Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, мастак Віктар Альшэўскі:
“Я шчаслівы, бо маю магчымасць прыехаць да вас”
У мінулую пятніцу ў раённым мастацкім музеі імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі ўрачыста адкрылася юбілейная выстава твораў вядомага беларускага жывапісца Віктара Альшэўскага “Калона славы”. Яна прымеркавана да 60 –годдзя з дня нараджэння мастака і 40-годдзя яго творчай дзейнасці. На адкрыцці выставы прысутнічаў сам творца, а таксама намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка, начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Анатоль Сінкавец, начальнік Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Беларусі па Магілёўскай вобласці Раіса Лычкоўская, кіраўніцтва раёна, удзельнікі Міжнароднага пленэра па жывапісу “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве”, які акурат у гэтыя дні праходзіць на Магілёўшчыне, прадстаўнікі Цяхціншчыны – Бацькаўшчыны вядомага беларускага мастака. У сваіх выступленнях яны адзначылі, што адкрыццё выставы з’яўляецца знакавай і значнай падзеяй у культурным жыцці не толькі Бялыніччыны, але і ўсёй Беларусі. Валерый Малашка, напрыклад, падкрэсліў, што, бадай, кожная карціна Віктара Альшэўскага – загадка: сімвалы, сабраныя разам, і на першы погляд быццам нічым не звязаныя, успрымаюцца іррэальна. Як зашыфраванае пасланне. Прачытанне зместу карцін у многім залежыць ад уяўленняў самога гледача.
У сваім звароце да мастака і прысутных у музеі Анатоль Сінкавец паведаміў, што выстава “Калона свята” пасля Бялынічаў будзе дэманстравацца ў кожным райцэнтры Магілёўшчыны.
Было бачна, як прыемна ўразіла мастака і выступленне вядомага далёка за межамі раёна фальклорнага ансамбля “Журавінка” з Цяхціна. Таленавітыя жанчыны адну са сваіх прыпевак прысвяцілі і яму, знакамітаму земляку:
Як жа нам не ганарыцца
Віктарам Альшэўскім?
Ён не толькі мастак,
Але й акадэмік!
На выставе “Калона славы” прадстаўлены 23 работы, напісаныя падчас міжнародных пленэраў “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве”, якія прысвячаліся памяці Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Паўла Масленікава, а таксама партрэты, канцэптуальна вызначаныя карціны метафарычнага мастацкага мыслення, якое ўключае ў сябе абагуленыя вобразы сусветных цывілізацый, нацыянальнай культуры, адметныя глыбокім філасофскім прачытаннем і асэнсаваннем рэчаіснасці, яе сувязямі з сусветнай гісторыяй і культурнай спадчынай. Пазнаёміўшыся з гэтымі палотнамі, можна ўпэўнена сцвярджаць, што Віктар Альшэўскі сваёй творчасцю актыўна набліжае далёкае і блізкае замежжа да Беларусі, яднае цывілізацыі, знаходзячы ў іх шмат агульнага, роднаснага.
Мастак аддае перавагу буйным формам, шмат эксперыментуе, творча выкарыстоўвае прынцыпы мантажу, пазалачонай паверхні, насычае карціны знакамі, сімваламі, дэталямі, спалучае вобразнасць і канструкцыйнасць пабудовы кампазіцыі, рэалізм і сюррэалізм і такім чынам стварае пазачасовую прастору. На яго многіх палотнах фігуры абстрагуюцца ад рэаліяў, страчваюць сваю пазнавальнасць. Людзі ўспрымаюцца як марыянеткі, лялькі, а перспектыва аддаляецца настолькі, што становіцца толькі фонавай колеравасцю.
Прафесар Беларускай акадэміі мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, кіраўнік сталічнага Цэнтра сучасных мастацтваў Віктар Альшэўскі нарадзіўся ў вёсцы Вугольшчына. Паспяхова вытрымаўшы ўступныя іспыты, з пятага класа ён вучыцца ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка, затым – у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце на кафедры манументальнага мастацтва. Яго настаўнікамі былі такія адметныя майстры, як народныя мастакі Беларусі Гаўрыіла Вашчанка і Васіль Шаранговіч, прафесар Анатоль Бараноўскі. Затым наступіў плённы перыяд працы ў творчых майстэрнях Акадэміі мастацтваў СССР пад кіраўніцтвам народнага мастака СССР Міхаіла Савіцкага. Гэта школа адкрыла для Віктара Альшэўскага ўнікальную магчымасць тэарэтычнага і практычнага спасціжэння мастацтва як універсальнай, канцэптуальнай формы мыслення.
Канечне ж, паўплывала на фарміраванне яго таленту, мастацкага густу і непаўторна цудоўная прырода Прыдруцкага краю.
-На другім годзе майго жыцця, - расказвае журналісту “Зары над Друццю” Віктар Уладзіміравіч, - мая сям’я пераехала жыць у вёску Вялікія Бялевічы. Цяпер, бываючы там, часта гляджу на Вугольшчыну. Яна знаходзіцца на горцы і нібыта плыве, узнімаецца ў неба... Як карабель...
Яшчэ школьнікам у бацькоўскай хаце Віктар акварэльнымі фарбамі намаляваў сваю першую буйную манументальную карціну – на ўсю сцяну сюжэт з рыцарамі і ўздыбленым канём. Праз дзесяць гадоў ад карціны застаўся толькі фрагмент, памерам з разгорнутую кніжку, - галава рыцара і конскае вуха і вока: вынік таго, што перад кожным Вялікаднем папсаваныя краі карціны заклейвалі абоямі. Да слова сказаць, рыцарская тэма пазней і стане самай значнай і знакавай у яго творчасці.
Творчыя выставы Віктара Уладзіміравіча паспяхова праходзяць у Беларусі, Расіі, многіх краінах Заходняй Еўропы. Выстава, што адкрылася ў раённым мастацкім музеі, да слова сказаць, трэцяя па ліку на радзіме мастака. Яго работы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, галерэях Германіі, Нарвегіі, Швейцарыі, у прыватных калекцыях Польшчы, Францыі, Егіпта, Кітая, Вялікабрытаніі.
За сорак гадоў творчай дзейнасці Віктар Альшэўскі напісаў шмат высокамастацкіх твораў. Ён адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь, удастоены медаля Францыска Скарыны. Віктар Уладзіміравіч удзельнічаў у міжнародных пленэрах, прысвечаных памяці Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Фердынанда Рушчыца, Марка Шагала, Паўла Масленікава, з’явіўся адным з арганізатарам Першага мінскага трыенале сучаснага мастацтва.
Яго працавітасці, настойлівасці, таленавітасці можна толькі па-добраму пазайздросціць.
Мастак шмат падарожнічае па краінах свету, што надзвычай спрыяе новаму асэнсаванню рэчаіснасці, гісторыі. Адно з яго падарожжаў у Егіпет, напрыклад, узмацніла абраную знакавую сістэму і з’явілася новым імпульсам для пошукаў і адкрыццяў. Піраміды стаяць нерухома, як і чатыры тысячы гадоў таму. І захоўваюць веліч. Яны павінны былі забяспечыць бессмяротнасць фараонам, але сталі бессмяротнымі помнікамі культуры і цывілізацыі. Адным з творчых вынікаў “егіпецкай” тэмы стала і прадстаўленая на выставе карціна “Вяршыня піраміды”. Яна складаецца з пяці палотнаў, у аснову ўсіх іх пакладзена форма піраміды, што люстэркава адбіваецца ўверсе і надае ўсёй кампазіцыі выгляд пясочнага гадзінніка і выразную сімволіку знікаючага часу. Мастак “насяліў” піраміду знакамі старажытнаегіпецкай культуры. Цыферблат вялікага гадзінніка вяртае нас у мінулае і падкрэслівае імгненнасць сённяшняга дня, які няўлоўна хутка сам становіцца гісторыяй.
-Я шчаслівы, - сказаў Віктар Альшэўскі, - звяртаючыся да прысутных на адкрыцці яго выставы “Калона славы”. - Шчаслівы, бо маю магчымасць прыехаць да вас, сваіх землякоў. Радзіма вельмі многа значыць у лёсе кожнага. Землякам шчыра жадаю, каб кожны з іх, асабліва з падрастаючага пакалення, знайшоў свой адметны шлях, ажыццявіў сваю духоўную ідэю. Чалавек мусіць ведаць, куды ён хоча ісці, чаго прагне дасягнуць. І гэтага ведання таксама жадаю ўсім вам.
Міхась КАРПЕЧАНКА, «Зара над Друццю»
Поделиться: