Як сцвярджае народная мудрасць, няма лепшай у свеце кветкі, чым пышны колас, няма лепшага саду, чым пышнае поле, няма лепшага водару, чым пах свежаспечанага хлеба. Праўдзівасць гэтага выказвання пацвердзіць кожны, бо спакон веку наша жыццё звязана з сельскай гаспадаркай...
У пятніцу ў раённым Цэнтры культуры адбылося святкаванне Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. На пачатку ўрачыстай цырымоніі ўшанавання лепшых з лепшых аграрыяў Бялыніччыны быў прадэманстраваны фільм пра дасягненні прадпрыемстваў АПК раёна. Узгадваліся самыя яскравыя моманты і здабыткі 2015 года.
— Удасканаленню няма мяжы, — падкрэсліў, звяртаючыся да прысутных, старшыня райвыканкама Мікалай КАДАЦЕНКА. – Трэба ўпітваць усе перадавыя напрацоўкі, асвойваць сучасныя тэхналогіі, крочыць упоравень з часам. І ў нашых сельгаспрадпрыемствах усё для гэтага ёсць.
Поспехі раёна – заслуга нястомных аграрыяў. Менавіта яны забяспечваюць харчовую бяспеку краіны і даказваюць, што з маленькага хлебнага зярнятка пачынаецца моц і сіла дзяржавы.
Традыцыйна на свята завіталі ганаровыя госці – намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па аграрнай палітыцы Аляксандр АГЕЕЎ і намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ведамаснага кантролю Магілёўскага аблвыканкама Васіль АСТРАШАПКІН. Яны адзначылі, што ім заўсёды прыемна наведваць наш раён, бачыць працоўныя калектывы, якія імкнуцца да новых вяршынь.
Таксама ў глядзельнай зале прысутнічалі ветэраны сельскай гаспадаркі. Мікалай МЕДЗВЯДЗЁЎ, Мікалай ДЗЕРБЯНЁЎ (ветэраны СВК “Калгас “Радзіма”), Кацярына КУЛЯШОВА (ААТ “Новая Друць”), Аляксандр ЦЕЦЕРУКОЎ (ААТ “Райаграпрамтэхзабеспячэнне”), Марыя БАРЫСАВА (ААТ “Бялынічы”), Надзея МЯДЗВЕДЗЕВА (ААТ “Аграсервіс”) з’яўляюцца ганаровымі калгаснікамі. Гэтыя імёны ўвайшлі ў гісторыю нашага раёна, а іхняя самаадданая праца стала прыкладам для наступных пакаленняў і вартая павагі.
Для маладых спецыялістаў, што сёлета папоўнілі шэрагі працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, гэта першае святкаванне Дня работніка сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Ветэран СВК “Калгас “Радзіма” Мікалай Сцяпанавіч Дзербянёў, які ў свой час за прафесійныя дасягненні быў удастоены ордэна Знак Пашаны і медаля “За працоўную адзнаку”, уручыў маладым аграрыям каравай.
— Мы абяцаем, — урачыста зачытвалі клятву хлопцы і дзяўчаты, – быць вернымі зямлі, па-гаспадарску клапаціцца аб ёй, берагчы яе... Свята шанаваць працоўныя традыцыі старэйшых пакаленняў работнікаў сельскай гаспадаркі раёна.
Шмат добрых і цёплых слоў на адрас рупліўцаў хлебных палёў, сенажацяў, жывёлагадоўчых комплексаў Бялыніччыны было сказана са сцэны ў гэты святочны дзень. Кіраўнік раённага аб’яднання прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, Святлана ПАТАПЧЫК, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Станіслаў БУРКО пажадалі аграрыям усяго найлепшага, а начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына ФУРСАВА ўручыла жанчынам падарункі ад старшыні праўлення абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларусскі саюз жанчын” Раісы Фёдараўны Лычкоўскай.
Вольга ГОЛЬЦАВА, “Зара над Друццю”
Поделиться: