У адпаведнасці з праграмай абласнога семінара-вучобы начальнікаў аддзелаў і ўпраўленняў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі рай-і гарвыканкамаў у чацвер яго удзельнікі наведалі Бялыніччыну.
Знаёмства з вопытам ідэалагічнай работы, якая праводзіцца ў нашым раёне, пачалося з плянарнага пасяджэння пад старшынствам начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Анатоля Сінкаўца. Удзел у рабоце семінара-вучобы прынялі памочнік Прэзідэнта-галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў і старшыня райвыканкама Мікалай Кадаценка.
Мікалай Міхайлавіч у прывітальным слове звярнуў увагу на тое, што, у прыватнасці, ідэалагічныя работнікі павінны больш актыўна ўплываць на эканамічную сітуацыю гаспадарак, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, а таксама рэгіёнаў, дзе яны працуюць, паколькі ўсе сацыяльныя даброты насельніцтва забяспечваюцца толькі і выключна моцным фінансавым падмуркам.
З дакладамі “Арганізацыя работы ідэалагічнай вертыкалі раёна па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва”, “Аб дзейнасці мэтавай пляцоўкі Бялыніцкага раёна па развіцці вопыту ідэалагічнай работы” выступілі намеснік старшыні райвыканкама Надзея Серыкава і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Фурсава. Рэдактар газеты “Зара над Друццю” Міхась Карпечанка падзяліўся з прысутнымі досведам сістэмнай працы штатнага і пазаштатнага калектыву раёнкі па захаванні і прапагандзе гісторыка-культурнай спадчыны, а намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Патапчык на прыкладзе дзейнасці мясцовых устаноў культуры распавяла аб тым, што культура ў цэлым з’яўляецца неад’емным рэсурсам развіцця грамадства.
Як чалавек нераўнадушны, ініцыятыўны Генадзь Лаўранкоў прыняў самы актыўны ўдзел у абмеркаванні агучаных дакладаў, і сваімі, часам, нечаканымі пытаннямі, дамагаўся канкрэтызацыі і дэталізацыі пэўных высноў, што прагучалі ў выступленнях дакладчыкаў. Было відавочна, што ён нацэльваў ідэолагаў ацэньваць вынікі сваёй працы, зыходзячы не са статыстыкі, а з – эканомікі; пры справаздачах абапірацца не на агульныя разважанні, а заўсёды мець на ўвазе канкрэтнага чалавека, канкрэтны факт і пры гэтым выразна разбірацца ў прычынна-выніковых сувязях. У выніку, атрымаўся, здаецца, дыялог (хоць, адзначу, што Генадзь Міхайлавіч настойліва заклікаў усіх семінарыстаў уключацца ў дыскусію), які можа стаць павучальным для кіраўнікоў ідэалагічнай вертыкалі Магілёўшчыны.
Як падалося, падрабязны адказ на адно з пастаўленых пытанняў плянарнага пасяджэння: “Дзеля чаго праводзіцца ідэалагічная работа і каму яна патрэбная?”, - удзельнікі семінара-вучобы атрымалі падчас наведання ПМК № 241 і СВК “Калгас “Радзіма”.
Толькі сёлета адміністрацыя перасоўнай будаўнічай калоны на падтрыманне ўласнай сацыяльнай сферы накіравала больш за 4 мільярды рублёў з атрыманага прыбытку: у тым ліку 219 млн. склала агульная сума заахвочвання тых работнікаў, якія перасталі курыць, 11 мільёнаў выдаткавана на падтрымку мнагадзетных сем’яў, пастаянна атрымліваюць грашовую дапамогу ветэраны-будаўнікі, маладыя работнікі і спецыялісты і тыя, хто патрапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю... Шмат сродкаў накіроўваецца на заахвочванне аматараў спорту, мастацкай самадзейнасці... Іншымі словамі, усялякая грамадска карысная ініцыятыва кожнага будаўніка заахвочваецца. А як вам гэты факт: толькі сёлета ПМК № 241 аказала спонсарскую дапамогу розным установам і арганізацыям раёна амаль на паўмільярда рублёў?
СВК “Калгас “Радзіма” даўно стаў ужо адной з самых запамінальных візітных картак Бялыніччыны. Журналісты “Зары над Друццю” пастаянна расказваюць чытачам аб навацыях гэтай гаспадаркі ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, таму няма неабходнасці пераказваць усё, што тут робіцца – маштабна і сістэмна, з сялянскай грунтоўнасцю і прыцэлам на перспектыву, з такім індывідуальным падыходам, калі не застаецца без увагі і падтрымкі ні той, хто толькі нарадзіўся, ні той, хто дажывае свой век. І бачылі б, з якой увагаю ўслухоўваліся ў кожнае слова старшыні сельгаспрадпрыемства Аляксандра Лапацентава ідыёлагі Магілёўшчыны! А ён, Аляксандр Міхайлавіч, напрыканцы сваёй бліскучай прамовы, як бы падсумоўваючы іхнюю вучобу, паўтарыў нібыта і вядомы ўсім, але, на жаль, не ўсімі яшчэ асэнсаваны, выраз: “Ідэалагічная работа павінна пачынацца і з дзіцячага садка. Гэта і матэрыяльная падтрымка ўстановы, малога і яго бацькоў з боку шэфаў, і знаёмства дзіця з гісторыяй, традыцыямі, абрадамі свайго роду і краю, і прывіццё яму любові да Айчыны, да матчынай мовы, і выхаванне павагі да чалавека працы, як і само яго далучэнне да яе”. Лепей і не скажаш.
Міхась КАРПЕЧАНКА, «Зара над Друццю»
Поделиться: