Приемная: +375 (2232) 78-722
Факс: +375 (2232) 78-722
Электронная почта: belynrik@tut.by
Удзел у мерапрыемстве прынялі вучні сярэдніх школ і зацікаўленыя бялынічане. Яны прагледзелі дакументальны фільм “Усе яе сыны”, які расказвае аб пяці братах Цікуновых. Яны сталі афіцэрамі і служылі ў розных кутках Савецкага Саюза. Пасля кінапрагляду на пытанні вядучай сустрэчы Алены Грыбайлавай адказалі Васіль Цікуноў, бацька і сын Мікалай і Аляксей Цікуновы. Усе яны з’яўляюцца ветэранамі пагранічных войск. Палкоўнік у адстаўцы Васіль Цікуноў выконваў свой афіцэрскі абавязак у Туркменістане, удзельнічаў у баявых дзеяннях у Афганістане, Мікалай служыў на заходняй мяжы СССР, у Брэсце, а Аляксей – на розных пагранзаставах незалежнай Беларусі.
Госці падзяліліся з прысутнымі ўспамінамі пра вайсковыя будні і асаблівасці службы на дзяржаўнай мяжы, пагаварылі пра афіцэрскі абавязак і гонар, выхаванне сучаснай моладзі, пачуццё тугі па далёкай радзіме.
Не абышлося і без цікавых гісторый. Аляксей Цікуноў нёс службу на мяжы ў пачатку 1990-х гадоў, калі пасля распаду Савецкага Саюза толькі складвалася беларуская сістэма пагранічнай аховы. Гэтым спрабавалі скарыстацца нелегалы з розных краін былога СССР і далёкага замежжа. Аднойчы за шэсць дзён службы байцы пагранічнага атрада пад камандаваннем Аляксея Мікалаевіча затрымалі 78 парушальнікаў дзяржаўнай мяжы. У сваю чаргу яго бацька, Мікалай Васільевіч, успомніў кур’ёзны выпадак, як некалькі разоў затрымлівалі аднаго і таго ж парушальніка.
Сустрэча з прадстаўнікамі ваеннай дынастыі Цікуновых адбылася ў зале кінатэатра не толькі таму, што пяць братоў Цікуновых з’яўляюцца героямі дакументальнага фільма. Прадстаўнік наступнага пакалення, Аляксей Цікуноў, мае самае непасрэднае дачыненне да мастацкага кіно. Ён выступае у якасці кансультанта новых серый папулярнага айчыннага серыяла “Дзяржаўная мяжа”. Выбар кінаматаграфістаў выпаў на Аляксея Мікалаевіча не выпадкова. Палкоўнік у адстаўцы, ён мае вялікі досвед у ваеннай справе. Аляксей Цікуноў сабраў унікальную калекцыю ваеннай уніформы і рыштунку салдат розных армій XX стагоддзя. У яго калекцыі ўтрымліваюцца, напрыклад, рарытэтныя прадметы абмундзіравання салдат і афіцэраў часоў кайзераўскай Германіі, форма савецкага пагранічніка ўзору 1931 года, будзёнаўкі, у якіх салдаты ваявалі ў Грамадзянскай і Фінскай войнах, першы процігаз. Усяго – больш за дзве тысячы экспанатаў.Аляксей Цікуноў упэўнена распавядае пра памылкі кінаматаграфістаў і сцвярджае, што праўда ў кіно, як заўсёды, дзесьці побач.
Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі яе паглядзелі адну з серый кінафільма “Дзяржаўная мяжа”.
На здымку: 1. Вядучая сустрэчы Алена Грыбайлавя вядзе гутарку з прадстаўнікамі афіцэрскай дынастыі (злева направа) Васілём, Аляксеем і Мікалаем Цікуновымі; 2. Перад праглядам фільма.
Фота аўтара.
Андрэй СУПІТАЛЁЎ, «Зара над Друццю»