У раённым Цэнтры культуры адбыўся занальны агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці сярод органаў і падраздзяленняў унутраных спраў Магілёўскай вобласці. У творчым спаборніцтве прынялі ўдзел 11 каманд з Бялынічаў, Горак, Дрыбіна, Круглага, Мсціслаўля, Шклова, а таксама свае таленты прадэманстравалі супрацоўнікі Ленінскага і Кастрычніцкага аддзелаў унутраных спраў абласнога цэнтра, асобны батальён дарожна-патрульнай службы дзяржаўтаінспекцыі, полк патрульна-паставой службы Упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама і Магілёўскі райаддзел.
Праваахоўнікі праявілі сябе не горш за сапраўдных артыстаў. Яны спявалі песні, ігралі на музычных інструментах, танцавалі і нават дэкламавалі вершы на замежных мовах. Складана давялося журы вызначыць пераможцу творчага конкурсу. У выніку, трэцімі прызёрамі сталі асобны батальён дарожна-патрульнай службы дзяржаўтаінспекцыі УУС аблвыканкама і Круглянскі райаддзел. Другое месца падзялілі прадстаўнікі Магілёскага АУС і нашы землякі – каманда Бялыніцкага РАУС у складзе інспектара-дзяжурнага інспекцыі па справах непаўналетніх Валерыя Палуды і малодшага ўчастковага інспектара міліцыі Антона Емельянава. Дарэчы, Валерый Віктаравіч перамог і ў намінацыі “Аўтарская песня”.
А перамагла ў аглядзе-конкурсе Мсціслаўская каманда.
Поделиться: