У суботу адбылася міжнародная юнацкая сустрэча па дзюдо, якую арганізавалі Цэнтр фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай работы, ФАК “Друць” і трэнер Ірына Скам’янава. У матчы прымалі ўдзел чатыры каманды – “ДЮШ-3”, Магілёўскага і Бялыніцкага раёнаў, “Змена” завітала да нас з Расіі. Забягаючы наперад, можна сказаць, што юнакі і дзяўчына, якія прыехалі з Солнечнагорскага раёна Маскоўскай вобласці, паказалі добрую тэхніку бою –“Змена” стала пераможцам.
У першым раундзе спаборніцтваў сустрэліся каманды нашага раёна і “ДЮШ-3”. Бялынічане з лікам 37:30 атрымалі перамогу. У другім іхняя перамога была нават больш упэўненнай: абыгралі дзюдаістаў Магілёўскага раёна з вынікам 65:10. Потым сутрэліся каманды ”ДЮШ – 3” і Магілёўскага раёна. Завяршыла матч барацьба двух лідараў – каманд Бялыніч і Маскоўскай вобласці. Літаральна зусім нямнога не хапіла бялынічанам да перамогі, і яны занялі ганаровае другое месца, каманды “ДЮШ – 3” і Магілёўскага раёна падзялі паміж сабой трэцяе месца.
У індывідуальнай барацьбе вызначыліся дзюдаісты з Бялыніч, якія занялі другія месцы ў кожнай з вагавых катэгорый.
Цікава, што адным з удзельнікаў каманды Маскоўскай вобласці быў Раман Рамановіч. Гэта адзін з самых моцных дзюдаістаў “Змены”, які выступае ў катэгорыі “75 кілаграмаў”. Раман жыў у Бялынічах, але зараз пражывае з сям’ёй у Солнечнагорскім раёне.
Кіраўнік клуба “Змена” Уладзімір Турчын падкрэсліў, што яму спадабаліся ўмовы, у якіх займаюцца бялыніцкія юнакі – будынак ФАК “Друць” і работа каманды. Ён адзначыў, што па-добраму зайдзросціць мясцовым трэнерам, бо ў Солнечнагорскім раёне няма такіх умоў для спартыўнай падрыхтоўкі. Таксама Уладзімір Турчын выказаў думку, што вынік спаборніцтваў мог быць іншым– трэнерская работа ў Бялынічах вядзецца на добрым узроўні, але рабятам, мабыць, не хапіла настойлівасці.
Ксенія Шыляева, “Зара над Друццю”
Поделиться: