Механізатар ААТ “Бялынічы” Дзмітрый Кірыленка не толькі вопытны сейбіт, але і гаспадарлівы хлебароб. Як адзін з лепшых трактарыстаў таварыства ён задзейнічаны на сяўбе яравых культур. Вясенні дзень год корміць. Гэту простую сялянскую мудрасць Дзмітрый Васільевіч спасцігаў не па кнігах, а на ўласнай практыцы. Таму і стараецца, каб насенне легла ў падрыхтаваную калегамі глебу ў самы спрыяльны час. Тады і ўраджай будзе багаты.
З самае раніцы да позняга вечара Дзмітрый Кірыленка на трактары МТЗ 30-22 у агрэгаце з сеякай АКПМ-6 якасна, тэхналагічна вядзе сяўбу яравых культур. Пры гэтым даведзенае заданне пастаянна перавыконвае.
У Падзячным пісьме старшыні аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага адзначаецца, што дасягнутыя Дзмітрыем Кірыленкам вынікі – “узор прафесіяналізму, высокай самааддачы, свядомасці і дысцыпліны, творчых і адказных адносін да працы і даручанай справы”. Губернатар выказаў упэўненасць, што дасягненні Дзмітрыя Васільевіча паслужаць дастойным прыкладам для ўсіх удзельнікаў сёлетняй веснавой сяўбы і пажадаў лепшаму механізатару Бялыніччыны новых працоўных перамог на карысць роднай Магілёўшчыны.
Міхась КАРПЕЧАНКА, «Зара над Друццю»
Поделиться: