Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

21 ноября

У абласным Палацы культуры прайшло ўшанаванне лепшых з лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Прыдняпроўскага краю

У мінулую суботу, акурат перад прафесійным святам работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, у абласным Палацы культуры прайшло ўшанаванне лепшых з лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Прыдняпроўскага краю.

Удзел у святочных мерапрыемствах, дзе ўшаноўвалі пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур у бягучым годзе, прыняла і дэлегацыя Бялыніччыны на чале са старшынёй райвыканкама Анатолем ШЧУПЛЯНКОВЫМ.
На ўрачыстай цырымоніі ў Палацы культуры вобласці прысутнічалі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір ДАМАНЕЎСКІ, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь-інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь ЛАЎРАНКОЎ, намеснікі міністраў сельгасхарчу – Іван СМІЛЬГІН, лясной гаспадаркі – Уладзімір КРЭЧ, Герой Сацыялістычнай Працы Аляксандр БАЙКОЎ, дэлегацыі аграрыяў усіх раёнаў Магілёўшчыны.
Губернатар Уладзімір Даманеўскі адзначыў, што аграрны сектар Магілёўшчыны фарміруе каля 13 адсоткаў рэгіянальнага прадукта. А ў сферы вытворчасці ўступае толькі прамысловасці рэгіёну – каля 25 адсоткаў.
Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што сёлета валавы збор зерня на Магілёўшчыне склаў больш за 760 тысяч тон збожжа, што з’яўляецца чацвёртым паказчыкам у Беларусі. У бягучым годзе атрыманы рэкордны ўраджай зерня кукурузы – без малага намалочана амаль 120 тысяч тон, што ў пяць разоў перавышае збор яго ў папярэднім годзе. У гаспадарках Магілёўшчыны разам намалочана 56 тысяч тон масланасення рапсу, выкапана 113 тысяч тон бульбы і больш за 313 тысяч тон цукровых буракоў (на трэць больш чым летась), сабрана 12 тысяч тон агародніны, вырашчана больш за 9 тысяч тон ільновалакна.

– Сёння ў аграрным сектары вобласці актыўна выкарыстоўваюцца новыя падыходы па кіраванні і новыя формы гаспадарання, – адзначыў губернатар. – Поруч з сельгасарганізацыямі дзяржаўнай формы ўласнасці развіваюцца прыватныя аграрныя кампаніі, для якіх створаны пэўныя ўмовы. Нагадаю, што Прэзідэнт для гэтага прыняў тры ключавыя дакументы: указы №№ 253, 268 і 399. Іх палажэнні дазваляюць арганізоўваць гаспадаранне на зямлі на больш высокім узроўні, а таксама ствараюць спрыяльныя ўмовы для прыцягнення інвестараў і ў сельскагаспадарчую вытворчасць.    
– Выкарыстанне розных форм дзейнасці, – дадаў Уладзімір Даманеўскі, – уваходжанне прыватнага капіталу ў аграрную галіну атрымлівае сваё развіццё.Прыход прыватных інвестараў на Магілёўшчыну ўжо не з’яўляецца адзінкавым выпадкам, што істотна адлюстроўваецца на выніках дзейнасці аграрнага сектару.

Кажучы аб эфектыўнасці гаспадарання, кіраўнік вобласці ў ліку лепшых гаспадарак Беларусі назваў СВК “Калгас “Радзіма”, які больш за тры дзясяткі гадоў узначальвае кавалер ордэна Айчыны і шэрагу іншых высокіх дзяржаўных узнагарод і званняў Аляксандр ЛАПАЦЕНТАЎ. 
Па словах губернатара, у нашай вобласці адзначаецца ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння затрат на вытворчасць сельгаспрадукцыі. Напрыклад, за тры апошнія гады яна скарацілася больш чым на 13 адсоткаў. Зніжаецца і каэфіцыент даўгавой нагрузкі. Усё гэта дасягаецца коштам выкарыстання сучасных тэхналогій, прафесіяналізма, адказнасці кожнага і ўсіх за сваю справу.
Поруч з буйнымі сельгасарганізацыямі развіваюцца і фермерскія гаспадаркі. Толькі за гэты год такіх новых суб’ектаў гаспадарання ў нашай вобласці было зарэгістравана 29. А ўсяго іх функцыянуе на тэрыторыі Прыдняпроўскага краю больш за 400. І яны прыносяць адчувальную аддачу.
На жаль, пакуль не прыцягваюць да сябе ўвагі бялыніцкія фермеры. Скажам, як вядомыя фермерскія гаспадаркі “Дзіяна”, “Новы быт”, “Пралесак”, дзе перавышаны сярэднеабласны ўзровень па ўраджайнасці зерневых. А на палетках “Дзіяны”, зноў жа для прыкладу, сабралі 40 адсоткаў абласнога ўраджаю бульбы.
– Прыватны бізнес, – сказаў губернатар, – зразумеў, што і ў сельскагаспадарчай вытворчасці можна зарабляць. 
Адной з найважнейшых задач аграрыяў, лічыць Уладзімір Даманеўскі, з’яўляецца не толькі забяспечыць харчовую бяспеку насельніцтва рэгіёну, краіны, але і арганізаваць эфектыўную і экспартаарыентаваную вытворчасць, стварыць прадукт, што будзе добра прадавацца на знешніх рынках. І хто першым здолее яго прапанаваць, той і зойме лідарскую пазіцыю.
(Заканчэнне на 2-й стар.)
Губернатар звярнуў увагу на патэнцыял супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай, якая на сёння з’яўляецца трэцім асноўным партнёрам аграэкспарту вобласці.
Для нарошчвання аб’ёмаў запатрабаванай на знешніх рынках сельгаспрадукцыі працягваецца маштабная праца па будаўніцтве новых жывёлагадоўчых комплексаў. Для прыкладу, завяршаецца ўзвядзенне свінагадоўчых комплексаў у Бялыніцкім (паблізу в. Ветка) і Слаўгарадскім раёнах. 
Падрабязна спыніўся губернатар і на перадавым вопыце гаспадарання СВК “Калгас “Радзіма”. Выкарыстоўваючы адзін з момантаў забеспячэння належнага функцыявання жывёлагадоўчай галіны гэтай гаспадаркі, у, напрыклад, ЗАТ “Вялікія Славені” Шклоўскага раёна пабудавалі цялятнік для сезоннага ўтрымання і вырошчвання маладняку БРЖ. І гэта праца па выкарыстанні вопыту СВК “Калгас “Радзіма” прадаўжаецца ў іншых раёнах Магілёўшчыны.
– У аснову дасягнутых вынікаў аграрыяў Магілёўшчыны, – заўважыў Уладзімір Даманеўскі, – пакладзена зладжаная праца калектываў АПК. Тых, хто працуе на палетках, вырошчвае і ўбірае ўраджай, робіць на фермах і жывёлагадоўчых комплексах. Хто любіць сваю зямлю і добрасумленна працуе на ёй на карысць уласнай сям’і і роднай краіны.
Губернатар адзначыў высокія вынікі  калектыву СВК “Калгас “Радзіма” і пажадаў працоўнаму калектыву гаспадаркі моцнага здароў’я, дабрабыту.
Шэсць разоў паднімаліся на святочную сцэну абласнога Палаца культуры прадстаўнікі дэлегацыі нашага раёна. Пяцёра з іх – прадстаўлялі СВК “Калгас “Радзіма”.
­
Пераможцам абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур прызнаны Шклоўскі раён, сярод сельскагаспадарчых і іншых арганізацый – ЗАТ “Агракамбінат “Зара” (Магілёўскі раён); лепшым галоўным інжынерам сельскагаспадарчых і іншых арганізацый прызнаны Аляксандр БАРТЫЛЁЎ (Дыплом ІІ ступені, СВК “Калгас “Радзіма”), у спаборніцтве сярод старэйшых камбайнераў  Дыплома ІІІ ступені ўдастоены Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, механізатар СВК “Калгас “Радзіма” Мікалай ДАРЭЧКІН.
Лепшым сельгасатрадам агульнаадукацыйных школ Магілёўшчыны прызнана ДУА “Вішоўская сярэдняя школа”. Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ўзнагароджана  галоўны заатэхнік СВК “Калгас “Радзіма” Валянціна ЛАПАЦЕНТАВА.
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродку ўручыла сертыфікаты (на набыццё трактароў)  пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне  машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў за 2018 год”. Сярод пераможцаў – і Машчаніцкі сельвыканкам. 
– Працавітасць, цярпенне і любоў да малой радзімы – гэта і ёсць жыццёвыя каштоўнасці, арыенціры аграрыяў Магілёўшчыны, – на гэта звярнуў увагу намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй КУНЦЭВІЧ. – У нашай краіне да працаўнікоў вёскі заўсёды адносіліся з асаблівай павагай і ўвагай.
Андрэй Кунцэвіч падзякаваў работнікаў сельскай гаспадаркі рэгіёну і ўручыў шэрагу працаўнікоў заслужаныя ўзнагароды. 
Ганаровай граматы Магілёўскай абласной арганізацыі беларускага прафсаюза работнікаў АПК  быў удастоены і калектыў сталовай СВК “Калгас “Радзіма”.
Трэба сказаць, што пад­час святочнага мерапрыемства дзейнічалі выстава-кірмаш народнай творчасці “Ураджай талентаў Магілёўшчыны”, дзе працаўнікі вёскі дэманстравалі вынікі сваёй працы, кірмашовыя атракцыёны, гульнёвыя пляцоўкі, тэматычныя паказы-дэфіле, а таксама персанальная выстава твораў бялыніцкай мастачкі Ларысы ЖУРАВОВІЧ “Аб творчасці, каханні і самай звычайнай беларускай глыбінцы”.  
Міхась КАРПЕЧАНКА.
Фота аўтара і Марыям ТАБАГАРЫ.

 

­
Поделиться: