Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

10 июня

Філасофія і матэматыка сялянскага жыцця

Жыхарка вёскі Малы Кудзін Марына ЧАЙКОЎСКАЯ-БАХМАТ упэўнена, што чалавек сам адказны за свой лёс, а таму цалкам у яго сілах зрабіць свет вакол сябе крышачку лепшым.

Цэнтральная вясковая вуліца з традыцыйнай для многіх населеных пунктаў Бялыніччыны назвай – Школьная – крыху збочвае з шашы ў бок пасёлка Чырвоны Араты. Гэты бок вёскі Малы Кудзін выдзяляецца здалёк дыхтоўнай сядзібай. З ганку яе, як на далоні, адкрываецца найпрыгажэйшы від на ўсю вёску, навакольныя палі і лясы.

– Тут прыгожа і вясной, і летам, і зімой, і нават шэрай восенню, – усміхаецца гаспадыня сядзібы Марына Аляксандраўна. – Я некалі марыла застацца ў горадзе, а зараз успамінаю пра гэту мару з усмешкай. Можа, камусьці цікава асвойваць новыя месцы, вялікія гарады, а мяне, наадварот, прыцяг­нула родная зямля, ды так моцна, што і не хочацца, каб было па­іншаму. Гэты дом будавалі разам з мужам, самі прадумвалі планіроўку пакояў, большасць мэблі сабрана нашымі ўласнымі рукамі.

Марына робіць настаўнікам працоўнага навучання ў Галоўчынскай СШ, а яе муж Рыгор станочнікам у ДЛГУ «Бялыніцкі лясгас». У сям’і выхоўваюцца двое сыночкаў – Глеб і Герман.

Наведваючы гэту дружную сям’ю, не магла не заўважыць іх асаблівую рысу – працавітасць. Зараз многія маладыя сем’і ў сельскай мясцовасці, а хутчэй, можна сказаць, – пераважная іх большасць – пакідаюць на сваіх прысядзібных участках толькі кветнікі ды пару­тройку градак. А пра дапаможную гаспадарку і ўвогуле гаворка не ідзе.

Бахматы трымаюць на сваім падворку дзвюх кароў, цялятак, курэй, цэсарак. Гадоўляй элітных парод курэй займаюцца шмат гадоў. Віяндот серабрысты, Фавероль ласосевы, Амрокс, Маран чорна­медны… У назвах можна нават заблытацца. Марына Аляксандраўна дадае, што раней на іх падворку было больш за дзясятак розных парод птушкі. Зараз спыніліся на некалькіх, найбольш простых у доглядзе і эканамічна выгадных. Для сваіх гадаванцаў вырошчваюць шмат зерневых, траву на сена, бульбу.

– Многія, даведаўшыся, што мы трымаем такую вялікую гаспадарку, пакручваюць пальцамі каля скроняў, маўляў, навошта нам, маладым, траціць свой час на догляд за жывёлай і птушкай, чаму не пажыць для сябе? – задае рытарычнае пытанне жанчына і сама адказвае на яго:

– Можна, але хто тады створыць для нас камфортныя ўмовы для жыцця? Свае прадукты харчавання: малако, мяса, гародніна – гэта, па­першае – здароўе нашай сям’і, па­другое, калі мы рэалізуем лішкі прадукцыі, – яшчэ адна зарплата. Плюс і ў тым, што нам самім гэта цікава, а дзеці бачаць хатнюю жывёлу не ў заапарку і не па тэлевізары. Мы з мужам імкнёмся вырасціць нашых сыноў працавітымі, вучым іх дабрыні і спагадлівасці. Ці трэба паўтараць, наколькі станоўча адбіваюцца зносіны з братамі нашымі меншымі на эмацыйным стане дзяцей?

Хутка на падворку сям’і Чайкоўскіх­-Бахмат з’явіцца трэцяя малочная кароўка. Яе гадуюць з цялушкі Герды, якую летась спецыяльна пакінулі на племя.

Што тычыцца арганізацыі вольнага часу, якога ў сям’і не так ужо і мала, то ў асноўным трацяць яго на падарожжы, наведваюць памятныя месцы Беларусі, выязджаюць у госці да сяброў і родных.

Марына Аляксандраўна далучае да падарожжаў і вучняў 10 класа Галоўчынскай СШ, у якіх з’яўляецца класным кіраўніком. Нават у сённяшніх складаных эпідэміялагічных умовах яны пабывалі ў Брэсцкай крэпасці, музеі Вялікай Айчыннай вайны і многіх іншых памятных месцах. У планах – зрабіць экскурсію па роднай Бялын­іччыне.

– Усё пачынаецца з прывіцця любові да сваёй зямлі, тады, дзе б чалавек ні быў, як далёка не закінуў бы лёс, ён будзе памятаць і паважаць свае карані, заўсёды зробіць правільны выбар. Свой выбар – жыць у самым лепшым куточку зямлі побач са сваімі блізкімі і роднымі людзьмі – я ўжо зрабіла, – дадала Марына Аляксандраўна.

­

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота аўтара.

­

zara.by

Поделиться: