Белыничскийрайонный исполнительный комитет
213051, г. п. Белыничи, ул. Советская, 29

Приемная: +375 (2232) 78-722

Факс: +375 (2232) 78-722

Электронная почта: belynrik@tut.by

6 апреля

ЗАСЕЎКІ

…І кладуцца ў глебу блаславёныя зярняты
Учора хлебаробы СВК “Калгас “Радзіма” правялі старадаўні беларускі абрад “Засеўкі”, які даў старт масавым веснавым-палявым работам у гаспадарцы.
Як вядома, нашы продкі вялікае значэнне надавалі веснавой сяўбе, таму ў народным календары налічваецца значная колькасць абрадава-рытуальных дзеянняў, якія адпавядаюць той ці іншай стадыі аграрна-земляробчых працэсаў, звязаных з закладаннем падмурку будучаму ўраджаю. Пры гэтым звярталася ўвага нават на самыя нязначныя дробязі. Напрыклад, найбольш спрыяльнымі днямі для распачынання сяўбы лічыліся аўторак і субота. Ведаюць усе гэтыя асаблівасці і тонкасці, як і тое, што сама прырода садзейнічае чалавеку, калі ён ставіцца да яе і сваёй працы з вялікай павагай, і хлебаробы СВК “Калгас “Радзіма”. Таму абрад “Засеўкі” тут правялі пад звонкі спеў дружнага хору жаўрукоў у аўторак у цёплую і ціхую раніцу.
Абрад распачаў настаяцель Вішоўскай царквы ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла айцец Павел супольнай з хлебаробамі, спецыялістамі і кіраўніцтвам гаспадаркі малітвай-зваротам да нябесных заступнікаў Вішоўшчыны з просьбай спрыяць у іхняй руплівай працы дзеля багатага будучага ўраджаю. Затым святар блаславіў механізатараў, акрапіў святой вадою іх, насенне збожжа і ўсю тэхніку, якая будзе задзейнічана на правядзенні веснавых работ.
З пляцоўкі, дзе праходзілі “Засеўкі”, блаславёныя на выдатную працу механізатары дружна павялі акропленую святой вадой тэхніку у поле.
Як адзначыў у кароткім інтэрв’ю карэспандэнту раёнкі старшыня СВК “Калгас “Радзіма” Аляксандр ЛАПАЦЕНТАЎ, сёлетнія веснавыя палявыя работы разгорнуцца больш як на пяці тысячах гектараў, з якіх амаль паўтары тысячы адведзены пад вырошчванне зерневых і зернебабовых культур. Засеяць апошнія плануецца за 8 каляндарных дзён.
-Усё неабходнае для гэтага ў нас ёсць, - не скрывае аптымізму кіраўнік гаспадаркі. – Высокакваліфікаваныя механізатары, сучасная тэхніка і агрэгаты, патрэбныя запасы ГЗМ, угнаенняў, у тым ліку і мінеральных, высокакандыцыйнае насенне. Плануем, што 20 мая правядзем сваё традыцыйнае свята-маёўку, на якім падвядзем вынікі правядзення веснавых-палявых работ і зімоўкі жывёлы, адзначым лепшых работнікаў і спецыялістаў.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Поделиться: