Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

18 сентября

Незвычайны выхадны дзень выдаўся для дзяцей райцэнтра

Незвычайны выхадны дзень выдаўся для дзяцей райцэнтра ў мінулую суботу. На пляцоўцы каля ФАКу “Друць” для іх адкрыўся сапраўдны “Горад дзяцінства”, у якім прайшлі прэзентацыі аб’яднанняў па інтарэсах МЦ “Ветразь” і клубных фарміраванняў устаноў раёна.
– У рамках рэспубліканскага Тыдня дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі сумесна з аддзелам па адукацыі і сектарам спорту і турызму райвыканкама вырашылі правесці для дзяцей такое маштабнае мерапрыемства, падчас якога яны і іх бацькі маглі пазнаёміцца з секцыямі і гурткамі, якія дзейнічаюць на базе ўстаноў адукацыі горада, – адзначыла в. а. начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына БЕЛЯЎЦЭВА. – Плануем, што яно стане штогадовым.

Ганаровая місія адкрыць мерапрыемства была прадастаўлена МЦ “Ветразь”. Вядучыя свята падкрэслілі, што 2018 год абвешчаны Годам малой радзімы, і тое, якой яна будзе, залежыць не толькі ад дарослых, але і ад падрастаючага пакалення. А ў нашай моладзі яшчэ многае наперадзе.
Увазе прысутных былі прапанаваны творчыя нумары калектываў, паказальныя выступленні і майстар-класы аб’яднанняў па інтарэсах і клубных фарміраванняў устаноў па розных напрамках дзейнасці. Таму занятак па душы знайшоў сабе ў той дзень кожны. Адначасова працавала столькі цікавых пляцовак, што ў маленькіх бялынічан разбягаліся вочы. Ім хацелася ўсё паглядзець, ва ўсім прыняць удзел.

 

Паказальныя выступленні юных матацыклістаў, майстар-класы па пляценні з саломы і паперы, цестапластыцы, выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Свет дзіцячай творчасці”, фотавыстава “Учора. Сёння. Заўтра”, гульнёвая праграма “Планета “Дзяцінства” – гэта мы!” і многае іншае падрыхтавалі работнікі МЦ “Ветразь”.

Прэзентацыю “Агенцтва дзіцячых святаў”, аквагрым, майстар-клас па дэкаратыўна-прыкладной творчасці, работу дыска-клуба “Дынаміт” і клуба выхаднога дня “Озорник” прадэманстравалі на сваёй пляцоўцы супрацоўнікі РЦК.

 

Модульнае арыгамі, цестапластыку і пастэль “Чароўныя крэйды” прэзентавала дзіцячая школа мастацтваў.

На тэматычнай пляцоўцы раённай бібліятэкі дзейнічалі тэрыторыя чытання “Бібліятэка ў казку нам адкрые дзверы”, гульнёвая праграма “Много шуток и затей для внимательных детей” і многае іншае, што прыцягвала ўвагу дзяцей.

Старэйшыя падлеткі знайшлі сабе занятак на пляцоўцы ФАКу “Друць”. Там была магчымасць пагуляць у настольны і вялікі тэніс, шашкі і дартс.

Паказальныя выступленні па лёгкай атлетыцы і дзюдо, матчавую сустрэчу па гандболе арганізавалі педагогі СДЮШАР.

Не засталіся ў баку ад такога цікавага мерапрыемства РАНС і РАУС. На сваіх пляцоўках яны дэманстравалі дзецям працу спецыялізаванай тэхнікі і машын, праводзілі прафілактычныя гутаркі.
Вялікая чарга з жадаючых падняцца на аўтаматычным каленчатым пад’ёмніку сабралася на пляцоўцы РАНС. Ратавальнікі прадаставілі дзецям магчымасць убачыць родны горад з вышыні 20 метраў. Некаторыя з іх нават вызначыліся з выбарам будучай прафесіі. Напрыклад, Цімафей КАЎТУНОЎ запытаўся ў інспектара ГПіУГ РАНС Кацярыны ЛЮБІВАЙ, як стаць пажарным.
– Мне падабаецца прафесія ратавальніка, – расказаў хлопчык. – Бацькі сказалі, што трэба добра вучыцца, быць адважным і смелым, а я такі. Вось вырасту і буду пажарным!
Прыемна было бачыць, што многія прыйшлі на мерапрыемства ўсёй сям’ёй, і, мяркуючы па колькасці задаволеных дзяцей і станоўчых водгуках дарослых, для іх той дзень стаў сапраўдным святам.
– Выдаўся вельмі цікавы і карысны выхадны. Нам усё вельмі спадабалася. Лічу, што такія мерапрыемствы патрэбныя нашым дзецям, дый нам, бацькам, каб ведаць, у якія секцыі і тэматычныя аб’яднанні па інтарэсах можна аддаць дзіця, – адзначыла бялынічанка Кацярына ШАВАРДОВА, якая прыйшла на мерапрыемства разам з сынам і мужам.­
­

Марыя ШУТ.
Фота аўтара.

 

­
Поделиться: