Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

7 февраля

На пасяджэнні райвыканкама

На чарговым пасяджэнні райвыканкама, на якім прысутнічаў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, разгледжаны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця і выканання бюджэту раёна за 2012 год.
Мінулы год для эканомікі Бялыніччыны, як, зрэшты, і краіны ў цэлым, быў няпросты. Кажучы аб нашым раёне, трэба мець на ўвазе і тое, што за 2011 год мы дасягнулі даволі-такі значных поспехаў у сацыяльна-эканамічным развіцці, аб чым яскрава сведчыць трэцяе месца ў абласным спаборніцтве. Прыбаўляць да атрыманага было вельмі складана. Тым не менш і ў 2012 годзе забяспечана станоўчая дынаміка росту якасных і колькасных паказчыкаў развіцця. Напрыклад, выкананы 7 з 9 асноўных прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. Магілёўская вобласць, для параўнання, з 19 такіх паказчыкаў выканала толькі 12.
Як падкрэсліла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Мікалуцкая, раён не выканаў два, але надзвычай важныя, прагнозныя паказчыкі: рост прадукцыі сельскай гаспадаркі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак склаў 103,1 працэнта пры запланаваным тэмпе 104,5; прыцягнута 94,4 тысячы долараў ЗША прамых замежных інвестыцый замест 3 мільёнаў, вызначаных прагнозам.
На пасяджэнні райвыканкама Святлана Мікалуцкая дэтальна прааналізавала дзейнасць арганізацый рэальнага сектара эканомікі раёна за мінулы год. Работу прамысловай сферы яна ахарактарызавала як устойліва стабільную – забяспечана 179,9 працэнта аб’ёму вытворчасці прадукцыі. Калектыў пратэінавага завода павялічыў вытворчасць прадукцыі ў 2,2 раза, у 2,1 раза вырасла прадукцыйнасць працы, у 2 разы пабольшылі экспартныя пастаўкі. На гэтым прадпрыемстве дасягнуты і самы высокі ў раёне паказчык стварэння прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю: за леташнія 9 месяцаў яна на аднаго работніка завода склала 160,6 млн рублёў пры сярэдняраённых 65,2 мільёна. Заўважым, што гэта адзін з найгалоўнейшых паказчыкаў, на які нацэлена эканамічная стратэгія развіцця рэгіёнаў і краіны ў цэлым.
-Улічваючы тое, што ўдзельная вага дабаўленай вартасці ў аб’ёме вытворчасці ААТ “Бялыніцкі пратэінавы завод” дасягнула амаль 65 працэнтаў, - тлумачыць Святлана Вітальеўна, - гэта з’яўляецца выразным сведчаннем дастаткова аптымальнай і эфектыўнай сістэмы арганізацыі вытворчага працэсу як па тэхналогіі, гэтак і па колькасці занятага ў ім персаналу.
Характарызуючы ў цэлым удзел прадпрыемстваў і арганізацый Бялыніччыны ў стварэнні дабаўленай вартасці, агульная сума якой за тры кварталы 2012 года склала 259 млрд рублёў, намеснік старшыні райвыканкама падкрэсліла, што 23 працэнты яе (65 млрд руб.) былі сфарміраваны ААТ “Новая Друць”, дзе атрыманы другі ў раёне паказчык дабаўленай вартасці на 1 работніка – 127,7 млн рублёў. У СВК “Калгас “Радзіма” – 97,1 млн рублёў, аўтапарку № 7 – 82,7, ПМК № 241 і ДЭУ № 74 РУП “Магілёўаўтадар”– па 79 мільёнаў рублёў. Астатнія шэсць арганізацый з пятнаццаці не дасягнулі нават сярэднераённай велічыні.
Павелічэнне ўсіх складнікаў дабаўленай вартасці: аплата працы, прыбытак, амартызацыйныя адлічэнні, якія выступаюць і як вынік прыцягнення інвестыцый, і ў якасці адной з іх крыніц, - з’яўляюцца сёння асноўнай мэтай дзейнасці ўсіх арганізацый і прадпрыемстваў.
Да слова сказаць, інвестыцыйная дынаміка ў цэлым характарызуецца пэўным павелічэннем тэмпаў у параўнанні з папярэднім годам. Летась былі прыцягнуты ў асноўны капітал 618 млрд рублёў, што склала 116,1 працэнта. Але арганізацыі мясцовага падпарадкавання, без уліку СВК, здолелі выкарыстаць толькі 34,5 млрд рублёў з запланаваных 37 мільярдаў.
Дакладчык засяродзіла ўвагу прысутных і на тым, што інвестыцыйнае напаўненне ў асноўным складаюць будаўніча-мантажныя работы, а на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў патрачаны 83,3 млрд рублёў, што адпавядае 13,5 працэнта ад агульнай іх сумы.
-Гэта негатыўная тэндэнцыя, - канстатуе Святлана Мікалуцкая. – Мы зацікаўлены ў росце менавіта гэтага сектара інвестыцый, паколькі гэта дабаўленая вартасць у прадукцыі, работах, паслугах.
Што ж да прыцягнення прамых замежных інвестыцый, то, нягледзячы на размеркаванне персанальнай адказнасці паміж куратарамі, ні ад сферы будаўніцтва, ні з сельскагаспадарчай галіны цягам прамінулага года аніякіх прапаноў не паступіла. Толькі літоўскі інвестар (прамысловасць) стварыў прыватнае прадпрыемства па вытворчасці дзвярэй. У выніку, за апошнія чатыры месяцы мінулага года былі асвоены 94,4 тысячы долараў прамых замежных інвестыцый.
Да выкання прагнознага паказчыка па тэмпе росту вытворчасці валавой прадукцыі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак раёну не хапіла 1,4 працэнта, сельскагаспадарчымі арганізацыямі – 5,2 працэнта. Выканала даведзенае заданне толькі адна гаспадарка – СВК “Калгас “Радзіма”.
Што паўплывала на невыкананне? Усе сельгаспрадпрыемствы, за выключэннем СВК “Калгас “Радзіма” і “Лебядзянка”, не выканалі заданні па вытворчасці малака, а СВК “Ількавічы”, “Кудзін”, “Лебядзянка”, ААТ “Падзевічы” – па прадукцыі вырошчвання жывёлы. Чатыры гаспадаркі (СВК “Кудзін”, “Лебядзянка”, ААТ “Падзевічы” і райаграпрамтэхзабеспячэнне) маюць нездавальняючую структуру якасці малака, на чым, да слова сказаць, губляюць значныя грошы. Напрыклад, гатункам “экстра” за мінулы год па раёне рэалізавана 48,7 працэнта малака з 40237,2 тоны яго. Вышэйшым – 30,4, першым – 19,9 працэнта і 1 працэнт – другім. Найбольшую колькасць малака гатункам “экстра”, гэта значыць – па найвышэйшым кошце, адправілі на перапрацоўку СВК “Ількавічы”, ААТ “Новая Друць”, СВК “Калгас “Радзіма”.
Вызначаны паказчык па таварнасці малака забяспечыў толькі СВК “Калгас “Радзіма”: 91,1 працэнта пры 87,3 у сярэднім па раёне.
Рост прадукцыйнасці працы, павелічэнне прыбытку і заработнай платы з’яўляюцца важнейшымі прыярытэтамі дзейнасці суб’ектаў гаспадарання, паколькі ад гэтага напрамую залежыць узровень жыцця чалавека, яго дастатак. За мінулы год на Бялыніччыне ў паўтара раза павялічыўся прыбытак ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг і на 140 працэнтаў – чысты прыбытак, які склаў 59,7 млн рублёў. Разам з гэтым, дапушчана зніжэнне рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі з 12,1 да 9,6 працэнта і рэнтабельнасці продаж – з 9,5 да 7,7 працэнта. З 21 прадпрыемства змінусавалі тут 11 і 8 з іх адносяцца да прадпрыемстваў мясцовага падпарадкавання. Але самае значнае зніжэнне дапусціла прадпрыемства рэспубліканскага падпарадкавання: лясгас – з 15 да 0,6 працэнта.
Варта адзначыць, што ў раёне адсутнічаюць арганізацыі з нулявой і адмоўнай рэнтабельнасцю.
Істотнага прыросту рэнтабельнасці дабіліся: ДЭУ № 74 РУП “Магілёўаўтадар”, ААТ “ПМК № 82 Водбуд”, ААТ “Аграсервіс” і некаторыя іншыя.
Пры заданні 7 працэнтаў рэнтабельнасць продаж у сельгасарганізацыях склала 17 працэнтаў. Дасягнуты ўзровень у многім забяспечаны дзякуючы СВК “Калгас “Радзіма”, “Ількавічы”, ААТ “Новая Друць”. Самы нізкі ўзровень яе ў райаграпрамтэхзабеспячэнні (2,1) і ААТ “Падзевічы” (3,4 працэнта). Асноўныя прычыны скрываюцца ў аб’ёмах і якасці прадукцыі, стратнасці вырошчвання некаторых сельгаскультур, напрыклад, жыта, аўса... Хоць, думаецца, што ўсе і ўсюды пераканаліся ўжо: чым больш атрымана прадукцыі, тым і вышэйшыя аб’ёмы яе рэалізацыі, а значыць, і большая рэнтабельнасць продаж, што ў канчатковым выніку прыводзіць і да росту заработнай платы, якая павінна быць дастойнай.
Канечне, колькасныя і якасныя паказчыкі не з’яўляюцца выключнай самамэтай. Мэта – забеспячэнне няўхільнага росту дабрабыту насельніцтва. Дасягнуць гэтай задачы, канечне ж, можна толькі праз паспяховае выкананне гэтых паказчыкаў, нарошчваючы аб’ёмы вытворчасці якаснай, запатрабаванай прадукцыі, паслуг. Дзеля гэтага і трэба добра працаваць, бо іншага варыянту няма.
Сярод многіх прычынаў, якія не дазволілі раёну паспяхова выканаць усе прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, старшыня райвыканкама назваў, асабліва выдзеліўшы, і такую: недастатковае ўсведамленне персанальнай адказнасці.
-Не трэба канстатаваць узніклыя праблемы, - сказаў ён, звяртаючыся да кіраўнікоў гаспадарак, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый. – Іх трэба папярэджваць, аператыўна і якасна вырашаць. А пастаўленыя задачы на 2013 год трэба ўсвядоміць, прыняць і вырашаць. І тут мы чакаем значнага прыбаўлення ў працы ад калектываў тых прадпрыемстваў, гаспадарак, якія менш паспяховыя.
Генадзь Лаўранкоў, заўважыўшы, што ў Магілёўскай вобласці толькі Бялыніцкі раён ушчыльную наблізіўся да выканання дзяржаўнай праграмы “Малако”, звярнуў увагу на вельмі важны, істотны рэзерв: уменне спецыялістаў, і ў першую чаргу эканамістаў, рабіць дакладны, прафесійны аналіз, прадбачваць магчымыя страты і калі не ўхіляць іх цалкам, то мінізаваць, канкрэтна разлічваць перспектывы развіцця.
-Пакуль не пачнеце дакладна лічыць, чаканага выніку не атрымаеце. Эканаміст павінен ісці ў эканоміку, - пераканаўча даводзіць Генадзь Міхайлавіч, - а не ў вытворчасць. Ён абавязаны генерыраваць ідэі, глядзець наперад, у заўтрашні дзень.
Задачы працоўным калектывам раёна пастаўлены складаныя – сёлета зрабіць трэба будзе больш, чым зроблена было за папярэдні год, а для гэтага давядзецца прыкласці нямала намаганняў, каб здзейсніць своеасаблівы прарыў у тэхналогіях, падыходах да арганізацыі працы, ва ўпраўленчай свядомасці.
(Міхась КАРПЕЧАНКА, «Зара над Друццю»).
Поделиться: