Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

30 сентября

Дзень сельскага Савета прайшоў у Машчаніцкім сельсавеце

Чарговы Дзень сельскага Савета прайшоў у Машчаніцкім сельсавеце. Удзельнікі яго, а гэта начальнікі аддзелаў райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі сацыяльна арыентаваных раённых арганізацый і службаў, пазнаёміліся з вопытам работы сельвыканкама па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў на тэрыторыі Машчаніцкага сельсавета, які з’яўляецца адным з буйнейшых на Бялыніччыне. У склад яго ўваходзяць 42 населеныя пункты, у якіх пражываюць 2022 чалавекі. Агульная плошча сельсавета – 48351 гектар.
Адна з асаблівасцяў Машчаніцкага сельсавета заключаецца ў тэрытарыяльнай узбуйненасці: у 2010 годзе ў склад яго былі ўключаны вёскі Мяльнік, Няропля, Савецкая, а яшчэ праз два гады далучана і ўся тэрыторыя скасаванага Эсьмонскага сельскага Савета.
Зразумела, апроч асноўнай тэмы Дня Машчаніцкага сельсавета праграмай яго правядзення было прадугледжана знаёмства з работай па ўтрыманні мясцовых помнікаў баявой і воінскай славы, грамадзянскіх могілак. У прыватнасці, старшыня сельвыканкама Іна Напрэенка падрабязна распавяла пра сістэмную работу замацаваных арганізацый па падтрыманні належнага парадку на тэрыторыі мемарыяльнага помніка воінам-артылерыстам на чале з капітанам Барысам Хігрыным, якія прынялі няроўны бой 5 ліпеня 1941 года каля вёскі Вослеўка, на брацкай магіле воінаў-сувязістаў каля вёскі Сякерка.
Затым удзельнікі Дня сельсавета пазнаёміліся з арганізацыяй працы жывёлаводаў і спецыялістаў малочна-таварнага комплексу “Машчаніца” ААТ “Новая Друць”, на якім утрымліваецца больш за 1700 галоў буйной рагатай жывёлы. Начальнік комплексу Іна Козырава адзначыла, што калектыў яго складаюць трыццаць чалавек, у тым ліку і 8 аператараў машыннага даення кароў.
-Сярэднямесячны заробак складае 3,5 – 4 мільёны рублёў, – паведаміла Іна Мікалаеўна. – Адносіны кожнага члена калектыву да выканання сваіх працоўных абавязкаў рэгулююцца праз вызначаныя крытэрыі каэфіцыента працоўнага ўдзелу.
Сёлета ад 600 кароў дойнага статка атрыманы 2503 тоны малака, з якіх адпраўлены на перапрацоўку 2193 тоны. Ад кожнай каровы з пачатку года надоена па 4078 кілаграмаў пры 6873 кілаграмах гадавога задання.
Начальнік комплексу адзначыла, што калектыў забяспечаны ўсімі неабходнымі ўмовамі для плённай, эфектыўнай працы і мае ўсе магчымасці, каб дасягнуць вызначаных рубяжоў як па вытворчасці малака, так і па атрыманні прываг БРЖ.
Малочна-таварны комплекс дзейнічае ў аграгарадку Вялікая Машчаніца дзевяць гадоў. Па словах начальніка яго, затраты акупіліся, а з пачатку бягучага года ўжо атрымана крыху больш за паўтара мільярда рублёў прыбытку.
Дэтальна ўдзельнікі Дня сельсавета пазнаёміліся з вопытам сумеснай работы Машчаніцкага сельвыканкама і землеўпарадкавальнай службы райвыканкама па прыцягненні ў сельгасабарот незанятых земляў і ўпарадкаванні размяшчэння і выкарыстання зямельных участкаў вяскоўцаў. Увага была засяроджана на дзвюх зямельных плошчах. У аграгарадку Вялікая Машчаніца, дзякуючы сумяшчэнню ўчасткаў, што належаць жыхарам паселішча, у сельгасабарот ААТ “Новая Друць” уведзены 9,5 гектара зямлі.
-У вёсцы Стараселле, – тлумачыць на месцы начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Наталля Ляўковіч, – сітуацыя крыху іншая. Вось на гэтай плошчы размяшчаліся 11 надзелаў вяскоўцаў. Засталіся праблемнымі два ўчасткі, з гаспадарамі якіх пакуль не ўдаецца знайсці агульнай мовы.
-Працэс сумяшчэння зямельных участкаў насельніцтва, – расказвае Іна Напрэенка, – практычна заўсёды суправаджаецца эмацыйнымі ўзрушаннямі іх гаспадароў. У такіх выпадках церпяліва тлумачым, пераконваем. Не ўдаецца дасягнуць дамоўленасці з першага разу, звяртаемся да вырашэння гэтай праблемы зноў і зноў.
З 80 гектараў такой зямлі па сельсавеце ўжо ўведзены ў сельгасабарот 45 гектараў.
-Калі чалавек мае прысядзібны ўчастак альбо надзел зямлі ў полі, – падводзіць вынік дыскусіі па гэтай тэме старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Асіпёнак, – ён на заканадаўчым узроўні абавязаны ўтрымліваць іх у паўнейшым парадку. А гэта, на жаль, можна сказаць далёка не пра кожнага гаспадара зямельнага надзелу. Працаваць на зямлі не лёгкая справа. Канечне, не ў кожнага вясковага пенсіянера ёсць сілы апрацоўваць па некалі ўзятым гектары і больш зямлі. Можа, яму дастаткова і 10-15 сотак? Па сіле і магчымасцях. А трымацца за гектары зямлі дзеля таго, каб яна толькі лічылася за ім, зарастала пустазеллем, навошта так паступаць? Чалавек павінен сам вырашыць, колькі зямлі ён можа апрацаваць і ўтрымліваць у належным парадку. Ад лішняй жа, непатрэбнай яму трэба рашуча адмаўляцца. Кожная сотка, кожны лапік зямлі павінен прыносіць карысць, выкарыстоўвацца эфектыўна, утрымлівацца ў парадку. Калі ж гаспадар свайго ўчастка забываецца на гэта, то ў такім выпадку прадугледжаны і строгія меры адміністрацыйнага ўздзеяння на яго.   
Наведаўшы ДУА “Старасельскі ВПК ДС ПШ”, удзельнікі Дня Машчаніцкага сельсавета пазнаёміліся з умовамі навучання, выхавання і адпачынку мясцовай дзетвары. Дырэктар установы Наталля Смоўж паінфармавала, што вучэбна-педагагічны комплекс наведваюць 15 хлопчыкаў і дзяўчынак. Для іх адукацыі і развіцця творчых здольнасцяў створаны неабходныя ўмовы. У чым, да слова сказаць, можна было пераканацца, пазнаёміўшыся з выставамі дзіцячых малюнкаў, дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, наведаўшы светлыя, утульныя і добра абсталяваныя кабінеты для заняткаў і адпачынку.
Павучальным атрымалася і азнаямленне ўдзельнікаў гэтага традыцыйнага на Бялыніччыне мерапрыемства з работай Машчаніцкага грамадскага пункта аховы правапарадку, з вопытам ўзаемадзеяння сельвыканкама з РАУС па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў. У сваім выступленні ўчастковы інспектар міліцыі Дзмітрый Карпянкоў, які, дарэчы, працуе на гэтай пасадзе толькі два месяцы, заўважыў, што ў ва многім эфектыўнасць работы ўчастковага залежыць ад таго, каб ён стала пражываў на тэрыторыі свайго адміністрацыйнага ўчастка.
-Я атрымаў кватэру ў аграгарадку Вялікая Машчаніца, –расказвае Дзмітрый Карпянкоў. – Для мяне не складае ніякай праблемы ў любы час сутак праз 10-15 хвілін з’явіцца па выкліку ці атрыманай інфармацыі на месца здарэння, каб прыняць адпаведнае сітуацыі рашэнне.
Заступіўшы на службу, звярнуў увагу на тое, што некаторыя жыхары аграгарадка адкрыта на вуліцы ці каля магазіна маглі дазволіць сабе распіць піва альбо бутэльку спіртнога. Парадак быў наведзены хутка. І падтрымліваецца зараз.
Старшыня Машчаніцкага сельсавета Іна Напрэенка падкрэсліла, што за два месяцы ўчастковы інспектар міліцыі склаў больш за 20 адміністрацыйных пратаколаў на злосных парушальнікаў заканадаўства, сабраў неабходныя дакументы для накіравання аднаго п’янтоса ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Работа па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў у цесным супрацоўніцтве з сельвыканкамам, школай, мясцовымі арганізацыямі і ўстановамі прадаўжаецца.
У традыцыйны пратакол, які абавязкова складаецца па выніках правядзення кожнага Дня сельсавета, на гэты раз былі занесены 10 праблемных пазіцый. Іх павінны зняць з парадку дня ў самы бліжэйшы час работнікі адпаведных раённых арганізацый і службаў. У прыватнасці, неабходна спілаваць два аварыйныя дрэвы пры ўездзе ў аграгарадок (РУП “Магілёўаўтадар” ДЭУ № 74), пафарбаваць агароджу моста на дарозе Вялікая Машчаніца – Лісаўка, абкасіць з’езды з цэнтральнай дарогі ў Стараселлі (філіял КУП “Магілёўабладарбуд” ДРБУ № 170), прыбраць будаўнічае смецце па вуліцы Садовая аграгарадка Вялікая Машчаніца, адрамантаваць агароджу тэрыторыі кацельні ў Стараселлі (БУКП “Жылкамгас”), прадоўжыць работу па ўвядзенні ў сельгасабарот зямельных участкаў, якія належным чынам не выкарыстоўваюцца насельніцтвам (сельвыканкам і землеўпарадкавальная служба), вырашыць праблему аплаты працы малаказборшчыка ў Алешкавічах і Мокравічах (Машчаніцкі сельвыканкам, райаграпрамтэхзабеспячэнне) і іншыя.
Міхась КАРПЕЧАНКА, “Зара над Друццю”
Поделиться: