Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

1 октября

У Бялыніцкім раёне прайшоў практыка-арыентаваны семінар-нарада кіраўнікоў прадпрыемстваў ЖКГ вобласці

У Бялыніцкім раёне прайшоў практыка-арыентаваны семінар-нарада кіраўнікоў прадпрыемстваў ЖКГ вобласці, арганізаваны ўпраўленнем ЖКГ аблвыканкама і абласным камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў. Тэмай яго стала павышэнне эфектыўнасці работы аб’ектаў камунальнага прызначэння, зніжэнне кошту жыллёва-камунальных паслуг і страт; спосабы эфектыўнага кіравання працоўнымі калектывамі.

Гэта ўжо не першы такі семінар, што яскрава падкрэслівае – бялыніцкія камунальнікі валодаюць напрацоўкамі і вопытам, якія патрабуюць абагульнення і прымянення ў іншых рэгіёнах.

Удзельнікі семінара падзяліліся на дзве вялікія групы: галоўныя бухгалтары азнаёміліся з аўтаматызацыяй фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства на базе праграмнага комплексу “1С-Прадпрыемства”, а кіруючы састаў прадпрыемстваў ЖКГ вобласці наведаў шэраг аб’ектаў БУКП “Жылкамгас”.
Перш за ўсё ўдзельнікі семінара пазнаёміліся з вынікамі працы ўчастка кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі (КВПіА). Пяць чалавек, якія задзейнічаны тут, выконваюць значны аб’ём работ: паверку і рамонт лічыльнікаў вады і манометраў, электрафізічныя вымярэнні, праверку пажарных гідрантаў. Арганізацыя работы сертыфікаванай лабараторыі дазволіла не толькі адмовіцца ад прыцягнення старонніх арганізацый да аказання дадзеных відаў паслуг, але і прадаваць іх арганізацыям і насельніцтву.
Дзякуючы наяўнаму абсталяванню спецыялісты могуць ажыццяўляць больш дакладную паверку расходу вады ў жылым фондзе, а каб пазбегнуць узлому лічыльнікаў і крадзяжу вады, устанаўліваюць на прыборы антымагнітныя пломбы. Па выніках сямі месяцаў бягучага года ад дзейнасці ўчастка атрыманы эканамічны эфект на 42 тыс. рублёў.

 

Асаблівую ўвагу госці праявілі да вопыту калектыву жылкамгаса па правядзенні капітальнага рамонту і тэхнічнага абслугоўвання жыллёвага фонду. Яны з цікавасцю ўспрынялі выступленне дырэктара БУКП “Жылкамгас” Віктара ІВУЛЁВА, які расказаў аб гэтым кірунку і прывёў канкрэтныя факты і лічбы.
Віктар Міхайлавіч звярнуў увагу прысутных на тое, што ўсе работы на аб’ектах выконвае брыгада будаўнікоў прадпрыемства.

Яны пачынаюцца з дакладнай дэфектоўкі ўсіх праблемных месцаў, таму пасля капітальнага рамонту ад жыхароў дома, уведзенага ў эксплуатацыю, няма заявак са скаргамі на ліквідацыю недахопаў. Затым праводзіцца рамонт даху, фасада, інжынерных сетак, пад’ездаў і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.
Правядзенне будаўнічых работ гаспадарчым спосабам дае магчымасць эканоміць грашовыя сродкі і дадаткова рамантаваць адзiн дом кожны год. Сёлета тры дамы ўжо ўведзены ў эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту, яшчэ два будуць здадзены да канца года. Усяго з 2009 года адрамантавана больш за 56 тыс. кв. м жылля.
Адразу некалькі кірункаў дзейнасці БУКП “Жылкамгас” былі разгледжаны падчас наведання цэнтральнай кацельні ў Бялынічах. Галоўны інжынер БУКП “Жылкамгас” Мікалай КАНКЕВІЧ расказаў пра вопыт эксплуатацыі кагенератыўнай устаноўкі і ўтылізатара топачных газаў.
Начальнік участка па абслугоўванні цеплавых сетак Дзмітрый КУНЦЭВІЧ праінфармаваў аб працы па аптымізацыі цепласетак і пракладцы папярэдне ізаляваных труб (ПІ-труб). Бялыніцкія камунальнікі на выдатна засвоілі тэхналогію іх пракладкі, якасна праводзяць будаўніча-мантажныя работы і далейшае абслугоўванне ПІ-трубаправодаў уласнымі сіламі.
­
Агульная працягласць ц­еплавых сетак камунальнай гаспадаркі складае 61,3 км, з якіх 50,5 км – ПІ-трубы. Прычым, удзельная вага апошніх павялічылася з 2009 года з 27,9 да 82,5 %. Разам з ростам працягласці цеплавых сетак з ПІ-трубамі за гэты час знізіліся фактычныя страты цеплавой энергіі з 19,2 да 11,0 %. Эканамічны эфект за шасцігадовы перыяд ад зніжэння расходу вады на падсілкаванне сістэм цеплазабеспячэння склаў 36,7 тыс. руб.
Затым удзельнікі семінара пераехалі ў аграгарадок Свяцілавічы, дзе наведалі аўтаматызаваную кацельню і пазнаёміліся з вопытам дыспетчарызацыі кацельнай гаспадаркі.
Завяршыўся семінар-нарада ў РЦК выніковым пленарным пасяджэннем.
Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

 

­