Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

13 августа

Сабраць без страт і захаваць

­Ад камбайнера залежыць, наколькі якасна і своечасова будзе ўбрана збожжа, ці трапіць яно ў засекі без страт. Але пасля выгрузкі з бункера камбайна ў кузаў аўтамабіля пачынаецца шлях хлеба да зернесушыльнага комплексу, дзе яго аддзяляюць ад прымесяў, сартуюць і накіроўваюць на захаванне.
На зернесушыльным комплексе ў Галоўчыне ўсё пачынаецца з шаляў. Вагаўшчык Таццяна ПАЛІТОНЧЫК узважвае аўтамабіль з жытам.
– Ад агульнай вагі 8200 кілаграмаў адмінусоўваем вагу машыны, – расказвае Таццяна Пятроўна. – Такім чынам, вага зерня складае 4600 кг. А ўсяго за дзень, калі надвор’е спрыяльнае для ўборкі, на комплекс паступае каля 250 тон збожжа. З пачатку ўборачнай нашы аператары ўжо падпрацавалі больш за дзве з паловай тысячы тон зерня не ўлічваючы рапсу.
Пасля ўзважання МАЗ выгружае зерне на пляцоўку, адкуль яно паступае ў сушылку. Устаноўку гаспадарка набыла пяць гадоў таму. З тых часоў працэс значна паскорыўся. Зараз ён поўнасцю аўтаматызаваны.
– Адсачыць усе працэсы, што адбываюцца ў сушылцы, можна на спецыяльным маніторы, – кажа аператар зернесушыльнага комплексу Сяргей КАПЫТКОЎ. – У тым ліку, бачны будуць на ім і любыя непаладкі, што дазволіць іх хутка ліквідаваць.



Сяргей Анатольевіч сапраўдны спецыяліст сваёй справы, працуе тут ужо дзясяты сезон запар. Кожны дзень пільна сочыць за сушкай і падпрацоўкай зерня, кантралюе працэс ад самага пачатку да моманту вывазу збожжа з комплексу. Аператар цікава распавядае не толькі пра тэхналогію працэса сушкі, але і пра гісторыю комплексу, паказвае агрэгаты, якімі карысталіся раней, нават некалькі дзясяткаў гадоў таму.
– Так званай “каруселі” – маламагутнаму агрэгату, з дапамогай якога сушылі зерне раней, споўнілася 30 гадоў, – распавядае Сяргей Анатольевіч. – Па гэты дзень ён знаходзіцца ў працоўным стане. Ёсць у нас і машына, якая падбірае зерне з тока і падымае яго ў кузаў грузавіка.
Самі бачыце: уручную тут нічога не робіцца, ды і пры такой колькасці збожжа за суткі падпрацаваць яго без аўтаматыкі было б немагчыма.
Захавалася і нямецкая лінія для адбіўкі насеннага зерня. Па словах Сяргея Анатольевіча, яна даволі надзейная, але не такая прадукцыйная. Калі новая, айчыннай вытворчасці, спраўляецца з 70 тонамі зерня за гадзіну, то гэта адольвае дзесьці 30 — 40 тон за той жа прамежак часу. Зараз нямецкі агрэгат выкарыстоўваюць як дапаможны, калі з’яўляецца такая неабходнасць. Напрыклад, падпрацоўвалі на ім трыцікале. Яно, дарэчы, як і ў сучаснай тэхніцы, аўтаматычна раздзяляецца на 1 і 2 гатункі і адпраўляецца ў розныя бункеры.
Але ўсё ж такі справа за навейшымі тэхналогіямі. Сучасная зернесушыльная ўстаноўка паспявае падпрацаваць сотні тон зерня за суткі. Каб абслугоўваць яе, працуюць дзве змены аператараў.
– Пасля ачысткі, – працягвае расказваць Сяргей Капыткоў, – збожжа праходзіць праз некалькі сітаў, дзе прасейваецца дробнае, фуражнае зерне 2 гатунку, якое пойдзе на корм жывёле. У вялікі бункер трапляе зерне 1 гатунку, самае буйное і якаснае.
На зернесушыльным комплексе ёсць і склад для захавання насеннага зерня. Зараз у ім знаходзіцца азімая пшаніца, пазней падаспеюць і астатнія збожжавыя.
Наступае завяршальная стадыя: пад варонку бункера пад’язджае аўтамашына. Моцнай плынню збожжа ссыпаецца ў кузаў. З гэтага моманту ўраджай можна афіцыйна лічыць паўнавартасным. Ён, увабраўшы ў сябе не толькі энергію поля, сонца і вільгаць, але і старанні хлебаробаў, прадоўжыць свой шлях на хлебны і сыты стол у кожную сям’ю.

Алена БЫКАВА.
Фота аўтара.­ Поделиться: