Учора, 19 снежня, шэраг устаноў адукацыі Бялыніччыны наведалі міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Маскевіч, начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў. Яны сустрэліся з калектывамі дзіцячых ясляў-садзіка № 2 райцэнтра, прафесійнага ліцэя № 17, Вішоўскай сярэдняй школы, пазнаёміліся з экспазіцыямі музея гісторыі СВК “Калгас “Радзіма”.
Таксама Сяргей Аляксандравіч і Уладзімір Уладзіміравіч прынялі ўдзел у чарговым пасяджэнні райвыканкама, на якім разглядалася і пытанне “Аб ходзе выканання ў Бялыніцкім раёне Праграмы развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі Рэспублікі Беларусь на 2009 – 2014 гады”. Аналітычную справаздачу па ім зрабіў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Андрэй Ганчук, які адзначыў, што паказчыкі названай Праграмы ў раёне выкананы ў поўным аб’ёме, а на рэалізацыю яе з мясцовага бюджэту было выдаткавана 1569,3 млн. рублёў.
Дакладчык адзначыў, што зараз на тэрыторыі раёна функцыянуе 15 устаноў адукацыі, якія ажыццяўляюць дашкольную адукацыйную праграму для 834 выхаванцаў.
Пачынаючы з 2009 года ў раёне павялічыўся кантынгент дзяцей дашкольнага ўзросту. Дзеля задавальнення запытаў бацькоў на атрыманне іхнімі дзецьмі дашкольнай адукацыі і скарачэння дэфіцыту месц у гэтых установах былі адкрыты 2 дадатковыя групы ў яслях-садзіку № 9 аграгарадка Вішоў, два гады таму пачалі працаваць яслі-сад № 16 у аграгарадку Ланькаў, летась адкрыліся па групе ў яслях-садзіку № 5 райцэнтра і №18 аграгарадка Вялікая Машчаніца. Арганізаваны падвоз 73 дзяцей з 26 паселішчаў, дзе адсутнічаюць дашкольныя ўстановы.
-У выніку праведзеных мерапрыемстваў, – інфармуе Андрэй Ганчук, – выкананы паказчык Праграмы, які арыентаваў на павелічэнне працэнта ахопу дзяцей дашкольнай адукацыяй. Зараз ён у сярэднім па раёне складае 79: у Бялынічах – 90,4, сельскай мясцовасці – 63,7. Усе 5-гадовыя дзеці ахоплены падрыхтоўкай да школы, што дае роўныя стартавыя магчымасці для іх паспяховага пераходу на наступны ўзровень адукацыі.
На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы дашкольных устаноў, абнаўленне і пераабсталяванне іх харчблокаў і пральняў, набыццё сродкаў навучання, гульнёвых і навучальных прадметаў, спартыўнага інвентару патрачана адпаведна 631,8 і 299,8, 176,9 млн. рублёў.
За перыяд рэалізацыі Праграмы назіраецца ўстойлівая дынаміка зніжэння ўзроўню захворвання дзяцей. Калі за 2009 год з прычыны хваробы адно дзіця прапусціла 7 дзён, то сёлета – 3,8.
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму падрабязна прааналізаваў іншыя накірункі развіцця дашкольнай адукацыі раёна: укамплектаванасць адпаведных устаноў кадрамі, павышэнне іх прафесійнага ўзроўню, задавальнне попыту сем’яў на адукацыйныя паслугі, у тым ліку і звыш базавага кампаненту, аказанне своечасовай карэкцыйна-педагагічнай дапамогі дзецям...
У сваёй прамове міністр адукацыі Сяргей Маскевіч адзначыў, што яму прыемна знаходзіцца ў тых раёнах Беларусі, дзе паспяхова рэалізавана Праграма развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі, паколькі ў цэлым па рэспубліцы завяршэнне яе адзначаецца шэрагам праблемных момантаў, у тым ліку ў Мінску і некаторых рэгіёнах. Асабліва гэта тычыцца дэфіцыту дзіцячых садкоў, які аб’ектыўна абумоўлены міграцыйнымі працэсамі. Міністр парэкамендаваў таксама пры распрацоўцы чарговай Праграмы развіцця дашкольнай адукацыі ў раёне на дзесяцігоддзе наперад бачыць дэмаграфічную перспектыву, улічваць агульную сацыяльную інфраструктуру і выпрацаваць тактыку і стратэгію яе рацыянальнага выкарыстання.
Міхась КАРПЕЧАНКА, “Зара над Друццю”

Поделиться: