Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

5 апреля

У Галоўчыне адкрыта мемарыяльная дошка Міхаілу Севярнёву

«Оставь след, но не навреди,
Коль идёшь впереди», - Міхаіл Севярнёў.
У аграгарадку Галоўчын 4 красавіка ўрачыста адкрылі інфармацыйна-мемарыяльную дошку земляку, дзяржаўнаму дзеячу, акадэміку НАН Беларусі і РАСГН, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі БССР, доктару тэхнічных навук, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Міхаілу Севярнёву. Яна ўстаноўлена на фасадзе будынка сярэдняй школы, у якой з 1938 па 1941 гады вучыўся Міхаіл Максімавіч.
Варта адзначыць і тое, што Галоўчынскі сельсавет на сёння з’яўляецца, мабыць, адзіным у Беларусі, дзе так мэтаскіравана ажыццяўляецца праграма мемарыялізацыі мясцовых гістарычных падзей, ушанавання знакамітых землякоў. Дастаткова сказаць, што толькі за апошняе паўгоддзе на тэрыторыі яго адкрыты памятны знак у гонар героя Айчыннай вайны 1812 года Дзяніса Давыдава, ушанавана памяць руплівага трактарыста СВК “Кудзін” Васіля Кацяшова. Адкрылі памятную дошку Міхаілу Севярнёву, вырашаецца пытанне ад найменаванні вуліцы вёскі Сурды прозвішчам загінулага ў афганскай вайне прапаршчыка Міхаіла Зайцава. Мясцовыя аматары мінуўшчыны роднага краю, сярод якіх старшыня сельсавета Пётр Міхалькоў, кіраўнік СВК “Кудзін” Адам Сачыловіч, краязнаўца Васіль Цыркуноў і многія іншыя, выношваюць яшчэ шмат цікавых ідэй і задумак.
Адкрыццё мемарыяльнай дошкі было прымеркавана да гадавіны з дня смерці Міхаіла Севярнёва. Удзел у гэтым мерапрыемстве прынялі і вучні Міхаіла Максімавіча – акадэмікі НАН Беларусі Леанід Герасімовіч і Генадзь Гануш, генеральны дырэктар РУП “Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі” Уладзімір Самасюк, доктар тэхнічных навук, прафесар, дэкан інжынерна-тэхналагічнага факультэта  Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Таісія Троцкая,  прафесар БДАТУ Уладзімір Дашкоў і іншыя.
Кіраўніцтва РУП “Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі” ўзнагародзіла калектыў Галоўчынскай школы за актыўную і выніковую працу па ўвекавечванні памяці акадэміка Міхаіла Севярнёва Дыпломам і Ганаровым знакам, а таксама абвясціла аб заснаванні для лепшага выпускніка школы, які пажадае паступіць на вучобу ў аграрную ВНУ, штогадовай прэміі імя М. М. Севярнёва.

ugalov_2013__2
На ўрачыстым мітынгу з нагоды адкрыцця інфармацыйна-мемарыяльнай дошкі з прамовамі выступілі старшыня Галоўчынскага сельсавета Пётр Міхалькоў, генеральны дырэктар РУП “Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі” Уладзімір Самасюк, дырэктар НПТАА “Алкід” Уладзімір Сахадзе, дацэнт БДУІіР, сын Міхаіла Максімавіча, Аляксандр Севярнёў, намеснік старшыні райвыканкама Надзея Серыкава, краязнаўца Васіль Цыркуноў, дырэктар Галоўчынскай СШ Ірына Глушак. Яны адзначылі вялікі ўклад акадэміка і дзяржаўнага дзеяча, выдатнага прадстаўніка беларускай і расійскай навуковай інтэлігенцыі, буйнейшага вучонага Міхаіла Севярнёва ў развіццё аграрна-тэхнічнай навукі, механізацыі сельскай гаспадаркі. Стварыўшы надзейныя і даўгавечныя сельскагаспадарчыя машыны, падрыхтаваўшы плеяду вучняў і паслядоўнікаў, якія жывуць і працуюць практычна ва ўсіх краінах былога СССР, Міхаіл Максімавіч тым самым увекавечыў і сябе – вучонага яркага таленту, мужнага патрыёта і выдатнага арганізатара навукі.
Вучні Міхаіла Максімавіча сардэчна падзякавалі галоўчынцам за тое, што яны берагуць памяць пра свайго выдатнага земляка.

***
Акадэмік Міхаіл Севярнёў (1921 – 2012) нарадзіўся ў вёсцы Север Галоўчынскага сельсавета. З’яўляецца аўтарам 42 вынаходніцтваў, больш за 500 навуковых прац, сярод якіх 16 манаграфій.
Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, аспірантуру. Працаваў загадчыкам лабараторыі (з 1954), дырэктарам (1965 - 1972, 1978 - 1983) Цэнтральнага НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадакі Нечарназемнай зоны СССР, намеснікам Старшыні Савета Міністраў БССР (1972-1976), старшынёй экспертнай камісіі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхніцы СССР і Навукова-метадычнага савета па праблемах рэсурсазберажэння, віцэ-прэзідэнтам Акадэміі аграрных навук Беларусі.
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двума – Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны”, медалямі “За адвагу”, “За ўзяцце Кенігсберга” і інш.
Пад яго кіраўніцтвам абаронены 5 доктарскіх і больш за 40 кандыдацкіх дысертацый.
Міхась КАРПЕЧАНКА, “Зара над Друццю”

Поделиться: