Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

29 октября

Аўтамабілісты і дарожныя рабочыя адзначылі сваё прафесійнае свята

­У нядзелю адзначылі сваё прафесійнае свята не толькі тыя, хто праводзіць працоўныя будні за рулём аўтамабіля, але і дарожныя рабочыя, дзякуючы якім вадзіцелі ездзяць па адрамантаваных і добраўпарадкаваных дарогах.
Вось ужо 55 гадоў у раёне функцыянуе філіял КУП “Магілёўаблдарбуд” ДРБУ № 170. За больш чым паўвекавую гісторыю арганізацыя некалькі разоў відазмянялася, пераймяноўвалася, але свае галоўныя задачы – ажыццяўленне комплексу дарожна-будаўнічых работ па забеспячэнні круглагадовага бесперабойнага і бяспечнага праезду па дарогах мясцовага значэння – выконвае да гэтага часу.
– У нашы функцыі ўваходзіць не толькі абслугоўванне дарог, але і іх бягучы і капітальны рамонт, – адзначыў начальнік ДРБУ № 170 Алег ФІЛІПАЎ. – Спецыялісты займаюцца ўсімі відамі дарожна-будаўнічых работ, а таксама будаўніцтвам новых аб’ектаў па дагаворах. Пералік відаў дзейнасці арганізацыі даволі шырокі. Гэта абслугоўванне і рамонт дарог, паслугі па ўкладцы тратуараў, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі, на якія ДРБУ № 170 не так даўно атрымала ліцэнзію.

Увогуле, работы ў дарожнікаў хапае круглы год. У цёплы час яны займаюцца ўкладкай асфальтабетону, пакрыццём аўтадарог, увосень і вясной – абслугоўваннем і пакрыццём гравійных дарог, калі дазваляюць умовы надвор’я. Зімой жа расчышчаюць дарогі ад снегу, пасыпаюць рэагентамі. Ну і, вядома ж, на працягу года сочаць за парадкам на дарогах, своечасова прыбіраюць смецце.
Варта адзначыць, што праца бялыніцкіх дарожнікаў не абмяжоўваецца тэрыторыяй нашага раёна. Па словах Алега Філіпава, яны ўдзельнічаюць у тэндарах, складаючы пры гэтым канкурэнцыю іншым дарожным арганізацыям, а калі выйграюць, то працуюць на аб’ектах суседніх раёнаў.
Напрыклад, сёлета брыгадай ДРБУ № 170 выкананы бягучы рамонт тэрыторыі ТАА “Бярэзінскі мясакамбінат”, асфальтабетоннага пакрыцця па вуліцах Крупскай, Жамчужнай, Турава ў Магілёве, капітальны рамонт участка дарогі па вуліцы Савецкай у Шклове і іншых аб’ектаў, агульная колькасць якіх – восем.
­
За дзевяць месяцаў бягучага года выкананы капітальны рамонт моста на аўтамабільнай дарозе Васількі-Забалацце, бягучы рамонт яшчэ некалькіх аб’ектаў мясцовай сеткі.
Працай калектыву, у якім добрасумленна выконваюць свае службовыя абавязкі 63 чалавекі, начальнік задаволены.
– Упэўнена магу сказаць, што ганаруся кожным работнікам, – адзначыў Алег Філіпаў. – Тут сабраліся сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, якія не першы год працуюць у дадзенай сферы. У той жа час ёсць у калектыве і маладыя спецыялісты, якія толькі пачынаюць сваю працоўную дзейнасць і паспяхова пераймаюць вопыт сваіх старэйшых калег.
У працоўнай кніжцы Віталя БІРУКОВА адзін запіс – прыняты на працу дарожным рабочым. У ДРБУ № 170 ён уладкаваўся адразу пасля службы ў войску.  Да гэтага атрымаў прафесійна-тэхнічную адукацыю па спецыяльнасці трактарыст-машыніст.
У дарожную арганізацыю Віталь Міхайлавіч трапіў не выпадкова: больш за сорак гадоў у дарожным упраўленні шчыруе яго маці Марыя Рыгораўна. Нягледзячы на тое, што яна належыць да слабага полу, у працы Марыя Рыгораўна ніколі не адставала ад мужчын. Таму Віталь Бірукоў вырашыў пайсці па слядах маці.
– Іншых варыянтаў, дарэчы, і не разглядаў, – успамінае Віталь Міхайлавіч. – Паступова ўліўся ў калектыў і зараз ужо не ўяўляю сябе ў іншай сферы. Часам, вядома ж, бывае цяжка рабіць нешта ў холадзе дзесьці на аб’екце, але гэта мая праца, якую я выбраў сам.
Як распавёў мужчына, на працягу года ён выконвае работы розных відаў. Гэта і ямачны рамонт, і праца на асфальтаўкладцы, афарбоўка знакаў, абмежавальнікаў, замена бардзюраў, абкос прыдарожнай паласы і многае іншае. Напрыклад, падчас напісання матэрыялу ён са сваёй брыгадай высаджваў дрэвы на прыдарожнай паласе ў аграгарадку Галоўчын.
Больш за дваццаць гадоў у дарожнай сферы працуе машыніст аўтагрэйдара Мікалай МУРАЎЁЎ. У юным узросце, як і ўсіх хлопчыкаў, яго прыцягвала тэхніка. Тады Мікалай Іванавіч і вырашыў, што звяжа сваё жыццё з транспартам. А для таго, каб ездзіць па добрых дарогах, вырашыў сам жа і ўкладваць іх. Так і уладкаваўся на працу ў дарожную арганізацыю.

 

За гэты час Мікалай Мураўёў у выбранай прафесіі не расчараваўся. Наадварот, задаволены ўмовамі працы. І нават ненармаваны працоўны дзень ні разу не напалохаў машыніста.
– Толькі бывае цяжкавата нашым сем’ям, – адзначыў Мікалай Мураўёў. – Часам, вяртаемся дадому позна ўвечары. У дарожнікаў не бывае агульнаўстаноўленых святочных ці выхадных дзён. У дождж і ў снег, улетку і ўзімку нас чакае наша праца, якую імкнемся выконваць добрасумленна і ў тэрмін.
З добрым настроем робіць сваю справу дарожны рабочы Аляксандр МІНКЕВІЧ. Яго працоўны дзень у асноўным праходзіць у сталярні, але пры неабходнасці ён выязджае і на аб’екты, каб дапамагчы сваім калегам.
Цяпер ён займаецца афарбоўкай абмежавальных вешак. Як патлумачыў Аляксандр Аляксандравіч, яны спатрэбяцца ў зімовы перыяд:
– Пры расчыстцы снегу на канкрэтным участку дарогі расстаўляюцца вешкі для бяспекі, каб пазначыць тэрыторыю, на якой працуе снегаўборачная тэхніка.
Варта адзначыць, што калектыў у ДРБУ № 170 дружны, усе дапамагаюць адзін аднаму, працуюць зладжана і сумленна. Таму большасць работнікаў шчыруюць тут даўно, назапашваючы вопыт і перадаючы яго з пакалення ў пакаленне.
Марыя ШУТ.
Фота аўтара.

­
Поделиться: