Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

15 августа

На Бялыніччыне прайшоў дзень рэдактара

На Бялыніччыне прайшоў дзень рэдактара

У чацвер, акурат на дзень Мядовага спасу, на Бялыніччыне прайшоў дзень рэдактара раённай газеты «Зара над Друццю». Гэтае мерапрыемства па ініцыятыве кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама пачало праводзіцца з бягучага года і мае выразную тэндэнцыю ператварыцца ў традыцыйнае. Першы дзень рэдактара газеты быў праведзены ў Бабруйску. Бялыніцкая «Зара над Друццю» стала другой па ліку.

Удзел у дні рэдактара прынялі кансультант упраўлення друкаваных СМІ і знешніх сувязяў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Анатоль Шычко, спецыялісты галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, намеснік старшыні райвыканкама Надзея Серыкава, галоўныя рэдактары суседніх з намі раённых газет: Быхаўскай, Бярэзінскай, Круглянскай, Шклоўскай, Клічаўскай, Магілёўскай, рэдактары абласных выданняў, прадстаўнікі акрэдытаваных у вобласці рэспубліканскіх газет.

Імклівыя змяненні ў грамадстве, ладзе жыцця запатрабоўваюць ад журналістаў адлюстравання сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і рэгіёнаў у рэчышчы сусветных тэндэнцый. Эканоміка фарміруе лад жыцця грамадства, у гэтым яе дыялектычная першаснасць. У новых умовах даводзіцца працаваць і работнікам дзяожаўных раённых газет.

Падчас працы «круглага» стала, які праводзіўся на тэму: «Сучасныя падыходы да развіцця рэгіянальных СМІ: вопыт работы», рэдактар раённай газеты «Зара над Друццю» Міхась Карпечанка абазначыў наступныя праблемныя кропкі інфармацыйнай прасторы: камерцыялізацыя, канкурэнцыя, новыя тэхналогіі журналістыкі і паліграфіі, якасць кадраў.

-Каб адпавядаць часу, — падкрэсліла ў сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Надзея Серыкава, — неабходны прадуманы і пралічаны пастаянны і мэтаскіраваны рух, які скіроўваецца на пашырэнне і засваенне новай медыяпрасторы, выданне якаснага інфармацыйнага прадукта, падтрыманне пастаяннай сувязі з чыточом. Сацыяльныя запыты грамадства, якія рэгулярна змяняюцца, павінны знаходзіць адэкватнае адлюстраванне на старонках раённых газет. Іншымі словамі гэта называецца крочыць у нагу з часам, трымаць руку на пульсе жыцця.

Рэдактар «Зары над Друццю» Міхась Карпечанка ў сваім выступленні адзначыў, што журналісты выконваюць сацыяльна адказную і гуманістычную функцыі ў грамадстве, бо закліканыя служыць яму, адпавядаючы агульным грамадскім інтарэсам і высокім стандартам прафесіяналізму, этыкі. СМІ фарміруюць грамадскую думку. Асвятляючы вострыя пытанні жыцця, газета інфармуе насельніцтва і ўладу аб рэальным становішчы і гэтым тым самым садзейнічае ажыццяўленню дзяржаўнай палітыкі ў той ці іншай сферах жыцця.

З мэтай вырашэння праблем, якія хвалююць жыхароў раёна, сёмы год на рэгулярнай аснове працуе «прамая» тэлефонная лінія «Зары над Друццю» «Ало, рэдакцыя?!», на якую за год у сярэднім са сваімі жыццёвымі праблемамі звяртаецца больш з 70 чалавек. Чацвёрты год на старонках раёнкі прысутнічае рубрыка «Зваротная сувязь: газета-чытач-газета», дзейнічае дыскусійны клуб «Наспелая размова». Гэтым самым журналісты газеты імкнуцца паўплываць на пасіўную жыццёвую стратэгію чытачоў.

Рэдактар газеты абазначыў і перспектыўныя шляхі развіцця «Зары над Друццю»: унутрыраённае і міэрэгіянальнае медыясупрацоўніцтва. У якасці прыкладу ён спаслаўся на партнёрскі творчы праект «Камунальнік», які выдаецца сумесна з адміністрацыяй БУКП «Жылкамгас». На сёння выйшлі 40 выпускаў яго. Магчыма, з выданнем"Камунальніка" з’яднаная і тэндэнцыя росту колькасці падпісчыкаў на раённую газету з ліку работнікаў жылкамгаса. Гэту выснову пацвердзіла і намеснік дырэктара БУКП «Жылкамгас» па эканоміцы і фінансах, старшыня прафкама прадпрыемства Наталля Хайкова, якая прыняла ўдзел у пасяджэнні «круглага» стала журналістаў і ідэалагічных работнікаў.

-Шлях унутрыраённага медыясупрацоўніцтва вельмі плённы, — падкрэсліла Наталля Міхайлаўна. — Ён перспектыўны і карысны для трох бакоў: прадпрыемства, рэдакцыі, чытачоў. Адіністрацыя БУКП «Жылкамгас» не выключаецца магчымасць, што наш сумесны з рэдакцыяй творчы праект можа прывесці да ўзнікнення своеасаблівай шматтыражнай газеты, а сама раёнка ў такім выпадку можа набыць яшчэ і статус своеасаблівага медыярэсурсавага цэнтра.

Міхась Карпечанка падзяліўся з калегамі вопытам ажыццяўлення журналістамі раёнкі індывідуальных творчых праектаў, выдання кніг, у тым ліку і краязнаўчай скіраванасці (энцыклапедычны даведнік «Бялыніччына», навукова-папулярнае выданне «СВК «Калгас „Радзіма“: Повязь пакаленняў» і інш.), расказаў аб рабоце калектыву ўстановы па забеспячэнні самаакупнасці «Зары над Друццю», аб працы па падрыхтоўцы журналісцкіх кадраў.

Уласнымі падыходамі развіцця раённых СМІ ў сучасных умовах падзяліліся галоўныя рэдактары Клічаўскай раёнкі «Сцяг Саветаў» Людміла Пракаповіч, «Бярэзінскай панарамы» Іван Труханавец. Кансультант Міністэрства інфармацыі Беларусі Анатоль Шычко, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Алена Дзівакова паінфармавалі прысутных аб актуальных задачах калектываў раённых дзяржаўных газет, перспектывах іх развіцця.

Затым удзельнікі дня рэдактара выехалі ў ААТ «Падзевічы». Прэс-тур пачаўся ў вёсцы Заполле. Журналісты пазнаёміліся з экспазіцыямі краязнаўчага музея Запольскай СШ, наведалі мясцовую ўрачэбную амбулаторыю, загадчыца якой Паліна Раўкова правяла для іх змястоўную і цікавую экскурсію. Удзельнікі дня рэдактара таксама пазнаёміліся з ходам будаўніцтва МТК у вёсцы Падзевічы, які знаходзіцца на асабістым кантролі старшыні аблвыканкама Пятра Рудніка. Дзякуючы тэхналагічнаму эксперыменту будаўніцтва МТК, і асабліва радзільнага памяшкання на 120 галоў, фінансавыя затраты на ўзвядзенне комплексу значна скарачаюцца. Тут жа, на будаўнічай пляцоўцы, дырэктар ААТ «Падзевічы» Анатоль Драздоў правёў для журналістаў прэс-канферэнцыю.

У адпаведнасці з праграмай дня рэдактара ўдзельнікі яго наведалі зону адпачынку «Макаўка». Паколькі ў гэты дзень праваслаўныя вернікі адзначаюць Мядовы спас, настаяцель царквы ў гонар іконы Маці Божай Бялыніцкай протаіерэй айцец Сергій на Макаўскай крыніцы правёў урачыстую службу з нагоды гэтага свята, асвяціў ваду, мёд, зёлкі.

Падводзячы вынікі дня рэдактара, кансультант упраўлення друкаваных СМІ і знешніх сувязяў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Анатоль Шычко звярнуў увагу на насычанасць раённых газет грамадска-палітычнымі матэрыяламі, абазначыў неабходнасць развіцця рэгіянальнай аналітыкі.

КАМЕНТАРЫЙ

Анатоль ШЫЧКО,

кансультант упраўлення друкаваных СМІ і знешніх сувязяў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь:

-Прыемна, што на дні рэдактара, які прайшоў у Бялынічах, адбыўся жывы і зацікаўлены дыялог па тэме працы журналісцкіх калектываў у сучасных умовах і далейшага развіцця раённых дзяржаўных газет. Быў выказаны шэраг цікавых прапаноў, якія неабходна асэнсаваць дзеля таго, каб яны набылі рэкамендацыйны характар, ператвораны ў практычную дзейнасць.

Зразумела, што раённым газетам яшчэ трэба шмат працаваць дзеля інфармацыйнай насычанасці выданняў, павелічэння падпіснога тыражу, паляпшэння дызайну.

Усялікая нарада, семінар — гэта, у першую чаргу, вучоба, абмен вопытам. Мне без гэтага не ўяўляецца дзейнасць калектываў газет. Сумоўе, а нярэдка і вострыя дыскусіі, калег дапамагаюць кожнаму рэдактару, журналісту цвёрда трымаць сваю руку на пульсе жыцця.

Міхась ЗАВЕЙНЫ, «Зара над Друццю».

Поделиться: