Упярэдадзень Раства Хрыстова, якое праваслаўныя вернікі святкуюць 7 студзеня, у раённым мастацкім музеі імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі прайшлі “Калядныя сустрэчы з Ларысай Журавовіч” – членам Саюза мастакоў Беларусі.
Гэта мерапрыемства стала фінальнай часткай акцыі, якая адбылася тут жа, у мастацкім музеі, напрыканцы кастрычніка мінулага года, калі па ініцыятыве Ганаровага грамадзяніна Бялыніцкага раёна Раісы Лычкоўскай і старшыні райвыканкама Мікалая Кадаценкі адкрылася выстава-продаж работ вядомай у Беларусі бялыніцкай мастачкі. Тады кіраўнікі многіх арганізацый і прадпрыемстваў Бялыніччыны, некаторыя індывідуальныя прадпрымальнікі, а таксама прадстаўнікі банкаўскіх структур Беларусі зацікавіліся яе творчасцю і выказалі жаданне набыць карціны для раённага мастацкага музея – у падарунак усім бялынічанам.
Такім чынам, 6 студзеня была ўрачыста адкрыта выстава з 15 падораных музею твораў Ларысы Журавовіч, набытых райспажыўтаварыствам, СВК “Калгас “Радзіма”, ПМК № 241, ААТ ПМК № 83 Вадбуд”, “Бялыніцкі пратэінавы завод”, “ААБ Беларусбанк”, “Пріорбанк”, “Банк Масква-Мінск”, “Белвэббанк”, лясгасам, жылкамгасам, прадпрымальнікамі Вікторыяй Адамовіч, Сямёнам Собалем, Мікалаем Міхадзёнкам, Таццянай Зайцавай, Анатолем Каўковым.
Сімвалічна, што гэта мерапрыемства супала з Раством Хрыстовым, якое з’яўляецца адным з самых любімых святаў беларусаў.
–У кожнага чалавека яно выклікае шмат прыемных успамінаў і эмоцый, – сказала падчас адкрыцця “Калядныя сустрэчы з Ларысай Журавовіч” дырэктар раённага мастацкага музея імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі Надзея Палоннік. – Мы помнім сваё дзяцінства, калі чакалі і не маглі дачакацца Раства, якое заўсёды было багатым на нечаканыя падарункі. Гэта добрая традыцыя рабіць падарункі прадаўжаецца і ў наш час, аб чым яскрава сведчыць і сённяшняя імпрэза.
У час яе правядзення не толькі гучалі словы шчырай падзякі і ўдзячнасці на адрас калектываў, якія набылі для музея работы мастачкі Ларысы Журавовіч, але атмасферу ўтульнага, камфортнага сямейнага каляднага свята стваралі і цудоўная канцэртная праграма народнага аркестра народных інструментаў раённай Дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Таццяны Гарнастай, і захопленыя водгукі першых гледачоў выставы.
У сваім звароце да прысутных старшыня райвыканкама Мікалай Кадаценка выказаў вельмі важную думку, якая павінна стаць вызначальнай у дзеяннях бялынічанаў, нашых землякоў:
–Святая і пачэсная справа прапагандаваць сваё, творчасць і здабыткі землякоў, – сказаў Мікалай Міхайлавіч. – І гэтым павінны найперш займацца мы, бо ніхто тое лепей за нас не зробіць і не будзе рабіць. Падтрымаць сваіх ва ўсе часы лічылася і будзе лічыцца справай гонару.
Мікалай Кадаценка падзяліўся ўласнымі ўражаннямі і аб творчасці Ларысы Журавовіч, адзначыўшы ў яе карцінах выразны рэалізм, зварот аўтара да простых, незаўважных і звыклых, на першы погляд рэчаў, якія тым не менш упрыгожваюць наша жыццё, складаючы яго сутнасць, аснову, гісторыю чалавека працы.
Старшыня раённага спажывецкага таварыства Тамара Адамовіч, калектыў якога таксама набыў для музея карціну Ларысы Журавовіч, вельмі хораша сказала аб тым, як палотны мастачкі асабіста яе вяртаюць у дзяцінства, родныя мясціны, у бацькоўскую хату.
-Ларыса Віктараўна, – расказвае карэспандэнту “Зара над Друццю” Тамара Адамовіч, – валодае здольнасцю колерам, тонам, штрышком фарбы абуджаць памяць, далікатна ўздзейнічаць на душу і розум чалавека. Інтэр’ер рэстарана “Бялынічы” аздабляе адна з яе карцін. І асабіста я не адзін раз назірала, як экспрэсійны настрой твора адухоўлена адбіваецца на эмоцыях наведвальнікаў.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Фурсава адзначыла, што раённы выканаўчы камітэт, установы культуры праводзяць вялікую работу па захаванні і папулярызацыі творчасці землякоў. Напрыклад, колькі часу таму ў раённым мастацкім музеі была праведзена выстава жывапісных твораў нашага земляка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Віктара Альшэўскага “Калона славы”, прымеркаваная да яго 60-гадовага юбілею, у бібліятэках пастаянна арганізоўваюцца выставы кніг пісьменнікаў-землякоў, праводзяцца літаратурныя гадзіны і вечарыны, папулярызуецца іх творчасць... Праўленне СВК “Калгас “Радзіма”, якое ўзначальвае Аляксандр Лапацентаў, арганізоўвае міжнародныя пленэры “Вабічанскія ўзоры”, адкрыла музей гісторыі сельгаспрадпрыемства з карціннай галерэяй.
Перадаючы ў дарунак музею сваю карціну “Партрэт Надзеі Грынкевіч”, Ларыса Журавовіч абазначыла і адзін з найгалоўнейшых накірункаў уласнай творчасці: яна расказвае аб жыцці простых, сціплых людзей і найперш тых, непрыкметных жанчын і мужчын, па лёсе якіх вогненным колам прайшлася Вялікая Айчынная вайна і якія сваімі рукамі падымалі з руінаў родныя вёскі і ўсю Беларусь. Адраджалі краіну, каб яна стала квітнеючай і заможнай. Адной з такіх жанчын з’яўляецца і Надзея Грынкевіч, якую Ларыса Віктараўна адшукала сярод старажылаў вёскі Ількавічы.
“Калядныя сустрэчы з Ларысай Журавовіч” сведчаць, што сярод бялынічанаў, і не толькі іх, ёсць нямала аматараў жывапіснага мастацтва, якія не шкадуюць укладваць сродкі ў падтрымку і развіццё яго, у папулярызацыю творчасці сваіх землякоў. І гэтым самым яны ствараюць будучыню Беларусі – высокаінтэлектуальную, заможную духоўна і матэрыяльна.

Міхась КАРПЕЧАНКА, «Зара над Друццю»
Поделиться: