Светлым вясновым днём, у Троіцкую Бацькоўскую памінальную суботу, у аграгарадку Галоўчын адбылося перапахаванне парэшткаў, якія былі знойдзены падчас земляных работ пры будаўніцтве Свята-Троіцкай царквы. Паніхіду і чын пахавання парэшткаў праваслаўных хрысціян правялі Епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі, уладыка Сафроній і настаяцель царквы айцец Георгій. Удзел у мітынгу-рэквіем прынялі шматлікія жыхары і госці аграгарадка, службовыя асобы.
Нагадаем, што яшчэ ў сакавіку мінулага года Галоўчын наведаў навуковы супрацоўнік аддзела антрапалогіі і экалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Мікалай Памазанаў, які забраў у Мінск дзве вялікія скрыні з косцевымі парэшткамі,чэрапамі і фрагментамі шкілетаў для правядзення далейшага лабараторнага даследавання. Іх антрапалагічны агляд і аналіз паказаў, што на галоўчынскім кургане былі пахаваны людзі розных ўзроставых дыяпазонаў.
Нападставе праведзенага даследавання спецыялісты аддзела антрапалогіі і экалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі зрабілі выснову, што знойдзеныя падчас будаўніцтва Свята-Троіцкай царквы косцевыя парэшткі, верагодна, з’яўляюцца часткай пахаванняў старых сельскіх могілак. З-за адсутнасці археалагічных артэфактаў, якія маглі б маглі дакладна датаваць пахаванні, можна назваць толькі іх часовыя рамкі: XІV-XVІІI стагоддзі.
Парэшткі былі адданы зямлі згодна праваслаўнай традыцыі і пахаваны ў брацкай магіле з правага боку ад увахода ў галоўчынскую Свята-Троіцкую царкву. У галаве магілы пастаўлены старажытны каменны крыж, знойдзены ля падножжа кургана. Крыху воддаль у памяць аб гэтай падзее ўстаноўлены камень-валун з мемарыяльнай дошкай і крыжам.
Епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній таксама ўшанаваў малітвай памяць усіх воінаў, якія загінулі на палях бітваў на старажытнай і шматпакутнай Галоўчынскай зямлі ў час розных войнаў. У сваім звароце ён нагадаў прысутным і пра Бацькоўскую суботу, якаяз’яўляецца днём памінання памерлых родных, малення за іх, каб Гасподзь даў ім радасць ў Царстве нябесным. Бо для нябожчыкаў наша малітва – адзінае суцяшэнне і падтрымка.
Уладыка таксама павіншаваў пяцёра выпускнікоў Галоўчынскай СШ з заканчэннем школы і блаславіў іх на далейшы годны жыццёвы шлях. Выпускнікі атрымалі ў падарунак іконы.
Андрэй СУПІТАЛЁЎ, «Зара над Друццю»
Поделиться: