Пасля таго, як студэнты атрымліваюць заслужаныя руплівымі намаганнямі дыпломы, так званых бюджэтнікаў чакае першае месца працы па размеркаванні. Нямала маладых спецыялістаў сёлета было накіравана на работу на Бялыніччыну.
Напэўна, у кожнага студэнта на апошнім курсе словазлучэнне “першае месца працы” выклікае не толькі трапятанне, але і ў значнай ступені хваляванне. Ці не памыліўся з выбарам прафесіі? Як прымуць у новым калектыве? Ці спраўлюся з абавязкамі? Гэтыя і іншыя пытанні паўстаюць перад маладымі людзьмі пасля размеркавання, калі яны ўжо дакладна ведаюць, куды пойдуць працаваць па спецыяльнасці.
Напрыканцы мая ў ПМК № 241 былі размеркаваны выпускнікі Магілёўскага архітэктурна-будаўнічага каледжа Крысціна РАБЦАВА і Анастасія ЛЕАНОВІЧ.
Крысціну спачатку накіравалі ў Любань, але такі варыянт дзяўчыну не задаволіў.
– Там давялося б быць майстарам, а гэта не зусім жаночая праца, – распавядае Крысціна Рабцава. – Калі даведалася, што ў Бялыніцкай ПМК № 241 ёсць вакансія інжынера па нарміраванні працы, прыехала сюды, прайшла субяседванне і мяне ўзялі. І зараз сваёй пасадай вельмі задаволена.
Набыць прафесію ў сферы будаўніцтва Крысціне калісьці падказалі бацькі. Сказалі, што будоўля заўсёды была і будзе запатрабаванай, а значыць, і працоўнае месца ў ёй забяспечана.
– Падчас вучобы сумненні ў правільнасці выбару прафесіі былі, як, напэўна, у многіх, – адзначае Крысціна. – Але забіраць дакументы з навучальнай установы нават не думала. Інакш навошта было паступаць?
Анастасія Леановіч, інжынер па спецработах, прыйшла працаваць па размеркаванні разам з Крысцінай. Родам яна з Віцебскай вобласці, і атрымаць прафесію ў сферы будоўлі ёй таксама парэкамендавалі бацькі. У 9 класе налягала на вучобу, самастойна рыхтавалася да паступлення.
– Калектыў прыняў нас вельмі добра, – кажа Анастасія. – Калегі дапамагаюць разбірацца ў нюансах працоўных абавязкаў. За дзень спраўляюся з усімі задачамі, таму дарабляць штосьці ў непрацоўны час не прыходзіцца. Думаю, што ў далейшым значных перамен у прафесіі ў мяне не будзе, бо зараз адчуваю сябе на сваім месцы.
Прыбылі маладыя спецыялісты сёлета і ў ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас”. У іх ліку трактарыст Свяцілавіцкага лясніцтва Ілья КАРНЕЕЎ. Яго працоўны шлях пачаўся 1 жніўня. У абавязкі маладога чалавека зараз уваходзіць тралёўка лесу, утрыманне замацаванай за ім тэхнікі ў належным стане.
– Скончыў Магілёўскі агралесатэхнічны каледж імя К. П. Арлоўскага па спецыяльнасці трактарыст-машыніст, – распавядае Ілья. – Інтарэс да тэхнікі маю са школьных гадоў, але прываблівае і прафесія будаўніка. Адпрацоўка па размеркаванні ў мяне – адзін год, а потым планую атрымаць будаўнічую спецыяльнасць. Пакуль не ведаю, якая з іх мне бліжэй.
У вольны час Ілья Карнееў займаецца любімым хобі – рыбалкай. Сам ён родам з Бялыніч, і аб’ехаў ужо амаль увесь раён у пошуках найбольш “рыбных” месцаў. А сваім лепшым дасягненнем лічыць злоўленага пяцікілаграмовага ляшча.
Алена БЫКАВА.
Фота аўтара.
Поделиться: