Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

5 марта

Злёт перадавікоў народнай гаспадаркі

Традыцыйна раённы злёт перадавікоў народнай гаспадаркі выліўся ў сапраўднае свята, якое збірае разам працавітых, славутых, самых дастойных прадстаўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Прыдруцкага краю. У раённым Цэнтры культуры з самай раніцы гучала музыка. Як з гарадскога пасёлка, так і з аграгарадкоў і вёсак раёна сюды жывой плынню сцякаліся па-святочнаму апранутыя людзі.
Сцяг раёна на сцэну вялікай залы Цэнтра культуры ўнеслі дырэктар ААТ “Бялыніцкі пратэінавы завод” Юрый Марцінкоў, загадчыца неўралагічнага аддзялення ЦРБ Ілона Рамашына і механізатар СВК “Калгас “Радзіма” Мікалай Дарэчкін.
Апладысментамі бялынічане сустракалі ганаровых гасцей свята, сярод якіх – дэлегацыі Клічаўскага, Круглянскага, Шклоўскага раёнаў, ААТ “Бабуліна крынка”-ўпраўляючая кампанія холдынгу “Магілёўская малочная кампанія “Бабуліна крынка”. Кветкі і прывітанні былі адрасованы ветэранам працы, якія таксама былі запрошаны на злёт.
Старшыня райвыканкама Мікалай Кадаценка цёпла павіншаваў прысутных са святам. Ён уручыў пераходныя Ганаровыя сцягі, дыпломы райвыканкама і грашовыя прэміі лепшым з лепшых. Заслужаныя ўзнагароды з рук кіраўніка раёна атрымалі лаўрэаты спецыяльнай прэміі райвыканкама “Чалавек года”: намеснік старшыні праўлення СВК “Калгас “Радзіма” Барыс Сафонаў, урач, акушэр-гінеколаг, загадчыца акушэрска-гінекалагічнага аддзялення Цэнтральнай раённай бальніцы Ірына Гадунова і старшыня Агульнага сходу ўдзельнікаў ТАА “АРТПОЛ” Мікалай Паломаны. Спецыяльны дыплом і прэмія імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі за значны ўклад у эстэтычнае і духоўнае выхаванне дзяцей, падлеткаў і моладзі, актыўную асветніцкую і канцэртную дзейнасць уручаны ўзорнаму калектыву “Акварэлькі” Бялыніцкай дзіцячай школы мастацтваў (мастацкі кіраўнік Ірына Косціна).
З прывітальным словам да бялынічан звярнулася начальнік Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці, намеснік старшыні абласнога Савета дэпутатаў Раіса Лычкоўская. Ганаровыя дыпломы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Раіса Фёдараўна ўручыла механізатару СВК “Кудзін” Аляксандру Ільіну, вадзіцелю ААТ “Новая Друць” Віктару Лянькову і трактарысту СВК “Ількавічы” Дзмітрыю Шабусаву – пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва на нарыхтоўцы травяных кармоў.
Ганаровую грамату аблвыканкама яна ўручыла майстру па рамонце абутку ААТ “Бытпаслугі г.п. Бялынічы” Святлане Осіпавай, а падзячныя лісты – галоўнаму бухгалтару СВК “Ількавічы” Любові Зайцавай, паштальёну раённага вузла паштовай сувязі Ганне Астаф’евай, настаўніцы СШ №2 г.п. Бялынічы Людміле Казлоўскай і старшаму майстру ДУК ДБП “Бялыніцкая ПМК-241” Уладзіміру Музыкарэнку. Грашовыя прэміі аблвыканкама атрымала ўрач-кардыёлаг ЦРБ Ларыса Пінкоўская, абласнога Савета дэпутатаў – вадзіцель пагрузчыка ДРБУ-170 Андрэй Лянькоў. З удзячнасцю прыняў музычнае абсталяванне ад Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь для вучняў Нядзельнай школы настаяцель  царквы ў гонар іконы Маці Божай Бялыніцкай протаіерэй Сергій.
Загадчык аддзела арганізацыйна-кадравай работы абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генадзь Шпакоўскі ад імя Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў уручыў Ганаровыя граматы галоўнаму эканамісту СВК “Кудзін” Тамары Ларковай, слесару СВК “Калгас “Радзіма” Сяргею Сайфуліну і загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі ЦРБ Таццяне Сакульскай, а дыплом і падзяку ад абкама прафсаюза работнікаў АПК – цесляру ДУК ДБП “Бялыніцкая ПМК-241” Мікалаю Аднаклубаву і машыністу бульдозера ААТ “ПМК-82 Водбуд” Міхаілу Елага.
Намеснік дырэктара і старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Бабуліна крынка” Святлана Сташэўская і Алена Шацікава ўзнагародзілі Ганаровымі граматамі і каштоўнымі падарункамі таварыства аператараў машыннага даення кароў СВК “Ількавічы” Наталлю Глінка, СВК “Лебядзянка” – Святлану Шараеву, ААТ “Падзевічы” – Ніну Бародзіч, ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне” - Валянціну Кунічнікаву, а таксама аператара цэха па вытворчасці сыроў Бялыніцкага філіяла ААТ “Бабуліна крынка” Валянціну Старавойтаву і дырэктара філіяла Тамару Галёта.
Нельга не адзначыць высокі ўзровень арганізацыі свята, выканаўчае майстэрства таленавітых артыстаў раённага Цэнтра культуры. Вельмі цёпла, напрыклад, сустракалі прысутныя спявачак Кацярыну Бондзікаву, Крысціну Вараб’ёву, Аксану Кушнярову, выступленні ўзорнага калектыву дзіцячай школы мастацтваў “Акварэлькі”, ансамбляў “Славяне”, “Бялыніцкія музыкі”, народнай эстраднай студыі “Колеры”, узорнага харэаграфічнага калектыву “Сузор’е” і інш.
Завяршылася ўрачыстасць на высокай ноце дружбы, еднасці і ўзаемапаразумення людзей, якія ўсім сэрцам любяць родную зямлю і аддаюць ёй сваю працу, свой талент, свой розум.

Поделиться: