Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

27 июля

Наша бяда – дарогі і вада

­­Старшыня райсавета дэпутатаў Андрэй САЛАНІНКА ў рамках Адзінага дня інфармавання наведаў вёскі Запольскага сельсавета і правёў прыём грамадзян у памяшканні мясцовага сельвыканкама. ­

Раённая газета не аднойчы пісала аб праблемах жыхароў гэтага аддаленага куточка Бялыніччыны. У асноўным іх дзве: дрэнныя дарогі і сапраўдная бяда з пітной вадой.

Падчас сельскіх сходаў пры сустрэчы вяскоўцаў з прадстаўнікамі ўлады і спецыялістамі кампетэнтных служб гэтыя пытанні ўздымаліся і нават збольшага вырашаліся. Але ўхіл смела можна ставіць на слове «збольшага». Калі на аўтадарозе ад райцэнтра да Заполля зрабілі частковы рамонт, то праблема з пітной вадой застаецца актуальнай і набалелай.

Нагадаем: летась у вёсцы была ўведзена ў эксплуатацыю станцыя па абезжалезванні вады. Але запольцы нядоўга радаваліся, літаральна праз некалькі тыдняў вода зноў перафарбавалася ў колер яблычнага соку. Прадстаўнікі філіяла «Магілёўскі вадаканал» прызналі сваю памылку, некалькі разоў праводзілі рамонтныя работы, абяцалі да пачатку мая выправіць сітуацыю. Але ўжо прайшла палова лета, а якасць вады не асабліва палепшылася.

– Чыстую ваду мы бачылі самае большае – тыдзень, – звярнуліся да Андрэя Саланінкі адразу некалькі жыхарак Заполля. – Ужо нам і вадаправод прамылі, і фільтравальныя элемены на станцыі абезжалезвання замянілі, але лепшай вада не стала. І жалеза, згодна аналізу санстанцыі, у ёй утрымліваецца ў шмат разоў вышэй за норму. 

Для пацвярджэння сваіх слоў адна з жанчын, Лілія ЛІПАЙ, прадэманстравала слоік з вадой брудна-жоўтага колеру, якую набрала пару хвілін таму са сваёй калонкі.

Таксама жанчыны паскардзіліся, што ім налічваюць неверагодную колькасць кубаметраў скарыстанай вады.

– Вада ў дом не праведзена, бярэм толькі з калонкі, але за апошні месяц мне налічылі ажно 12 м? патрачанай вады, – сказала пенсіянерка Валянціна БЕКМАНСУРАВА. – Нават калі ўлічыць спякотнае лета, паліў агародаў, то я проста фізічна не магу выбраць з калонкі столькі вады. Тым больш, агарод у мяне невялікі, дапаможную гаспадарку не трымаю. Так, за брудную ваду нам зрабілі зніжку 15 %, але праблема не ў кошце, а ў адэкватным падыходзе да нашых патрэб. Я ж не паліваю дрэвы на вуліцы!

Андрэй Аляксандравіч патлумачыў жанчынам, што справа з забеспячэннем жыхароў вёскі чыстай пітной вадой знаходзіцца на кантролі ў аблвыканкаме. А значыць, работа па выпраўленні памылак прадоўжыцца. Што тычыцца вялікіх «жыровак» і парадку налічэння расходаванай вады, вяскоўцам таксама будуць дадзены тлумачэнні і, калі знойдзецца магчымы шлях вырашэння сітуацыі, яго абавязкова прыменяць.

Жанчыны таксама ўзнялі пытанне слабага пакрыцця іх мясцовасці сотавай сувяззю. Летам у вёскі Запольскага сельсавета прыязджае шмат дачнікаў, многія жывуць цэлы сезон, багатыя ягадныя і грыбныя месцы прыцягваюць шмат наведвальнікаў лясоў. Але каб пагаварыць па мабільніку, трэба яшчэ знайсці месца з устойлівым сігналам. А ці мала які важны званок трэба зрабіць, тую ж хуткую дапамогу выклікаць?

Яшчэ адна жыхарка Заполля звярнулася да старшыні райсавета дэпутатаў з просьбай пасадзейнічаць з дастаўкай дроў. Гэту паслугу выконваюць у Кіраўскім лясніцтве. А вось з іх дастаўкай перыядычна ўзнікаюць цяжкасці, бо тэхніка не заўсёды бывае свабоднай.

Па словах старшыні Запольскага сельсавета Святланы ВАЛЧКОВАЙ, на чарзе на атрыманне дроў стаіць некалькі дзясяткаў чалавек, і яны дастаўляюцца вяскоўцам неперыядычна, хоць па кошце іх і якасці пытанняў не ўзнікае.

На прыём завітала і жыхарка Дручан, якая прасіла дапамагчы вырашыць жыллёвае пытанне. Яна адпрацавала больш за 20 гадоў у тадышнім саўгасе «Падзевічы», а зараз робіць у школе. Муж часова не працуе, бо, па словах жанчыны, даглядае дапаможную гаспадарку. У сям’і гадуецца дзіця малодшага школьнага ўзросту, якому таксама складана дабірацца да школы. У Заполлі ёсць свабоднае жыллё, але яго выдзяляюць толькі тым сем’ям, у якіх хоць адзін чалавек працуе ў ААТ «Новая Друць».

Андрэй Саланінка спытаў жанчыну, ці зможа яе муж працаўладкавацца ў гаспадарцы, тады пытанне з атрыманнем жылля будзе лягчэй вырашыць.

Падчас прыёму было закранута і яшчэ адно набалелае пытанне жыхароў Заполля – дарогі. За іх утрыманне адказваюць працаўнікі ДРБУ-170. Хоць месцамі на дарозе быў пакладзены новы асфальт, паміж Баханямі і Заполлем не ўсе ямы былі засыпаны, а тыя, што рамантавалася, зноў выбілі коламі вялікагрузныя машыны: лесавозы і сельгастэхніка. Нядаўна грэйдар «падправіў» дарогу каля вёскі Макаўка, а па факце толькі ўзрушыў яе яшчэ больш. Дастаткова добрага дажджу і да вёскі не будзе як дабрацца.

­

Андрэй Аляксандравіч паабяцаў, што і гэта пытанне не застанецца без увагі. Дарэчы, пасля заканчэння прыёму ён і сам наведаў Макаўку.

– Сапраўды, дарога ў вёсцы пакідае жадаць лепшага, – рэзюмаваў у гутарцы з карэспандэнтам раённай газеты Андрэй Саланінка. – На жаль, большасць пытанняў у вяскоўцаў узнікла ў выніку чалавечай абыякавасці – недарабілі, недагледзелі, не ўніклі… І гэта спараджае ў людзей негатыў, недавер да ўлады, адчуванне, што раз яны жывуць у глыбінцы, то нікому не патрэбныя. Насамрэч гэта не так. Усе пытанні, што вяскоўцы задавалі падчас прыёму, узяты на кантроль, без адказу яны не застануцца.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара і з архіва райсавета дэпутатаў.

zara.by

­­ Поделиться: