Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

12 февраля

Дзве выставы

Раённы мастацкі музей імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі прапаноўвае бялынічанам дзве цікавыя выставы: у адной экспазіцыі, “М. В. Неў­раў: гісторыя ў карцінах”, прадстаўлены 11 рэпрадукцый знакамітага расійскага мастака-“перасоўніка” Мікалая Неўрава, другая, “Душы асалода”, знаёміць з творчымі здабыткамі сяброў мінскага клуба “Прырода і фантазія”.
Мікалай Неўраў нарадзіўся (1830 год) у маскоўскай купецкай сям’і. Скончыў знакамітае Вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, з 1881 года з’яўляўся членам вядомага “Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў”. Большую частку свайго жыцця ён правёў у Маскве, а памёр у вёсцы Лыскаўшчына Круглянскага раёна, дзе і пахаваны.
Мікалай Васільевіч пачынаў мастакоўскую кар’еру як партрэтыст (сярод найбольш вядомых работ “Партрэт М. І. Траццякова”, “Аўтапартрэт” і інш.), але прызнанне атрымаў як майстра сюжэтных жанравых палотнаў драматычнага зместу – “Паніхіда на вясковых могілках”, “Агледзіны”, “Протадыякан, які аб’яўляе шматгоддзе на купецкіх імянінах”, “Сямейныя разлікі”...
Мікалай Неўраў смела звяртаўся да расійскай гісторыі, выбіраючы з яе знакавыя, нават – трагедыйныя, падзеі. Да такіх палотнаў адносяцца наступныя: “Патрыярх Нікан перад судом 1 снежня 1666 года”, “Княгіня П. Г. Юсупава перад пострыгам”, “Апрычнікі”, “Вяртанне салдата на радзіму”...
Адным з лепшых твораў мастака прызнаецца карціна “Гандаль. Сцэна з прыгоннага быту. З нядаўняга мінулага”, якая зберагаецца ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галярэі. Падпісана яна 1866 годам. Аднак некаторыя даследчыкі выказваюць думку, што палатно, магчыма, было створана адразу ж пасля адмены прыгоннага права, а можа, і раней. Проста чакала свайго часу. Мікалай Неўраў, спалучыўшы бытавы жанр з гістарычным, таленавіта і пранікнёна выказаў уласныя адносіны да дзікіх нораваў тагачаснага грамадства. Сюжэт твора геніяльна просты: два галоўныя персанажы дзелавіта абмяркоўваюць здзелку... продажу чалавека. Як адзначаюць мастацтвазнаўцы, гэта адлюстраванне звыклай для тых часоў з’явы, дзякуючы пэндзю Мікалая Неўрава, стала вяршыняй кляймення сацыяльнага зла самадзяржаўнай Расіі. Пратэстны падтэкст карціны раскрываецца праз дэталі: прадавец запрыгоненай жанчыны цікавіцца літаратурай, мастацтвам, аб чым сведчаць карціны, кнігі, інтэр’ер, вольналюбівымі ідэямі (на сцяне пакоя знаходзіцца гравюра з выявай вядомага дзеяча французскай буржуазнай рэвалюцыяй Мірабо). Твор атрымаў шырокае грамадскае гучанне, і ўлады зрабілі ўсё магчымае, каб “Гандаль” не патрапіла на чарговую Міжнародную мастацкую выставу. Але папулярнае ў тыя часы Таварыства аматараў мастацтваў адзначыла гэтую карціну першай прэміяй, а неўзабаве яе набывае Павел Траццякоў, што стала значнай падзеяй у жыцці і творчасці мастака.
У далейшым Мікалай Васільевіч стварыў шэраг запамінальных карцін. Сярод іх “Спадчына пасля чыноўніка”, “Пахаванне селяніна”, “Вялікі выйгрыш”, напісаў партрэты вядомых і простых людзей, што адразу ж прыкавалі ўвагу і паслужылі падставай лічыць яго лепшым маскоўскім партрэтыстам. Аднак ранейшага поспеху яны не атрымалі. Карціны Неўрава амаль не купляліся, шэраг яго сацыяльна выразных твораў з-за іх надзённасці і выкрыцця нораваў грамадства былі забароненыя для паказу на выставах.
Наступіў перыяд безграшоўя, пачаліся збоі ў жыцці, адольвалі хваробы і няўвага...
Напрыканцы ХІХ стагоддзя Мікалай Неўраў пазнаёміўся з вядомым тады генералам Міхаілам Чарняевым (ён таксама пахаваны на Кругляншчыне, у вёсцы Тубышкі). Даведаўшыся аб стане старога мастака, ён прапанаваў яму пажыць у адным з былых жончыных дамоў, што знаходзіліся ў Лыскаўшчыне. Кажуць, што ў Лыскаўшчыну да Неўрава прыязджалі сусветна вядомыя сёння жывапісцы Васняцоў, Сурыкаў, Паленаў, Макоўскі, Пранішнікаў... Дый Вітольд Бялыніцкі-Біруля, мажліва, не адзін раз адведваў тут свайго духоўнага бацьку, якога лічыў сваім настаўнікам.
Пакутуючы ад нервовага расстройства, на 74-м годзе жыцця Мікалай Неўраў 16 мая 1904 года, у дзень свайго нараджэння, пры дапамозе стрэльбы звёў рахунак з жыццём.
Напрыканцы 1990-х гадоў чарговы Міжнародны пленэр па жывапісу “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве” прысвячаўся памяці Мікалая Неўрава. І гэта была не выпадковасць. Правядзенне пленэраў звязана з асобаю нашага славутага пейзажыста Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. А гэтых жа найвыдатнейшых мастакоў аб’ядновала не толькі творчасць, але і ўзаемаадносіны настаўніка-вучня.
Рэпрадукцыі карцін Мікалая Неўрава прадставіла для выставы Круглянскае ПМК № 266, калектыў якога на чале з дырэктарам Мікалаем Патрончыкам у доме, дзе правёў апошнія гады свайго жыцця рускі мастак, стварае мемарыяльны музей.

Работы сяброў мінскага клуба “Прырода і фантазія” добра вядомыя аматарам народнай творчасці Беларусі. За амаль паўвекавую гісторыю клуба члены яго арганізавалі дзясяткі выстаў сваіх твораў. Усіх іх, а гэта людзі ў асноўным сталага ўзросту, яднае любоў да прыроды, непаўторную прыгажосць якой яны паказваюць у сваіх маленькіх шэдэўрах, выкананых у самых розных тэхніках дэкаратыўна-ужытковага мастацтва. Скажам, інжынер па спецыяльнасці Ірына Кірылава вельмі прыгожа распісвае талеркі, стварае творы з гліны, дрэва, шкла... На выставе прадстаўлена яе прыгожая кераміка – “Рыбкі”, “Пеўнік”, “Кот з кацянём”. Зачароўваюць вышыўкі Аэліты Міхалевіч, акварэлі Эдуарда Самойлава, лясная скульптура кіраўніка клуба Аляксандра Ляйко – кампазіцыі “Шэрая шыйка”, “Палёт”, “Натхненне”.
Неабходна адзначыць і тое, што ў 1970 у клуб “Прырода і фантазія” ўступіла народная артыстка Беларусі і СССР, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Стэфанія Станюта. На выставе, што разгорнута ў раённым мастацкім музеі імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі, прадстаўлены яе творы лясной скульптуры, выкананыя ў стылі дробнай пластыкі. Стэфанія Міхайлаўна здаўна захапілася вырабам з макаронаў, жалудоў, зярнятак кукурузы пацерак, завушніц, кулонаў, падвесак. І зачаравала сваім майстэрствам іншых удзельнікаў клуба. Частку сваіх работ народная артыстка перадала Дзяржаўнаму музею гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, а чатыры дзясяткі яе твораў засталіся ў клубе. Некаторыя з гэтых работ экспануюцца на нашай выставе.
Тое, чым займаюцца члены сталічнага клуба “Прырода і фантазія”, не з’яўляецца проста звычайным хобі. У кожнага з іх падчас творчай працы нібы адкрываецца іншае бачанне прыгажосці навакольнага свету, чароўнага свету прыроды. І яны дораць гэтыя адкрыцці нам з вамі.
Надзея ПАЛОННІК,
дырэктар раённага мастацкага музея імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі.
­ ­mizjj_2014_1
­mizjj_2014_1
Поделиться: