На чарговым пасяджэнні райвыканкама былі падведзены вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця і выканання бюджэту раёна за мінулы год.
Выкананы тры з чатырох асноўных прагнозных паказчыкаў – па экспарце тавараў, уводзе жылля за кошт усіх крыніц фінансавання, росце заработнай платы на аднаго работніка, а таксама даведзеныя заданні па рознічным тавараабароце, энергазберажэнні, стварэнні камерцыйных арганізацый.
Не выкананы прагнозны паказчык па прыцягненні прамых замежных інвестыцый; заданні па вытворчасці сельгаспрадукцыі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак, у тым ліку і ў сельгасарганізацыях, па рэнтабельнасці продажаў у арганізацыях сельскай гаспадаркі; не забяспечана дасягненне запланаваных аб’ёмаў вытворчасці малака і прадукцыі вырошчвання, выкананне графіка рэгістрацыі аб’ектаў нерухомасці камунальнай уласнасці, плана здачы такіх другасных рэсурсаў, як папера і кардон, шклобой, тэкстыльныя і палімерныя адходы.
Старшыня райвыканкама Мікалай Кадаценка на гэты конт заўважыў, што ўсе працуюць у аднолькавых умовах, але адны, у прыватнасці, што тычыцца сельгаспрадпрыемстваў, пастаянна перавыконваюць даведзеныя заданні, іншыя ледзь-ледзь дацягваюцца да іх, а вось трэція працуюць абы-як. Значыць, існуюць глыбінныя праблемы распарадча-арганізацыйнага кшталту, выразна праяўляе сябе і гэтак званы чалавечы фактар, які вызначае ўзровень персанальнай адказнасці за выкананне прафесійных і пасадавых абавязкаў.
У сваім дакладзе “Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2013 год” намеснік старшыні райвыканкама Святлана Мікалуцкая ў якасці станоўчых прыкладаў назвала, у прыватнасці, рост вытворчасці прамысловай прадукцыі (у 1,2 раза ў параўнанні з папярэднім годам), аб’ёмаў інвестыцый у асноўны капітал прадпрыемстваў мясцовага падпарадкавання, экспартных паставак, рознічнага тавараабароту гандлю і грамадскага харчавання праз усе каналы рэалізацыі. За справаздачны перыяд у раёне створаны 22 камерцыйныя прадпрыемствы (гадавое заданне – 12), на новыя рабочыя месцы працаўладкаваны 198 чалавек, што на 28 больш за заданне на 2013 год.
Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксей Цапко адзначыў, што выкананне задання па тэмпе росту валавай вытворчасці сельгаспрадукцыі не выканала аніводнае сельскагаспадарчае прадпрыемства, а калектывы двух, СВК “Ількавічы” і ААТ “Падзевічы”, толькі перавысілі леташні ўзровень. Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Ерашэнка асвятліў тэму збору і здачы другасных рэсурсаў: макулатуры здадзена 250,16 тоны, што складае 33 % да задання, адходаў шкла і палімерных адпаведна – 137, 92 тоны (41,9 %) і 31,65 тоны (25,1 %). Заданне па здачы тэкстыльных адходаў выканана на 100 працэнтаў, зношаных шын – 102,5 працэнта. Сем арганізацый не здалі аніводнага кілаграма шкла, 14 – палімерных і 1 – тэкстыльных адходаў. У цэлым па раёне выкананы план здачы металалому, якога цягам мінулага года адпраўлена на перапрацоўку 2588 тон.
Са справаздачамі на пасяджэнні райвыканкама выступілі дырэктары ААТ “Новая Друць” і “Падзевічы” Вадзім Емяльянаў і Анатоль Драздоў, старшыня СВК “Кудзін” Адам Сачыловіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Лідзія Шчацінка, галоўны ўрач ЦРБ Віктар Пянькоўскі і іншыя.
Поделиться: