Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

29 октября

Не хлебам адзіным жывы чалавек

У мінулую нядзелю ў аграгарадку Цяхцін адбылася вельмі значная падзея духоўнага жыцця: тут была асвечана праваслаўная царква ў гонар свяціцеля Мікалая.
Неабходна адзначыць, што гэтага дня праваслаўныя вернікі аграгарадка, як і ўсіх навакольных паселішчаў, чакалі не адзін дзясятак гадоў. Аднак актыўна будаўнічыя, аддзелачныя, афармляльныя, добраўпарадкавальныя і іншыя віды работ па ініцыятыве і пад куратарствам настаяцеля храма ў гонар Маці Божай Бялыніцкай протаіерэя Сергія МАСЛАВА пачаліся праводзіцца два гады таму.
Неабходнымі будаўнічымі матэрыяламі дапамаглі ПМК № 241 (дырэктар Уладзімір РАМАНЕНКА), мясцовы індывідуальны прадпрымальнік Вольга ЛЫСЬКОВА, ААТ “Бытпаслугі г. Бялынічы” (Святлана ГАЛАНАВА) і іншыя. Ахвяравалі свае грашовыя сродкі на добрую справу члены мясцовага праваслаўнага прыходу, жыхары аграгарадка, Бялынічаў, шэрагу іншых паселішчаў. Цяхцінцы таксама дапамагалі і сваімі рукамі на будаўніцтве, аддзелцы храма, добраўпарадкаванні яго тэрыторыі.

Аддзелачныя работы ўнутры і звонку памяшкання царквы выканаў вядомы бялыніцкі будаўнік, пенсіянер Васіль КАВАЛЁЎ. Дапамагалі яму ў гэтым яго жонка Вера Дзмітрыеўна, якая, да слова сказаць, нарадзілася ў Цяхціне, члены праваслаўнага прыходу аграгарадка і людзі, нераўнадушныя да адраджэння праваслаўнай веры.
Здзейсніў чын асвячэння новага храма ў гонар свяціцеля Мікалая-цудатворцы ў аграгарадку Цяхцін архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі САФРОНІЙ. Пасля асвячэння храма ўладыка ўзначаліў служэнне Боскай літургіі. Архірэю саслужылі сакратар Магілёўскай епархіі протаіерэй Генадзь ПАЦЭВІЧ, настаяцель храма ў гонар іконы Маці Божай Бялыніцкай протаіерэй Сергій Маслаў і протадыякан Пётр ЖУК.
Архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній таксама звярнуўся да прысутных на ўрачыстасці з пропаведдзю, у якой растлумачыў сэнсы прачытанай евангельскай прыпавесці пра сейбіта.
Па заканчэнні літургіі быў здзейснены малебен свяціцелю Мікалаю. Уладыка Сафроній павіншаваў усіх прысутных на ўрачыстай царкоўнай службе са святам асвячэння новага храма, заклікаўшы іх наведваць яго. Напрыканцы ўрачыстасці ён выказаў словы шчырай падзякі ўсім тым, хто меў дачыненне да будаўніцтва і аздаблення Мікольскай царквы, і ўручыў ім граматы Магілёўскай епархіі.
Урачыстасць сабрала шмат вернікаў – з Цяхціна і навакольных паселішчаў, Бялынічаў, Магілёва, Мінска… Прысутнічала на свяце, прыкладна каля двухсот чалавек. Паказальна, што сярод іх знаходзіліся і дзеці.
­ Вернікі мелі магчымасць паспавядацца, прычасціцца, атрымаць бласлаўленне ўладыкі Сафронія.
Святы Мікалай Мірлікійскі, згодна з хрысціянскай агіяграфіяй, жыў у ІУ стагоддзі і быў выбраны епіскапам малаазіяцкага горада Мір у вобласці Лікія (адсюль і Мірлікійскі). Многія з цудаў святога былі прысвечаны выратаванню мараплавальнікаў, тапельцаў, вызваленню палонных. Вядомы як заступнік земляробаў, клапоціцца пра ўр­аджай. Лічыцца правадніком на той свет душ памерлых.
У Беларусі здаўна ў праваслаўным набажэнстве важнейшае месца займаюць малітвы да Божай Маці і святога ўгодніка Мікалая. Гісторыкі сцвярджаюць, што з усіх хрысціянскіх храмаў і манастыроў Беларусі ў ХІІ – ХУІІІ стагоддзях каля чвэрці іх былі прысвечаны святому ўгодніку Мікалаю.
Свята ў гонар святога Мікалая адзначаецца двойчы на год: вясной – 22 мая і ўвосень – 19 снежня.

Міхась КАРПЕЧАНКА.
Фота аўтара.

 

­
Поделиться: