Міжрэгіянальны семінар для спецыялістаў прадпрыемстваў і арганізацый па пытаннях энергазберажэння адбыўся у Бялынічах. Удзел у ім прынялі галоўны энергетык аддзела механізацыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Дзівакоў, галоўныя спецыялісты вытворча-тэхнічнага аддзела Магілёўскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем топліўна-энергетычных рэсурсаў Мікалай Лысевіч і Эма Урублеўская, намеснікі старшыняў Бялыніцкага і Круглянскага райвыканкамаў Андрэй Ерашэнка і Мікалай Гронскі, прадстаўнікі прадпрыемстваў двух раёнаў.
Удзельнікі семінару абмеркавалі асаблівасці арганізацыі ўліку і нарміравання энергарэсурсаў, аспекты дзяржаўнай справаздачнасці па пытаннях энергазберажэння і іншыя пытанні.
Са змястоўнай аналітычнай справаздачай аб асноўных прыярытэтных напрамках энергазберажэння ў сферы АПК вобласці выступіў галоўны энергетык аддзела механізацыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Дзівакоў. Ён звярнуў увагу на тое, што, нягледзячы на эфектыўную дзейнасць абодвух раёнаў па выкананні мерапрыемстваў, накіраваных на вырашэнне пытанняў па энергазберажэнні, у некаторых сельгаспрадпрыемствах існуюць пэўныя праблемы з разлікам за электрычную энергію. У іх ліку ААТ “Падзевічы”, “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, СВК “Кудзін”. Апроч таго, у асобных гаспадарках адсутнічаюць прыборы ўліку вады. Пазбегнуць жа гэтых і іншых недахопаў у дадзенай сферы можна толькі дзякуючы зладжанай працы энергаслужбаў арганізацый.
Падчас канструктыўнага дыялогу ўдзельнікі семінару атрымалі грунтоўныя адказы на хвалюючыя пытанні і карысныя рэкамендацыі ад спецыялістаў галіны.
Поделиться: