Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

31 июля

Беларускае прывітанне з Сібіры

У цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася сустрэча з сібірскімі беларусамі з далёкага Іркуцка. У госці да бялынічан завітаў стваральнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алег Рудакоў і кіраўнік клуба беларусаў Іркуцка “Крывічы” Воля Галанава. Яны распавялі шмат цікавых рэчаў пра дзейнасць нашых суайчыннікаў у Прыбайкаллі.
Алег Рудакоў, які з’яўляецца ўраджэнцам Полаччыны, трапіў у далёкі край у апошнія гады існавання СССР па размеркаванні пасля заканчэння Цюменскага ваеннага вучылішча.Пасля адной з паездак на радзіму, натхнёны праходзячымі там культурна-адраджэнцкімі працэсамі, пачаў гуртаваць вакол сябе беларускую суполку ў Іркуцкай вобласці. Аказалася, што ў краі існуе вялікая колькасць этнічных беларускіх вёсак, заснаваныхяшчэ напачатку ХХ стагоддзя “сталыпінскімі” перасяленцамі, жыхары якіх захавалі звычаі і традыцыі сваёй радзімы.
На І з’езд беларусаў Прыбайкалля, які прайшоў у маі 1996 года, сабраліся 30 чалавек. Зараз у Іркуцкім краі дзейнічаюць ужо тры суполкі, у якія ўваходзіць каля тысячы чалавек. Прычым не ўсе з іх – абавязкова беларусы. Да руху далучаюцца рускія, бураты, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, якіх аб’ядноўвае цікавасць да беларускай традыцыйнай культуры.
Воля Галанава даведалася пра тое, што яна з’яўляецца беларускай, толькі ў 17 гадоў. Яе продкі патрапілі ў Сібір у суровыя 1930-я гады, і сярод іх ужо было не вельмі прынята распавядаць пра сваё мінулае. Але пасля знаёмства з сябрамі беларускай суполкі нейкае ўнутранае пачуццё на ўзроўні генаў прывяло яе да беларускасці.Воля з ахвотай вывучыла родную мову, пачала спяваць (на дзіва прыгожа!) народныя песні, адраджаць беларускія абрады і вырабляць традыцыйныя жаночыя строі.
Алег Рудакоў і Воля Галанава, як і іх сябры, праводзяць вялікую культурна-асветніцкую работу па адраджэнні і падтрыманні традыцый нашых продкаў за тысячы кіламетраў ад Радзімы, на вялікіх прасторах Сібіры. Напрыклад, удзельнікі музычнага гурта “Крывічы” робяць этнаграфічныя экспедыцыі па этнічных беларускіх вёсках, збіраюць і выконваюць аўтэнтычныя спевы беларусаў, што захаваліся сярод тамтэйшых старажылаў. Некалькі такіх песень яны праспявалі дуэтам для ўдзельнікаў сустрэчы.
Нядаўна сябры суполакзладзілі ў Іркуцку беларускі “Кірмаш”. Нацыянальнае свята такога маштабу праводзілася там упершыню. На працягу сямі гадзін праходзіла культурная праграма, якая ўключала канцэрт з удзелам 14 беларускіх ансамбляў з некалькіх раёнаў вобласці, майстар-класы па народных танцах, саломапляценні, вырабах з гліны і іншых рамёствах, стравы беларускай кухні. Усіх мінакоў бясплатна частавалі дранікамі!
Дзякуючы дзейнасці нацыянальных суполак іркуцкія беларусы, якіх у вобласці, дарэчы, налічваецца каля 10 тысяч чалавек, пачалі ўсведамляць сваю адметнасць. Дый сярод іншага мясцовага насельніцтва разбураюцца стэрэатыпы пра нашу краіну і яе жыхароў.
–Калі продкі змаглі захаваць для нас культуру і традыцыі, то цяпер наша задача – зрабіць гэта для нашчадкаў, – адзначыў Алег Рудакоў, падводзячы вынік сустрэчы. – Маладыя людзі, якія нарадзіліся ў Сібіры ў другім ці трэцім пакаленні, далучаюцца да нашай суполкі, адчуваюць гонар за тое, што яны – беларусы.
А ў бялынічан, якія прыйшлі на сустрэчу з землякамі з далёкай Сібіры, засталіся толькі самыя цёплыя пачуцці і ўражанні.
Андрэй Супіталёў, “Зара над Друццю”
Поделиться: