎ занялі прызавыя месцы ў абласной спартакіядзе сярод людзей, якія пражываюць у дамах-інтэрнатах Магілёўскай вобласці.
Працатэрапія – таксама важны аспект адаптацыі да ўмоў жыцця ў ДІСІ. Прычым, для кожнага складанасць працы розная, у залежнасці ад узросту і сілы чалавека. Для кагосьці самастойна прыбраць ложак – гэта і ёсць штодзённая тэрапія. А некаторыя жыхары дома-інтэрната працуюць у падсобнай гаспадарцы ўстановы, у якой налічваецца     72 га зямлі і 22 галавы буйной  рагатай жывёлы.
– Мы вырошчваем гародніну, атрымліваем малако ад кароў. Частка прадуктаў накіроўваецца ў сталовую, лішкі ідуць на продаж, – кажа Святлана Мікалаеўна. – Гэта дазваляе выплочваць заробак нашым працаўладкаваным жыхарам і зрабіць таннейшым харчаванне, якое, дарэчы, чатырохразовае. Галоўны наш спонсар у галіне сельскай гаспадаркі – гэта СВК “Калгас “Радзіма”, вельмі ўдзячныя за дапамогу яго старшыні Аляксандру ЛАПАЦЕНТАВУ.
У лік арганізацый, якія пастаянна аказваюць дапамогу дому-інтэрнату, уваходзяць таксама ТАА “Гранд Саюз”, ПСУП “Алебуд”, ТАА “РэканБудРазвіццё”, ДУК ДБП “Круглянская ПМК № 266”, ТАА “Электраахова”, МДГА “Сафія”, МГА “Дапамажы людзям”.
У мінулым годзе завяршылі  частковы рамонт жылых памяшканняў, на які было выдаткавана каля 500000 рублёў: адрамантавалі некалькі жылых паверхаў, набылі мэблю, новыя ложкі для аддзялення з ляжачымі людзьмі.
– Каб працаваць з састарэлымі і інвалідамі, трэба мець дастаткова фізічнай сілы і цярпення, быць чулым і ўважлівым, – адзначыла Святлана Стукачова. – Да кожнага з жыхароў інтэрната трэба знайсці асабісты падыход, што часам вельмі складана. Кожны са 145 чалавек персаналу – адказны і старанны чалавек з чулай душой. Адзначу Марыю ГУБІЧ, Надзею МЕЛЬНІКАВУ, Алену КІСЯЛЁВУ, Марыну ШАСТАК, Ніну МОСІНУ, Ганну ЛАПО, Алену АСІПЁНАК, Таццяну БАЛАХОНЦАВУ, Вольгу ПАДОЛЬСКУЮ, Таццяну ШАРАХОЎСКУЮ і шмат каго яшчэ – гэты спіс, насамрэч, вельмі         доўгі.
Поделиться: