Рэспубліканская акцыя “Бяспечны Новы год” стартавала ў панядзелак у Магілёўскай вобласці. Яна накіравана на прафілактыку пажараў і траўм у выніку неасцярожнага абыходжання з піратэхнікай. Акцыя пройдзе ў тры этапы. Першы з іх завершаецца сёння, 13 снежня. Супрацоўнікі РАНС наведвалі арганізацыі і прадпрыемствы Бялыніччыны, дзе дэманстравалі тэматычныя відэафільмы, гутарылі аб правілах эксплуатацыі піратэхнічных вырабаў і пажарнай бяспецы. З 16 па 20 снежня выратавальнікі завітаюць у агульнаадукацыйныя ўстановы. Праз шматлікія гульні і віктарыны яны паспрабуюць упэўніць школьнікаў у тым, што ім небяспечна выкарыстоўваць піратэхніку. Таксама спецыялісты плануюць пагутарыць з татамі і матулямі на бацькоўскіх сходах. А з 21 па 28 снежня супрацоўнікі РАНС накіруюцца ў “народ”. Плануецца, што пераапранутыя ў Дзедаў Марозаў і Снягурак, яны правядуць тэматычныя віктарыны, конкурсы, латарэі ў гандлёвых кропках райцэнтра і месцах масавага знаходжання людзей.
Поделиться: