Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

22 сентября

Аляксандр Агееў правёў прыём жыхароў раёна па асабістых пытаннях

У чацвер, 18 верасня, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 Аляксандр Агееў правёў прыём жыхароў раёна па іх асабістых пытаннях.
Па садзейнічанне і дапамогу ў вырашэнні ўласных жыццёвых праблем да свайго дэпутата звярнуліся пяць чалавек, у тым ліку адзін зварот быў калектыўны.
Бялынічанін Уладзімір Набокаў звярнуў увагу мясцовай улады і дэпутата на неабходнасць правядзення асфальтавання вуліцы Беларуская, якая з’яўляецца магістральнай для жыхароў пяці вуліц, што ўтвараюць адзін з мясцовых мікрараёнаў гарадскога пасёлка.
-Разумею, што вырашэнне гэтай праблемы наўпрост звязана з фінансаваннем, – адразу ж патлумачыў сваю пазіцыю Уладзімір Міхайлавіч. – Жыхароў нашага мікрараёна цікавіць, калі пачнецца асфальтаванне гэтай вуліцы? Тым больш, што ўсе інжынерныя камунікацыі пракладзены, потым аніякіх “праколаў дарожнага палатна” і правядзення іншых земляных работ не давядзецца выконваць. Вуліца гатовая да таго, каб яе “апрануць” у асфальт, што, у сваю чаргу, адразу ж  зніме і шэраг праблем жыхароў мікрараёна.
-Нічога немагчымага не існуе, – адзначыў Аляксандр Агееў у гутарцы з Уладзімірам Набокавым. – Вы правільна сказалі, што асноўная замінка ў вырашэнні вашай праблемы, – грошы. Лічу, што частку іх можна прыцягнуць і са сродкаў уведзенага нядаўна падатку на транспарт. Але на месцы павінен быць распрацаваны і даведзены да насельніцтва, у тым ліку і праз раённую газету “Зара над Друццю”, перспектыўны план пакрыцця асфальтам вуліц райцэнтра. Неабходна гранічна выразна вызначыць аб’ектыўныя крытэрыі такой чарговасці. Імі могуць стаць і колькасць жыхароў, і ступень падведзенасці інжынерных камунікацый, і сацыяльна-дэмаграфічны фактар...  Трэба вызначыцца канкрэтна і паведаміць людзям, што, напрыклад, да верасня 2016 года асфальт па вуліцы Беларуская будзе пракладзены. І гэтак далей – па ўсіх вуліцах.
Старшыня райвыканкама Мікалай Кадаценка, які прысутнічаў на прыёме дэпутата Аляксандра Агеева, паінфармаваў аб тым, што, паколькі забудова Бялынічаў вызначаецца кампактнасцю, адсюль лагічна вынікае і такі ж самы падыход, дзеля канцэнтрацыі сродкаў, да правядзення добраўпарадкавання мікрараёнаў, пашырэння райцэнтра. Калі ў папярэднім годзе на гэтыя мэты было выдзелена толькі 300 млн.рублёў, то сёлета асвоены 1 мільярд. За гэтыя сродкі было праведзена асфальтаванне вуліцы Чырвонаармейская.
Жыхар райцэнтраўскай вуліцы Машэрава Іван Куляшоў папрасіў свайго дэпутата пасадзейнічаць у вырашэнні таксама “вулічнай” праблемы. Па словах Івана Іванавіча, праз яе трэба пракласці ў двух месцах вадасцёчныя трубы і перапрафіляваць само дарожнае палатно, якое цяпер мае выгляд лодкі. Падчас дажджоў, вясной і ўвосень вада сцякае не вонкі, бо перашкаджаюць броўкі, а канцэнтруецца ва ўнутранай частцы вуліцы.
-Ні прайсці, ні праехаць, ні перайсці, – разводзіць рукамі бялынічанін.
Намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Давыдаў патлумачыў, што праблему, з якой звярнуўся цяпер да дэпутата Іван Куляшоў, вывучала камісія райвыканкама. Пасля гэтага разбіральніцтва былі выкананы адпаведныя работы.
–Кожны чалавек можа, і мае на гэта поўнае права, звярнуцца да ўлады, задаць пытанне, – падрэзімоўвае дыскусію Аляксандр Агееў. – А прадстаўнікі яе абавязаны дэтальна разабрацца па звароце і, калі ён не абгрунтаваны, даць кампетэнтны і вычарпальны адказ заяўляльніку. У адваротным жа выпадку неабходна аператыўна вырашыць узніклую праблему.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Агееў даручыў камісійна вывучыць яшчэ раз зварот Івана Куляшова і ў адпаведнасці з заканадаўствам зрабіць аб’ектыўнае заключэнне, якое дазволіць вызначыць шляхі вырашэння гэтага звароту.
Сем прадстаўнікоў насельніцтва вёскі Адверніца на чале з Васілём Казловым звярнуліся да Аляксандра Агеева з просьбай пасадзейнічаць пракладцы водаправода, паколькі вада ў 6 калодзежах і трох дробнатрубных свідравінах перавышае дапушчальную норму ўтрымання ў ёй нітратаў.
Намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Давыдаў паінфармаваў, што гэта праблема вывучалася. Для пракладкі водаправода неабходныя значныя грашовыя сродкі – больш за мільярд рублёў.
–На жаль, фінансавыя магчымасці не заўсёды дазваляюць уладзе зрабіць так, як хоча чалавек, – тлумачыць Аляксандр Агееў. – Лічу, што да гэтай праблемы неабходна звярнуцца яшчэ раз, і спецыялісты райЦГіЭ, камунальнай службы, а таксама іншых, неабходных у гэтым выпадку, арганізацый павінны дэтальна і адназначна разабрацца па агучанай праблеме. Як адзін з варыянтаў яе вырашэння, калі толькі дазваляе ваданосны гарызонт, магчыма паглыбленне калодзежаў. Асабіста паспрабую таксама пашукаць магчымасць пракладкі водаправода ў Адверніцы за сродкі адпаведнай дзяржаўнай праграмы.
Падводзячы вынікі свайго прыёму, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Агееў адзначыў, што мясцовая ўлада надае дастатковую ўвагу вырашэнню бягучых жыццёва-побытавых праблем мясцовага насельніцтва. Пабудавана таксама сістэмнасць у рабоце са зваротамі грамадзян і вырашэння іх пытанняў жыццезабеспячэння.
–Канечне, – адзначыў Аляксандр Віктаравіч, – улада хацела б зрабіць і больш. Скажам, заасфальтаваць усе вуліцы райцэнтра, правесці водаправод ва ўсе вёскі раёна і гэтак далей. Але сёння ў яе проста няма на гэта фінансавых магчымасцяў. І гэта трэба разумець і рэальна ацэньваць свае звароты усім, хто звяртаецца па такую дапамогу.
Міхась КАРПЕЧАНКА, «Зара над Друццю»
Поделиться: