У мінулую пятніцу ў раённым мастацкім музеі імя Бялыніцкага-Бірулі ўпершыню адкрылася выстава твораў заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Уродніча “Рубцы нашай памяці”. Прысвечана яна 70-годдзю вызвалення Бялыніцкага раёна і Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На адкрыцці выставы прысутнічалі ганаровыя госці: старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Асіпёнак, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ірына Фурсава, дырэктар раённага мастацкага музея імя Бялыніцкага-Бірулі Надзея Палоннік, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Апіёк. Да таго ж падтрымаць свайго сябра прыехаў Павел Дзімітрыядзі.
Уладзімір Уродніч прывёз на Бялыніцкую зямлю больш за 20 карцін. Частка палотнаў прысвечана тэме Вялікай Айчыннай вайны. На большасці з іх прысутнічае вобраз бацькі мастака, якога Уладзімір Васільевіч нават і не бачыў, а ўзнаўляў па сямейных фотаздымках. Адну з карцін пад назвай “Удовам Вялікай Айчыннай прысвячаецца” мастак напісаў пасля смерці сваёй маці.
Прадстаўлены на выстаўцы і карціны, што былі напісаны пад час удзелу Уладзіміра Уродніча ў Міжнародных плэнэрах па жывапісу “Вішоўскія краявіды”, што праводзяцца ў аграгарадку Вішоў па ініцыятыве старшыні праўлення СВК “Калгас Радзіма” Аляксандра Лапацентава. Гэта такія як “Матыў у Вішове”, “Восень у Гнездзіне”, “Школьная алея” і іншыя. Але сярод іх вылучаецца карціна пад назвай “Поле нашага жыцця”, на якой адлюстраваны сам кіраўнік кааператыва Аляксандр Міхайлавіч разам са сваімі працаўнікамі на полі. Пасля ўрачыстага адкрыцця выставы першую экскурсію правёў сам мастак.
Поделиться: