Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

27 августа

Лечаць і сцены…

Не прайшло і месяца пасля адкрыцця неўралогіі, а ў ЦРБ новае свята – пасля капітальнага рамонту адчынілася другое хірургічнае аддзяленне.
Павіншаваць медыкаў з такой падзеяй завіталі старшыня райвыканкама Аляксандр Варонін, начальнік Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Беларусі па Магілёўскай вобласці Раіса Лычкоўская, намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Сяргей Батоўскі, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў Бялыніччыны.
– Хірургічная служба вашага раёна адна з лепшых на Магілёўшчыне, -- адзначыў Сяргей Батоўскі. – Прафесіяналізм калектыву гэтага аддзялення не ставіцца пад сумненне. Мы разумеем, у сучасных умовах складана працаваць без навейшага абсталявання, таму робім усё для таго, каб своечасова яго набыць. У мінулым годзе ЦРБ атрымала лапараскапічную стойку, дзякуючы якой праведзены больш за сто аперацый. Зараз упраўленне аховы здароўя дорыць медыкам хірургічны стол. І надалей мы не пакінем вас сам насам з праблемамі.
Правядзенне рамонтных работ у другім хірургічным аддзяленні ў роўных частках фінансаваліся з абласнога і раённага бюджэтаў, а іх выкананнем займаліся будаўнікі ПМК “83-Водбуд”. Пасля шасці месяцаў плённай працы ўтульныя двух-, трох-, чатырохмесныя палаты гатовы прыняць пацыентаў. Абарудаваны асобныя палаты для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
– Умовы працы персаналу і знаходжання пацыентаў значна палепшыліся, -- адзначыў загадчык хірургічнага аддзялення Аляксандр Нізаўцоў. – Не хачу сказаць, што сцены лечаць, але яны ўсё ж такі ствараюць атмасферу для больш хуткага выздараўлення. Наш калектыў, як прынята казаць, здаровы, адукаваны, адказны і самаадданы. Канечне, хочацца павялічыць дыягнастычныя магчымасці. Але і з тым абсталяваннем, што мае, здольны аказваць своечасовую і якасную медыцынскую дапамогу.
Як і любое свята, адкрыццё хірургічнага аддзялення не абышлося без падарункаў. Кіраўнік раёна ўручыў Аляксандру Нізаўцову тэлевізар, Раіса Лычкоўская – камп’ютар, старшыня прафсаюзнага камітэта СВК “Лебядзянка” Тамара Ларкова – халадзільнік. Не засталіся ў баку і іншыя госці. Напрыклад, дырэктар БУКП “Жылкамгас” Віктар Івулёў папрасіў загадчыка хірургічнага аддзялення падумаць, што неабходна медыкам для плённай працы. І паабяцаў адразу ж пасля адказу набыць падарунак.
Госці атрымалі магчымасць на ўласныя вочы пабачыць, у якіх ўмовах будзе працаваць калектыў хірургічнага аддзялення. Падчас міні-экскурсіі галоўны ўрач ЦРБ Віктар Пянькоўскі падзяліўся думкамі наконт рамонту памяшканняў першага хірургічнага аддзялення і аперацыйнага блоку.
Маргарыта ДУДАЛЬ.
На здымках:1) (злева направа) Аляксандр Нізаўцоў, Аляксандр Варонін, Раіса Лычкоўская, Віктар Пянькоўскі і Сяргей Батоўскі адкрываюць другое хірургічнае аддзяленне; вось такія ўмовы створаны для лячэння пацыентаў;
Фота Максіма ГЛУХАВА.

Поделиться: