Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

8 июля

Візіт Прэзідэнта

Знаходзячыся ў Бялынічах, кіраўнік дзяржавы даў шэраг даручэнняў.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 ліпеня зрабіў рабочую паездку ў Бялыніцкі раён, дзе наведаў сыраробны цэх холдынга “Магілёўская малочная кампанія ААТ “Бабуліна крынка”.
Нагадаем, што гэты холдынг стаў першым у краіне аграхолдынгам, дзе гадавы аб’ём перапрацоўкі сыравіны склаў 1 мільён тон.  
У структуру ААТ “Бабуліна крынка”, якая з’яўляецца ўпраўляючай кампаніяй холдынга, уваходзяць галаўное прадпрыемства, 13 філіялаў і два вытворчыя цэхі, адзін з іх знаходзіцца ў Бялынічах.
У 2006 годзе на ранейшым Бялыніцкім сыраробным заводзе, які з папярэдняга года стаў сыраробным цэхам ААТ “Бабуліна крынка”, быў рэалізаваны інвестыцыйны праект з устаноўкай сучаснай лініі вытворчасці 20 тон сыроў за суткі. Практычна ўвесь іх аб’ём, а толькі за 2013 год сыроў тут выраблена больш за 3600 тон, пастаўляецца на экспарт. Удзельная вага сыроў, якія выпускаюцца калектывам Бялыніцкага цэха, у агульным аб’ёме сырнага экспарту холдынга сёлета складае 63 працэнты.
Холдынг ААТ “Бабуліна крынка”, дзе працуюць 2373 чалавекі, у тым ліку 163 – у Бялыніцкім цэху, за студзень – май бягучага года вырабіў прадукцыі на 1431 мілрд рублёў, што ў супастаўных цэнах на 8,3 працэнта, больш чым за 5 месяцаў летась. Атрымана сёлета 66,9 млрд рублёў прыбытку, што ў 1,6 раза больш як за аналагічны мінулагодні перыяд. Прадпрыемства актыўна ўдзельнічае як у мадэрнізацыі вытворчасці, так і ў развіцці сыравіннай зоны – сёння ў яе ўваходзяць 19 раёнаў вобласці з 21.
Кіраўнік ААТ “Бабуліна крынка” Ігар Кананчук, дакладваючы Прэзідэнту Беларусі аб вытворча-эканамічным стане і перспектывах развіцця холдынга, адзначыў, што кампанія хацела б яшчэ больш пашырыць сваю сыравінную зону ў Магілёўскай вобласці, бо гэта пасадзейнічае павелічэнню аб'ёмаў прадукцыі, якая тут выпускаецца. Прэзідэнт імгненна адрэагаваў на гэта жаданне:
-Давайце дамовімся: праз тыдзень у Магілёўскай вобласці ў якасці эксперыменту ўводзіцца свабоднае цэнаўтварэнне і доступ спажыўца малака да вытворцы. Гэта дасць магчымасць сельгаспрадпрыемствам свабодна і без дыктату з боку аблвыканкама вырашаць, якому перапрацоўшчыку і на якіх умовах прадаваць малако. Выйграеш ты – значыць, усё тваё малако ў Магілёўскай вобласці. І ніхто нас не папракне. Мы свабодна далі магчымасць узяць сыравінную зону.
Прэзідэнт адзначыў, што магчымасць такога новаўвядзення разглядалася для ўкаранення ў Беларусі ў цэлым, але пакуль эксперымент вырашана правесці ў адной вобласці. Аляксандр Лукашэнка таксама папярэдзіў аб недапушчальнасці стварэння глебы для карупцыі сярод кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў – вытворцаў малака: адпаведныя ўзаемаадносіны ў новых умовах паміж вытворцамі і перапрацоўшчыкамі малака павінны будавацца выключна на празрыстых рыначных умовах.
У час рабочай паездкі павялася размова аб неабходнасці больш эфектыўнай работы з кіраўнічымі кадрамі, аб выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы па павелічэнні вытворчасці малочнай і мясной прадукцыі.
Пры дакладзе Прэзідэнту аб рабоце прамысловых прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці старшыня аблвыканкама Пётр Руднік патлумачыў дрэнныя паказчыкі фінансава-эканамічнай дзейнасці некаторых з іх наяўнасцю кадравых праблем. Кіраўнік дзяржавы даў шэраг канкрэтных даручэнняў і падкрэсліў, што сфера адказнасці губернатара распаўсюджваецца на ўсе прадпрыемствы вобласці:
-Калі там рукі склалі і не працуюць, значыць, трэба такіх дырэктараў неадкладна гнаць з працы.
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы запатрабаваў актывізаваць работу па фарміраванні рэзерву кіруючых кадраў. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што недахопу ў дастойных людзях у Беларусі няма. Проста неабходна своечасова і мэтанакіравана вызначаць магчымых пераемнікаў на адказныя пасады.
У час знаходжання з рабочай паездкай у Бялынічах Прэзідэнт Беларусі таксама пацікавіўся пытаннямі нарыхтоўкі кармоў, гатоўнасцю да правядзення жніва, дынамікай развіцця на жывёлагадоўлі, рэканструкцыяй малочнатаварных ферм і комплексаў. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе работы па рэканструкцыі МТК павінны быць сёлета завершаныя.  
Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на сваё строгае патрабаванне ў І квартале 2015 года аднавіць у Беларусі ранейшыя аб’ёмы вытворчасці свініны. Віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы і губернатар Пётр Руднік паінфармавалі Аляксандра Лукашэнку аб планах развіцця свінагадоўлі на Магілёўшчыне, сярод якіх аб’яданне і змяненне формы ўласнасці шэрагу прадпрыемстваў. Прэзідэнт на гэты конт даў неабходныя даручэнні.
Заключнымі момантамі праграмы рабочага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Бялынічы стала яго азнаямленне з працэсам вытворчасці цвёрдых сыроў па сучасных тэхналогіях.
Міхась Карпечанка

Поделиться: