Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

16 марта

Месца спаткання мудрасці і маладосці

Учора вялікая зала раённага Цэнтра культуры была перапоўненая. Там праходзіла ўрачыстае мерапрыемства “Сустрэча пакаленняў”, якое прысвячалася адразу двум святам: 25-годдзю Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў і Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Традыцыйна ў рамках акцыі ГА “БРСМ” “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” лепшыя школьнікі раёна ў гэты дзень атрымалі галоўны дакумент у жыцці кожнага чалавека – пашпарт.
Павіншаваць пажылых людзей і моладзь завітаў старшыня райвыканкама Аляксандр Варонін.
- Юбілей ветэранскага руху – гэта яшчэ адна магчымасць падзякаваць ветэранаў за вялізны ўклад у развіццё раёна, актыўную жыццёвую пазіцыю, шматгадовую добрасумленную працу, дабрыню і мудрасць, - адзначыў Аляксандр Мікалаевіч. - Сёння менавіта вы, пажылыя людзі, з’яўляецеся выдатным прыкладам для моладзі, вучаце іх любіць сваю Радзіму, рабіць усё для таго, каб яна квітнела. Гледзячы на сталае пакаленне, хлопцы і дзяўчаты растуць дастойнымі грамадзянамі нашай краіны.
Ганаровыя граматы райвыканкама за актыўны ўдзел у ветэранскім руху раёна і ў сувязі з 25-гадовым юбілеем аб’яднання Аляксандр Варонін ўручыў ветэранам працы Інэсе Зайкоўскай і Яўгену Несцярэнка.
Эмацыянальным атрымалася выступленне начальніка камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Святланы Тарасенка. Ганаровымі граматамі і падарункамі камітэта яна ўзнагародзіла ветэранаў працы Артура Вільнеўскага, Алену Куранок і Жанну Гарадзецкую.
Цырымонію ўзнагароджвання прадоўжыў намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Котаў. Адпаведнымі ганаровымі граматамі былі адзначаны старшыня раённага Савета грамадскага аб’яднання ветэранаў Яўген Чарнякоў, а таксама Эмілія Міткевіч і Валянціна Іванова.
Не засталіся ўбаку ад віншаванняў і раённыя арганізацыі рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднанняў: “Беларускі фонд міру”, “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын”, “Беларускага таварыства Чырвонага крыжа”. Іх кіраўнікі, адпаведна, Надзея Серыкава, Лідзія Шчацінка, Ірына Фурсава і Алена Французава каштоўнымі падарункамі і грашовымі прэміямі ўзнагародзілі дзевяцярых ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы.
Сказаць добрыя словы на адрас былых работнікаў завіталі кіраўнікі сельгасарганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна: ДУК ДБП “ПМК-241”, ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас”, ЦРБ, СВК “Калгас “Радзіма”, ААТ “Новая Друць”, райста і іншыя. Падарункі на мерапрыемстве атрымалі амаль усе прысутныя ў зале пенсіянеры.
- Мне прыемна, што кіраўніцтва ПЛ №17 не забываецца на сваіх ветэранаў працы, - падзяліўся былы майстар установы Сцяпан Дудкін. – Увага больш за ўсё патрэбна пажылым людзям.
Пасля завяршэння цырымоніі ўзнагароджвання ветэранаў працы адбылося ўрачыстае ўручэнне пашпартоў лепшым бялыніцкім школьнікам, якім споўнілася шаснаццаць гадоў. Апроч галоўнага дакумента, 21 хлопец і дзяўчына атрымалі кніжкі “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
З наказам да школьнікаў звярнулася ветэран педагагічнай працы Інэса Зайкоўская, якая пажадала ім быць працалюбівымі і добрасумленнымі людзьмі, дасягнуць пастаўленай мэты.
- Гонар раёна не пасаромім, - ад імя моладзі адзначыла вучаніца 10 класа СШ №2 Аліна Бондарава. – Вырасцем дастойнымі людзьмі!
 (“Зара над Друццю”, Іна КАРАЛЁНАК)

Поделиться: