Официальный сайт
Пятница, 6 декабря 2019 года
Погода Белыничи
Информация сайта pogoda.by
Главная - Новости - Новости региона - Перадсвяточнае інтэрв’ю са старшынёй раённага...
4 января

Перадсвяточнае інтэрв’ю са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Анатолем ШЧУПЛЯНКОВЫМ

У апошні панядзелак 2018 года ўсе мы апоўначы дружна перагорнем яшчэ адну старонку пражытага намі каляндарнага перыяду. Такім чынам, і год 2018 стане ўжо гісторыяй. Гісторыяй, якую кожны з нас рабіў як па-асобку, так і калектыўна, бо немагчыма ў жыцці  аддзяліць уласнае ад агульнага і наадварот.
– Анатоль Леанідавіч, напрыканцы года прынята падводзіць яго вынікі. А чым асабіста вам запомніўся 2018?
– Найперш трэба сказаць, што гэта першы год, а калі дакладней, то паўгоддзе, маёй працы на Бялыніччыне. Асаблівыя ўражанні засталіся ад рабочага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў наш раён 10 ліпеня. Кіраўніком дзяржавы былі пастаўлены сур’ёзныя задачы па выкарыстанні патэнцыялу Бялыніччыны, у першую чаргу, галоўнага нашага багацця – зямлі, маючага матэрыяльна-тэхнічнага рэсурсу, перадавога вопыту.
 Паспяховае выкананне даручэнняў Прэзідэнта напрамую звязана з пісьменнай працай кадраў на ўсіх узроўнях, строгім захаваннем вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны, выкарыстаннем рэзерваў і новых магчымасцей.
Атрымліваць танна, прадаваць – дорага, – вось ён, крытэрый, нашай гаспадарлівасці, дбайнасці і руплівасці.
Вядома, што сённяшні час патрабуе і новых падыходаў, у тым ліку і ў сферы эканомікі, якая становіцца шматукладнай, самадастатковай.
У адносінах да выканаўцаў работ павінен дзейнічаць наступны абавязковы прынцып: той, хто хоча працаваць, у дастатковай меры забяспечваецца ўсім, каб выконваць свае працоўныя абавязкі тэхналагічна, вынікова, якасна. І ў гэтай звязцы толькі з добрага боку хочацца назваць СВК “Калгас “Радзіма”, ПМК                     № 241, БУКП “Жылкамгас”, дзе такія ўмовы створаны, і да каго пастаянна прыязджаюць вывучаць перадавы вопыт.
Пры дынамічным развіцці Бялыніччыны ў сферы аграпрамысловага комплексу маюцца пэўныя праблемы. Зараз у іх вырашэнні выкарыстоўваецца багаты вопыт аднаго з лепшых у Беларусі сельгаспрадпрыемстваў – СВК “Калгас “Радзіма”, які ўзначальвае Аляксандр Лапацентаў.
Сярэднямесячная зарплата работнікаў гэтай гаспадаркі за 2018 год перавысіла 1 тысячу рублёў. Нагадаю і тое, што тут за адыходзячы год кожны працаўнік вырабіў прадукцыі на 74 тысячы рублёў. Штодзённа адсюль пастаўляецца на рэалізацыю больш за 40 тон малака. За год вырошчваецца на продаж больш за 2 тысячы тон ялавічыны. 
Традыцыйна хлебаробы СВК “Калгас “Радзіма” атрымліваюць і самыя высокія ўраджаі збожжавых, рапсу, зерня кукурузы. Сёлета ў няпростых умовах надвор’я яны вырасцілі і сабралі каля  16 тысяч тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці яго больш за 43 цэнтнеры з гектара. Чатыры ўборачныя экіпажы калгаса намалацілі па 2 тысячы і больш тон хлеба, яшчэ пяць сталі “тысячнікамі”!
А цяпер падумаем: чаму ў адных і тых жа ўмовах ва ўсіх астатніх чатырох сельгаспрадпрыемствах атрымаўся зусім розны і значна меншы вынік гаспадарчай дзейнасці? І заработная плата не тая, на якую разлічваюць.  Галоўная прычына ўсё ж такі крыецца ў нас саміх: у нашых адносінах да працы, да свайго рабочага месца. Вынік залежыць наўпрост і ад самога нашага жадання рупліва рабіць. Лічу таксама, што аўтарытэт кіраўніка – гэта 90 працэнтаў поспеху калектыву.
Зараз ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна дзейнічаюць мадэрнізаваныя малочнатаварныя комплексы і фермы. Гэта нішто іншае, як сучасныя тэхналагічныя заводы па вытворчасці малака. І грошы, укладзеныя ў іх будаўніцтва і абсталяванне, павінны прыносіць належную аддачу. У выглядзе павелічэння аб’ёмаў вытворчасці малака, рэалізацыі яго гатункам “экстра”. Аднак, зноў жа даводзіцца гаварыць з засмучэннем, што аддачы той пакуль не бачна. Хоць павучыцца, як трэба арганізаваць працу на МТК, ёсць у каго. І гэта зноў жа той самы СВК “Калгас “Радзіма”.
Карыстаючыся нагодай, хачу яшчэ раз сказаць старшыні СВК “Калгас “Радзіма” Аляксандру Лапацентаву, усім спецыялістам і работнікам сельгаспрадпрыемства вялікі дзякуй за іхнюю добрасумленную, узорную працу, за той вялікі ўклад, які яны ўносяць у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці раёна.
– А як, на вашу думку, спрацавалі ў адыходзячым годзе іншыя галіны і сферы эканомікі раёна?
– Далейшае развіццё атрымалі сферы сацыяльнага, гандлёвага, бытавога, культурнага, жыллёва-камунальнага абслугоўвання насельніцтва раёна. З кожным годам павышаецца камфортнасць жыцця і працаўнікоў сельскай гаспадаркі, маладых спецыялістаў, ветэранаў працы. Сёння кожны жыхар аграгадка мае магчымасць у побытавым плане атрымліваць такія ж самыя камунальныя паслугі і даброты, якімі карыстаюцца жыхары Бялынічаў, Магілёва, Мінска.
Адзначу, што разам нам многае ўдалося зрабіць – як па сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, так і горада. Падкрэслю: яшчэ больш важныя і значныя задачы нас чакаюць у новым годзе.
Як і раней, добры след пакінуў на старонках гісторыі адыходзячага года дружны і працавіты калектыў будаўнікоў ПМК № 241, які па праву лічыцца лепшым на Магілёўшчыне і адным з лепшых у Беларусі. Ён паспяхова выканаў свае планы, у тым ліку і заданне па ўводзе ў эксплуатацыю жылля. Сярод значных іх аб’ектаў 2018 года – здача ў эксплуатацыю шматкватэрнага жылога дома па вуліцы Мінская шаша, паспяховая рэалізацыя чарговага этапа інвестыцыйнага праекта па ўзвядзенні сучаснага прадпрыемства па вытворчасці беконнай свініны паблізу вёскі Ветка. Інвестар і гаспадар яго, “Аграпрадпрыемства “Белдан” ЗТАА “Баннеці”, неўзабаве размесціць тут матачнае пагалоўе свіней.
Будаўнікі працай забяспечаны і на наступны год, а значыць, яны будуць атрымліваць і стабільна высокія заробкі.
Станоўчыя тэндэнцыі суправаджалі ў 2018 годзе і развіццё мясцовай прамысловасці, дзе лідарская роля належыць БУКП “Жылкамгас”, ААТ “Бялыніцкі пратэінавы завод”.
Паказальна і тое, што і наш прыватны бізнес усё больш і часцей арыентуецца на вытворчасць, стварае новыя рабочыя месцы.
Паспяхова выконваюць даведзеныя паказчыкі па гандлёвым абслугоўванні насельніцтва калектывы магазінаў райспажыўтаварыства, грамадскага харчавання.
Нельга не звярнуць увагу і на дзейнасць устаноў аховы здароўя. І асабліва ў частцы набыцця сучаснага высокатэхналагічнага медыцынскага і дыягнастычнага абсталявання. І апаратура, і новыя тэхналогіі – гэта забеспячэнне якасці медыцынскага абслугоўвання бялынічан, даступнасці яго.
Унушальная скарбонка дасягненняў у педагогаў і школьнікаў, выхаванцаў раённай дзіцячай школы мастацтваў, дзіцячых і дарослых калектываў мастацкай самадзейнасці, устаноў культуры. У аснове гэтых поспехаў не толькі здольнасці, напружаная творчая праца, але і тыя ўмовы, якія створаны для забеспячэння выніковасці, якасці вучэбна-выхаваўчага, рэпетыцыйнага працэсаў у навучальных установах, установах дашкольнай і дадатковай адукацыі, РЦК. Усё гэта яскрава сведчыць пра тое, што сумесна мы можам зрабіць многа добрых спраў, якія паслужаць на карысць усім жыхарам горада і раёна. 
– Калектывы арганізацый горада і ў мінулым годзе аказвалі дапамогу сельскім гаспадаркам…
– …І даволі адчувальную. Многія гарадскія прадпрыемствы падзяліліся з аграрыямі механізатарамі, вадзіцелямі на час правядзення пасяўной, уборачнай кампаній, у перыяд нарыхтоўкі кармоў. Прадстаўнікі гэтых калектываў таксама прыбіралі з палёў камяні, перабіралі бульбу, убіралі ўраджай садоў, наводзілі парадак на фермах… Як тут не прыгадаць і дапамогу гараджан рабочай сілай і будаўнічымі матэрыяламі падчас будаўніцтва на Вялікатрылесінскім малочнатаварным комплексе ААТ “Бялынічы” прафілакторыя для ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы, па навядзенні парадку на шэрагу жывёлагадоўчых комплексаў і ферм гэтага ж таварыства, ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, “Аграсэрвіс”. 
Выказваю ўсім, хто прымаў актыўны ўдзел у аказанні дапамогі работнікам сельскай гаспадаркі, сваю ўдзячнасць і сардэчную падзяку. 
Але і нашым аграрыям час зразумець, што нейкі добры дзядзька за іх працаваць, наводзіць парадак на іхніх жа рабочых месцах не стане. Дапамагаць будзем, але і самім ім трэба сур’ёзна брацца за працу, закасваць свае адкасаваныя рукавы і ўпрагацца ў воз. Тады і вынікі будуць, і дастойныя зарплаты не прымусяць сябе доўга чакаць.
Неабходна ўсім усвядоміць, што толькі нашы рукі, наш розум, наша гаспадарлівасць і працавітасць, толькі наша дысцыплінаванасць і з’яўляюцца крыніцамі нашага ж дабрабыту. Формула тут простая і зразумелая: хочаш жыць заможна – то і працуй лепей, павышай свой прафесіяналізм, самаўдасканальвайся.
– Чарговы год багаты на значныя даты нашай гісторыі: 100-годдзе з дня ўтварэння БССР, 95-годдзе ўтварэння раёна, 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў… Якія ўрокі кожнаму з нас даюць гэтыя падзеі нашай гісторыі?
– Галоўны ўрок, на маю думку, заключаецца ў наступным: нам усім трэба берагчы, цаніць і прымнажаць усё, што сёння маем: і тое, што нам дасталося ў спадчыну ад папярэдніх пакаленняў, і тое, што зрабілі сваімі рукамі. І самае галоўнае – мы жывём і працуем у незалежнай, свабоднай, мірнай і спакойнай краіне. Гэта і ёсць наша агульная самая дарагая і найвышэйшая каштоўнасць, якую трэба нам усім берагчы, як зрэнку вока.
Думаючы пра 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, хачу сказаць, што нашы сэрцы павінна напаўняць шчырая гордасць за бацькоў, дзядоў і прадзедаў, якія ў неймаверна цяжкіх умовах, а нярэдка і цаной уласнага жыцця, абаранілі родную зямлю. Кожны з нас захоўвае ў сваёй душы глыбокую павагу да ўсіх тых, хто выстаяў і перамог у Вялікай Айчыннай вайне, хто аддаў свае жыцці ў імя міру, спакою, хто не дажыў да сённяшняга дня. І наш святы абавязак – зрабіць усё, каб памяць пра Вялікую Айчынную вайну і салдат Перамогі жыла вечна, дапамагаючы выхоўваць наступныя пакаленні ў духу адданай любові да сваёй Бацькаўшчыны, да малой радзімы. І ўсе тыя мерапрыемствы, якія будуць праходзіць на Бялыніччыне, у Беларусі з нагоды гэтай юбілейнай даты, засведчаць, што мы нічога не забылі.
– Анатоль Леанідавіч, чаго пажадалі б вы бялынічанам у Новым годзе?
– Шчыра жадаю сапраўды чыстага і мірнага неба над нашымі галовамі! Спакою і стабільнасці, якія мы проста абавязаны забяспечваць сваёй добрай працай, самадысцыплінай, нашай любоўю да роднага краю, да роднай Беларусі.
Хачу сказаць вялікі дзякуй жыхарам горада і раёна за добрасумленнасць і прафесіяналізм, ініцыятыўнасць і творчасць, за любоў да роднай зямлі, імкненне зрабіць яе яшчэ прыгажэйшай і лепшай, за ўсё, што нам удалося зрабіць разам. А ўсё дасягнутае ў 2018 годзе мы разам і надалей абавязкова будзем развіваць і прымнажаць.
Жадаю, каб у адыходзячым годзе беззваротна засталося ўсё ліхое і непатрэбнае, а ў новы няхай увойдзе толькі лепшае, добрае, радаснае. Няхай Новы год прынясе ўсім здароўе і дабрабыт, шчасце, удачу, душэўную цеплыню, шмат прыемных уражанняў і радасных падзей. І кожны няхай знойдзе ў ім спраўджанне ўсіх сваіх мар.
Здароўя і дабра ўсім нам, спакою ў нашых душах і міру ў нашых сем’ях. І кожнаму – удачы!
Паважаныя бялынічане!
З Новым, 2019, годам!
Няхай ён увойдзе ў кожны дом, кожную сям’ю з мірам, дабром і любоўю.
ГутарыўМіхась КАРПЕЧАНКА.

­

Афиша и объявления

26 ноября
30 ноября, в субботу, начальник Могилевского областного управления Департамента охраны МВД Республики Беларусь, полковник милиции Александр Святославович...
© 2007 Белыничский районный
исполнительный комитет
213051, г. Белыничи, ул. Советская, 29
+375 (2232) 78-7-22, +375 (2232) 78-7-22 (факс)
rik@belynichi.gov.by
  Дизайн и разработка -
«Реактивные технологии»
Телефон «горячей линии» Белыничского исполкома

+375 (02232) 78-741

Понедельник – пятница с 8.00 до 17.00

Перерыв с 13.00 до 14.00

Режим работы Белыничского исполкома

213051 г. Белыничы, ул. Советская, 29

Понедельник – пятница с 8.00 до 17.00

Перерыв с 13.00 до 14.00