Святочныя лінейкі, прымеркаваныя да пачатку новага навучальнага года, прайшлі ўчора ва ўсіх установах адукацыі нашага раёна. У святочных мерапрыемствах прынялі удзел прадстаўнікі мясцовай улады, кіраўнікі прадпрыемстваў і гаспадарак, грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў.
Сёлета за парты ў Дзень ведаў селі больш за 2 тысячы вучняў Бялыніччыны, 209 з іх – упершыню.
У СШ№ 2 райцэнтра ў гэты сонечны вераснёўскі ранак было шматлюдна. На школьным двары сабраліся вучні, настаўнікі, бацькі і родныя. Завіталі на свята і шаноўныя госці, у ліку якіх старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Варонін і настаяцель царквы ў гонар маці Божай Бялыніцкай, пратаіерэй айцец Сергій. Распачалося ўрачыстае мерапрыемства з прывітальнага слова дырэктара ўстановы Уладзіміра Котава. Уладзімір Міхайлавіч падзякаваў ўсім тым, хто аказаў дапамогу ў падрыхтоўцы школы да чарговага навучальнага года, а таксама выказаў спадзяванне, што сёлетнія вынікі вучобы і працы калектыву будуць не менш значныя, чым летась.
Сёлета вучнёўскі калектыў СШ №2 папоўніў 71 першакласнік. Наперадзе іх чакаюць новыя веды і адкрыцці. У завяршэнні лінейкі ўсе першакласнікі атрымалі падарунак - кнігі “Беларусь – наша Радзіма”. Пасля школьны званок паклікаў вучняў на першы ў гэтым навучальным годзе ўрок. Сёлета яго тэма: “Як ты сэрцу майму міла, дарагая Беларусь”.
Поделиться: