Учора, 9 лютага, прайшла Х сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання, актыўны ўдзел у рабоце якой прыняў старшыня райвыканкама Мікалай Кадаценка.
На сесію былі запрошаны намеснікі старшыні райвыканкама, начальнікі ўпраўленняў, службаў і аддзелаў раённага выканаўчага камітэта, старшыні сельсаветаў, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, старасты неселенных пунктаў і іншыя пасадавыя асобы.
Дэпутаты разгледзелі наступныя пытанні, унесеныя ў парадак дня сесіі: “Аб стане работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб і выкананні Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 года № 2 “Аб мерах па дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату”; “Аб унясенні дапаўненняў і змен у рашэнне Бялыніцкага раённага Савета дэпутатаў ад 31 ліпеня 2012 г. № 20-3”; “Аб унясенні дапаўненняў і змен у рашэнне Бялыніцкага раённага Савета дэпутатаў ад 26 лістапада 2012 г. № 23-3”, з дакладамі па якіх выступілі, адпаведна, кіраўнік справамі райвыканкама Святлана Вайтовіч, намеснік старшыні райвыканкама Алена Котасава і начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Сяргей Ільчук.
Святлана Вайтовіч адзначыла, што ў раёне створана сістэма работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, пастаянна праводзіцца праца па выяўленні праблемных пытанняў і прымаюцца своечасовыя меры па іх вырашэнні. Забяспечаны зручны для насельніцтва графік работы дзяржаўных органаў і арганізацый, іх структурных падраздзяленняў і пасадавых асоб. Арганізаваны папярэдні запіс на прыём да кіраўніцтва і папярэдняе кансультаванне, на рэгулярнай аснове праводзяцца выязныя прыёмы.
Кажучы аб выкананні адміністрацыйных працэдур, Святлана Альбертаўна прывяла наступную статыстыку: за мінулы год, напрыклад, аддзел ЗАГСу райвыканкама разледзеў 2120 заяў па 14 адміністрацыйных працэдурах, у землеўпарадкавальную службу і сельвыканкамы паступілі 1005 заяў ад фізічных і юрыдычных асоб наконт зямельных участкаў, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне выкананы 3369 адмпрацэдур, службай “Адно акно” БУКП “Жылкамгас” выдадзены 2188 дакументаў грамадзянам і 1458 юрыдычным асобам.
У спрэчках па дакладзе выступіў старшыня Лебядзянкаўскага сельсавета, дэпутат райсавета дэпутатаў па Свяцілавіцкай выбарчай акрузе № 28 Леанід Коршунаў, які расказаў аб уласных спосабах і метадах работы са зваротамі грамадзян. Напрыклад, па праблемах з тлустасцю малака, якое рэалізоўваюць дзяржаве ўладальнікі прыватных буронак, такія звароты разглядаюцца камісійна з прыцягненнем адпаведных спецыялістаў. У выпадку выяўлення гаспадыні, якая падлівае ў малачко ваду, гэты факт становіцца галосным і цягам дэкады яе падворак аб’язджае малаказборшчык.
Вопытам работы па ўзаемадзеянні з жыхарамі вёскі Вольніца па навядзенні і падтрыманні парадку ў месцах агульнага выкарыстання падзяліўся стараста гэтага населенага пункта Юрый Міхайлаў.
Старшыня райсавета дэпутатаў Аляксандр Асіпёнак заклікаў дэпутатаў “ісці ў народ, актыўна вырашаць праблемы насельніцтва яшчэ на стадыі іх нараджэння, праводзіць інфармацыйна-тлумачальную работу, узаемадзейнічаць са старастамі, сельвыканкамам, кіраўніцтвам арганізацый і самім насельніцтвам”. Дэпутат павінен ведаць кожнага свайго выбаршчыка ў твар, перакананы кіраўнік райсавета дэпутатаў.
-Работа са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, - звяртаецца да прысутных на сесіі старшыня райвыканкама Мікалай Кадаценка, - заўсёды актуальная. Мы павінны рабіць усё, што абавязаны, своечасова, працаваць на апярэджанне. Тады і не будуць нараджацца скаргі.
Улада чакае актыўнасці, у прыватнасці, па навядзенні і падтрыманні парадку, добраўпарадкаванні паселішчаў, і самога насельніцтва. Кожны дэпутат тут павінен дэманстраваць уласны прыклад. Па вялікім рахунку, мы наводзім парадак, упрыгожваем тэрыторыю свайго жыцця для саміх жа сябе, а не для некага. І ніхто гэту агульную працу замест нас не зробіць.
Кіраўнік раёна даў даручэнне ва ўсіх населеных пунктах з удзелам жыхароў іх на працягу месяца правесці суботнікі па навядзенні парадку і чысціні.
Па абмеркаваных пытаннях дэпутаты прынялі адпаведныя рашэнні.
Міхась КАРПЕЧАНКА, “Зара над Друццю”
Поделиться: