Усё менш застаецца тых, хто ў гады Вялікай Айчыннай вайны са зброяй у руках адстойваў гонар Радзімы, тых адважных людзей, якія ўяўляюць сабой прыклад гераізму, хто сваёй воляй, мужнасцю і доблесцю набліжаў Дзень Перамогі. Таму сёння, каб не перапыніць сувязь часоў, вельмі важна зберагчы для малодшага пакалення ўсё тое, што з’яўляецца сведчаннем адвагі, непахіснасці, выключнага патрыятызму продкаў.
Менавіта сімвалам мужнасці, вернасці Радзіме і адначасова пераемнасці пакаленняў з’яўляецца Сцяг Перамогі, на якім у рамках патрыятычнай акцыі з сугучнай назвай “Сцяг Перамогі”, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны кожнага рэгіёну Магілёўшчыны пакінулі свой асабісты подпіс.
Днямі сімвалічнае палатно было дастаўлена з г.п. Круглае на Бялыніччыну, дзе і завершылася эстафета яго перадачы.
Сваё імя на яскрава-чырвонай тканіне пакінулі 24 ветэраны вайны Прыдруцкага краю, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях.
Сімвалічна, што ветэран Вялікай Айчыннай вайны Віктар Аржаннікаў паставіў свой аўтограф на Сцягу Перамогі падчас нядаўняй цырымоніі ўрачыстых провадаў на тэрміновую службу ў Беларускую армію юнакоў Прыдруцкага краю.
Віктар Паўлавіч пажадаў прызыўнікам, каб сцяг-рэліквія стаў для іх напамінам аб подзвігах, мужнасці і самаадданасці савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Дарэчы, 26 будучых салдат сёлетняга веснавога прызыву адправяцца праходзіць тэрміновую ваенную службу ва ўнутраныя войскі МУС РБ, Дэпартамент транспартнага забеспячэння, органы пагранічнай службы і іншыя воінскія часткі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Лёгкай службы і хутчэйшага вяртання дамоў прызыўнікам пажадалі намеснік старшыні райвыканкама Надзея Серыкава, ваенны камісар раёна Аляксандр Кавалёў, Віктар Аржаннікаў, Рыма Плесканёва, маці прызыўніка Арцёма Плесканёва, які звярнуўся да прысутных са словам у адказ. У сваёй прамове юнак паабяцаў стаць вартай зменай папярэднім салдатам і захаваць вернасць баявым традыцыям старэйшага пакалення.
Вольга НАБОКАВА, “Зара над Друццю”
Фота аўтара.
На здымку: Для прызыўніка Сяргея Бабіча, як і для ветэрана Віктара Аржаннікава, Сцяг Перамогі, – сімвал непарыўнай сувязі, яднання пакаленняў, мужнасці і гераізму.

Поделиться: